Колькі чалавек загінулі на вайне ва Украіне. Разбіраем лічбы, якія агучвалі абодва бакі


Падчас звароту 21 верасня міністр абароны Расеі назваў сумнеўныя лічбы расейскіх стратаў у «спецыяльнай ваеннай аперацыі» – так у Крамлі называюць вайну ва Украіне. Тлумачым, што не так з гэтымі лікамі, і згадваем колькасць украінскіх стратаў.

Страты ва Украіне: што вядома на 21 верасня. Выява: Белсат. Эмодзі: openmoji.org, CC BY-SA 4.0

Колькі страціла Расея

Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу ў тэлезвароце 21 верасня заявіў, што Расея страціла ў вайне ва Украіне 5937 чалавек. Уладзімір Пуцін, які выступаў да яго, пра страты не казаў.

З 24 лютага Расея трэці раз назвала свае страты: 2 сакавіка казалі пра 498 забітых, 25 сакавіка – пра 1351 забітага расейскага вайскоўца. А ў пачатку лета нават заявілі, што Расея «практычна перастала несці страты». Пры гэтым мабілізаваць збіраюцца дадаткова 300 тысяч чалавек – у 50 разоў больш за прызнаныя страты.

Шайгу пры гэтым не сказаў, хто ўваходзіць у лік забітых: расейскія блогеры падазраюць, што ён казаў толькі пра страты Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі, але не пра страты Нацыянальнай гвардыі Расеі, Федэральнай службы бяспекі, «прыватных вайсковых кампаніяў», «добраахвотнікаў», сілаў «ДНР» і «ЛНР» і іншых людзей, якія ваююць ва Украіне на баку Расеі. Лічбы расейскіх стратаў, параўнальныя з названымі Шайгу, ва Украіне і Злучаных Штатах называлі яшчэ ў сярэдзіне сакавіка.

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны штодзень публікуе статыстыку стратаў Расеі ў вайне. Паводле ўкраінскага боку, на раніцу 21 верасня Расея страціла 55 110 чалавек, адных толькі танкаў і бронемашынаў – пад 7 тысяч. Ды ЗСУ не дае падрабязных тлумачэнняў таго, як падлічвае страты: не выключана, што ў гэтыя 55 тысяч залічваюць і цяжка параненых.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна.
Фота: Белсат

Злучаныя Штаты таксама ацэньваюць страты Расеі на парадак большымі за тое, што назваў Шайгу. Яшчэ ў жніўні Пэнтагон ацэньваў страты Расеі параненымі і забітымі на 70–80 тысяч чалавек.

Існуюць не толькі ацэнкі, а і дакладныя падлікі вядомых стратаў: шэраг медыяў адсочвае паведамленні расейскіх выданняў аб канкрэтных загінулых вайскоўцах і фота або відэа канкрэтных знішчаных адзінак тэхнікі. Брытанскае выданне Бі-Бі-Сі супольна з расейскай «Медиазоной» на 16 верасня налічыла 6476 паведамленняў пра смерць канкрэтных расейскіх вайскоўцаў з 24 лютага і свежыя пахаванні вайскоўцаў. Гэта ўжо больш, чым называў Шайгу, а журналісты адзначаюць: яны ведаюць хіба 40–60 % імёнаў вайскоўцаў, пахаваных з пачатку поўнамаштабнай вайны (і гаворка менавіта пра Узброеныя сілы і Нацгвардыю без уліку наймітаў і мабілізаваных з акупаваных тэрыторыяў).

Абноўлена
Пуцін абвясціў у Расеі частковую мабілізацыю
2022.09.21 10:16

Колькі страціла Украіна

Украіна таксама рэдка агучвае свае страты ў вайне – але ўсё ж часцей, чым Расея. Месяц таму, 22 жніўня галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны казаў, што на вайне загінулі «амаль 9 тысяч герояў». Але яшчэ 20 чэрвеня дарадца Офісу прэзідэнта Аляксей Арэстовіч распавёў, што Украіна страціла каля 10 тысяч вайскоўцаў забітымі, блізу 30 тысяч параненымі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 22 ліпеня заявіў, што на фронце штодня гіне каля 30 чалавек, а каля 250 чалавек штодня атрымліваюць раненні. Такім чынам, можна казаць, што Украіна страціла не менш за 10 тысяч вайскоўцаў забітымі – з улікам заяваў Арэстовіча ў чэрвені, Залужнага ў ліпені і папраўкай на штодзённыя страты.

Намеснік міністра ўнутраных справаў Украіны Яўген Енін 2 верасня расказаў, што ад абстрэлаў Расеі загінулі не менш за 6 тысяч мірных жыхароў, яшчэ 5,5 тысячы атрымалі раненні. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў налічыла з 24 лютага да 7 жніўня 5401 выпадак пацверджанай смерці мірных жыхароў Украіны ў выніку баявых дзеянняў. Але лічбы ўкраінскіх стратаў вельмі прыблізныя, бо Украіна не кантралюе часткі сваёй тэрыторыі, а ў вызваленых гарадах знаходзіць масавыя пахаванні са слядамі катаванняў (як у Бучы ў красавіку ці ў Ізюме ў верасні).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Харкаў, Украіна. 20 верасня 2022 года.
Фота: Sergei Chuzavkov / Zuma Press / Forum

Шайгу 21 верасня казаў, што Украіна страціла 61 207 вайскоўцаў забітымі і 49 368 вайскоўцаў параненымі. З аднаго боку, гэтыя лічбы параўнальныя з тымі стратамі Расеі, якія называе Украіна. З другога боку, як правіла, страты войска, якое наступае, звычайна ў разы большыя за страты войска, якое абараняецца (гэта прызнаюць і ў Расеі). Урэшце, Шайгу агучыў яшчэ адну лічбу, якая выклікае сумнеў: ва Украіне «палова арміі страчаная». Ён заявіў, што войска Украіны налічвае каля 200 тысяч чалавек (ЗСУ налічвала ў сваім складзе 250 тысяч да пачатку вайны). Пры гэтым армія, ад якой, паводле Шайгу, засталася толькі палова, стрымлівае наступ «другой арміі свету» і нават адваёўвае буйныя тэрыторыі.

На дадатак да стратаў у поўнамаштабнай вайне 2022 года трэба ўлічваць і страты вайны, што вялася з 2014 года. Напрыклад, у «Кнізе памяці загінулых за Украіну» на канец 2021 года налічвалася 4490 імёнаў. ААН налічыла з 2014 да пачатку 2021 года 13,1–13,3 тысячы загінулых у вайне на Данбасе, з якіх 3375 чалавек былі цывільнымі, і яшчэ 25,9–33,5 тысяч параненых, з якіх 7–9 тысяч былі цывільнымі.

Аналітыка
«Гібель масавая». Як расейскія зняволеныя «з задавальненнем» ідуць на вайну і чым гэта пагражае самой РФ?
2022.09.18 13:48

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў