Кірыл Міхайлаў: «Асноўная задача мабілізацыі – затыканне дзірак на фронце»


Каго можа закрануць частковая мабілізацыя і з якой мэтай яе абвясцілі цяпер? Выступ Уладзіміра Пуціна каментуе аналітык Кірыл Міхайлаў з «Conflict Intelligence Team».

Сотняў тысяч з узведзенымі «калашамі» пакуль чакаць не варта

«Я сумняюся, што словы аб мабілізацыі варта трактаваць як тое, што будзе адбывацца. Калі ён [Пуцін. – Заўв. рэдакцыі Belsat.eu] кажа, што ўдзельнічаюць толькі кантрактнікі, мы ведаем, што гэта не так. Калі ён кажа, што будзе частковая планамерная мабілізацыя, у нас няма ніякай падставы яму верыць. Цалкам імаверна, што могуць забіраць, зыходзячы з квотаў, а не ў адпаведнасці са спецыяльнасцю. Аднак хутчэй за ўсё бліжэйшым часам масава ставіць «пад зброю» не будуць, сотняў тысяч з узведзенымі «калашамі» пакуль чакаць не варта».

Структура навучання

«Як бачым, не ўдалося паўнавартасна падрыхтаваць добраахвотніцкія батальёны, пра якія ішла гаворка. А іх усяго 20–30 тысяч асабовага складу. Тэарэтычна можна мабілізаваць тых кантрактнікаў, якія не так даўно звольніліся, не жадаючы браць удзелу ў так званай спецыяльнай аперацыі. І накіраваць іх на навучанне мабілізаваных. Бо ў прынцыпе структура навучання разваленая, тэхніку з навучальных частак перадалі на фронт. Многія афіцэры і інструктары таксама апынуліся на фронце, або загінулі, або звольніліся. Але цяпер праблему са звальненнем можна развязаць дадатковай мабілізацыяй. Наколькі нам вядома, нават жаўнеры тэрміновай службы вясновага прызыву практычна не атрымліваюць ніякага навучання. Пытанне, ці можна правесці мабілізацыю, усё яшчэ стаіць. Хутчэй за ўсё, яна будзе больш павольнай і менш эфектыўнай, чым многім хацелася б з пракрамлёўскай боку».

Каментар
Іван Прэабражэнскі: «Выступ Пуціна – тэлеспектакль, каб схаваць паразу»
2022.09.21 15:22

«Для наступу трэба значна больш, чым нейкая колькасць целаў на тым ці іншым адцінку фронту. Для наступу патрэбная эфектыўная выведка, баявы дух, камандзіры, якія асвоілі аператыўнае майстэрства. Патрэбныя ўмелыя і эфектыўныя дзеянні ўсіх родаў войскаў. Усё гэта метадам мабілізацыі атрымаць немагчыма. Для гэтага трэба мяняць усю структуру расейскага войска. У тым выглядзе, у якім яна ёсць, яна паказала сябе няздольнай да маштабных наступаў. Прынамсі, без велізарных стратаў. З іншага боку, трэба павышаць давер да ўлады, падтрыманне народам вайны, а як мы разумеем, большая частка насельніцтва РФ не хоча мець з гэтай вайной нічога супольнага. Я сумняваюся, што мабілізацыя дасць нейкія наступальныя магчымасці. Абарончыя – так».

Асноўная задача мабілізацыі – гэта затыканне дзірак на фронце

«Пуцін казаў пра тысячакіламетровы фронт, і наступствы гэтага тысячакіламетровага фронту мы назіралі нядаўна ў Харкаўскай вобласці, калі аказалася недастаткова сілаў на тое, каб стрымаць украінскі наступ. Па ідэі, мабілізацыяй будуць спрабаваць дамагчыся ўмацаванне ў першую чаргу другарадных участкаў фронту. Каб там не адбывалася таго, што мы назіралі пад Харкавам. Ці адбывалася, але ў меншых маштабах. Я думаю, што асноўная задача мабілізацыі, калі яна будзе праводзіцца нармальна, у чым я сумняваюся, – гэта затыканне дзірак на фронце, якія ўтвараюцца з прычыны недахопу ў расейцаў асабовага складу».

Аналітыка
Ці абвесціць Расея мабілізацыю і да чаго гэта можа прывесці?
2022.09.20 08:00

Украіна мае падставы для аптымізму

«Можна пачынаць з нулявой хвалі мабілізацыі – жаўнераў тэрміновай службы, якія застаюцца на мяжы. Іх можна масава збіраць і адпраўляць на тэрыторыю Украіны. Тым больш калі тыя вобласці будуць анексаваныя. Тады з пункту гледжання Крамля гэтая негалосная забарона не выкарыстоўваць тэрміновую службу за межамі Расеі будзе знятая. Хоць юрыдычна яе не было нават да нядаўніх змянаў у заканадаўства.

Мы не ведаем, што прыйдзе ім у галаву. Яны могуць забіраць па квотах. Ёсць квота набраць тысячу чалавек, і яны набяруць тых, каго знойдуць, а не тых, каго павінныя. Мы не можам прадказаць, як будзе праходзіць мабілізацыя. Але калі будзе праходзіць так, як расейскае Міністэрства абароны арганізоўвае ўсё астатняе, то ва Украіны ёсць падставы для аптымізму».

Здымак вокладкі: Белсат

belsat.eu

Стужка навінаў