«Гаворка пра пушачнае мяса». Праваабаронца Сяргей Крывенка расказаў, чаму лепш ухіліцца ад прызыву


Пасля прызыву падчас «частковай мабілізацыі», абвешчанай у Расеі Пуціным, навабранцы могуць трапіць на фронт у любы момант і зрабіцца пушачным мясам. Бо ў Законе аб мабілізацыі не прапісаныя ніякія тэрміны. Пра гэта ў размове з журналістам «Белсату» казаў расейскі праваабаронца, кіраўнік грамадскага руху «Гражданин. Армия. Право» Сяргей Крывенка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Donat Sorokin / TASS / Forum

«Гаворка не пра навучанне вайскоўцаў для нейкіх баявых дзеянняў, а пра пушачнае мяса. Бо ніякіх заканадаўчых інструкцыяў, якія б вызначалі тэрміны падрыхтоўкі, не існуе. Напэўна, яны ёсць у Міністэрстве абароны. Але фармальна пасля прызыву гэтыя людзі ў любы момант могуць быць кінутыя на вайну», – кажа Сяргей Крывенка.

«Тэрміны мабілізацыі не зафіксаваныя»

Сяргей Крывенка сцвярджае, што раней, калі ў Расеі праходзіла актыўная вербаванне добраахвотнікаў на кантрактную службу, людзей адпраўлялі на вайну з Украінай літаральна праз некалькі тыдняў пасля падпісання кантракту.

Цяпер жа абвешчаная прымусовая мабілізацыя. І ўказ прэзідэнта, хоць і застаецца ў межах прававога поля, не акрэслівае ніякіх тэрмінаў і лічбаў.

«То бок мабілізацыя абвешчаная – і можна прызываць любую колькасць грамадзянаў, якія застаюцца ў запасе, і на любы час. Тэрміны мабілізацыі не зафіксаваныя», – заўважае праваабаронца.

Выклікае вялікае пытанне і тое, што ўказам бестэрмінова працягваюцца ўжо дзейныя кантракты. Гэта значыць тыя вайскоўцы, у якіх неўзабаве скончыцца кантрактная дамова, не змогуць звольніцца і будуць абавязаныя ваяваць. Скасоўваць кантракты цяпер можна толькі з прычыны стану здароўя, па выслузе гадоў ці з нагоды судзімасці.

За ўхіленне ад прызыву – 2 гады, а за невыкананне загаду – 12

Са словаў Сяргея Крывенкі, арганізацыя «Гражданин. Армия. Право», якая надае расейцам прававую дапамогу, атрымлівае з 20 верасня ў сотню разоў больш зваротаў, чым раней. Асноўныя пытанні: «Ці падлягаю я мабілізацыі? Каго будуць прызываць? Як пазбегчы мабілізацыі?» Гэтую паніку праваабаронца тлумачыць тым, што ў Законе аб мабілізацыі сапраўды шмат няпэўнасці.

«Закон аб мабілізацыі рамачны. Працэдуры, як будзе праходзіць мабілізацыя, выразна не прапісаныя. Як будзе працаваць прызыўная камісія, якія рашэнні яна будзе прымаць і як іх можна аспрэчыць – незразумела. Як будзе праходзіць медычны агляд – абсалютна незразумела. То бок сітуацыя вельмі неадназначная, і людзі хвалююцца», – гаворыць Сяргей Крывенка.

Ён мяркуе, што дзяржава падчас мабілізацыі можа сутыкнуцца з праблемай уручэння позваў. Бо абавязак з’явіцца ў ваенкамат настае толькі ў выпадку асабістага ўручэння позвы прызыўніку («Проста кінуць у паштовую скрыню – гэта не працуе»). Але, на погляд праваабаронцы, расейская дзяржава ўжо навучыліся развязваць такія праблемы. Таму, напэўна, можна чакаць мабілізацыйных рэйдаў на вуліцах гарадоў, адмысловых патрулёў, а таксама аблаваў па дамах і іншых месцах. 

Грамадзянам, якія не хочуць падлягаць мабілізацыі, давядзецца навучыцца ўхіляцца ад яе, кажа суразмоўца «Белсату».

«Вядома, кожнаму давядзецца выбіраць самому. Але максімальнае пакаранне за ўхіленне ад прызыву складае два гады пазбаўлення волі. А калі цябе прызавуць і кінуць на вайну – можна проста загінуць. А будзеш там супраціўляцца – за невыкананне загаду можна атрымаць 10 ці 12 гадоў», – заўважае Сяргей Крывенка.

«Хочацца верыць, што мабілізацыя будзе сарваная»

Ці будзе мабілізацыйная кампанія паспяховай і ці ўдасца набраць 300 тысяч рэзервістаў, пра якія казаў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу? Наш эксперт лічыць, што гэта галоўнае пытанне, але адказу на яго пакуль няма. 

Расейскі праваабаронца Сяргей Крывенка.
Фота: svoboda.org

Сяргей Крывенка згадвае папярэднюю кампанію для вербавання добраахвотнікаў на кантракты ў расейскае войска. Нягледзячы на задзеянне рэгіянальных уладаў і абяцанне аграмадных грошай, кампанія тая правалілася, бо набраць патрэбную колькасць людзей, каб кампенсаваць ваенныя страты, не ўдалося.

«Вельмі хочацца думаць, што гэтая мабілізацыя будзе сарваная. Бо паводле многіх паказнікаў яна вельмі непапулярная ў грамадстве. Яна выклікае паніку, што паказаў і сённяшні дзень, і мінулыя месяцы, калі цыркулявалі адно чуткі пра яе. Гэтая мабілізацыя ўрываецца проста ў жыццё і будзе закранаць кожнага расейца», – кажа Сяргей Крывенка.

Агучаныя лічбы загінулых – «непрыкрытая хлусня»

Эксперт лічыць, што лічбам загінулых расейскіх вайскоўцаў, агучаных 21 верасня Сяргеем Шайгу (той казаў пра 5937 загінулых), не варта верыць.

«Ну, вядома, гэта непрыкрытая хлусня. Бо толькі па прозвішчах мы ведаем, са звестак незалежных валанцёраў, пра больш чым 6 тысяч загінулых вайскоўцаў. Не добраахвотнікаў і не «дэнээраўцаў» – менавіта вайскоўцаў РФ. І гэта, пэўна, толькі вяршыня айсбергу», – гаворыць Сяргей Крывенка.

Калі ўлічваць не пахаваных і зніклых без звестак жаўнераў, то гэтая лічба будзе сягаць 20–30 тысяч. Калі дадаць цяжка параненых і тых, хто пасля раненняў выбыў са строю, то можна казаць пра 60–80 тысяч стратаў.

«А то і ўсіх 100 тысяч. І калі першапачатковая групоўка расейскіх войскаў, якая ўварвалася ва Украіну, складала 200 тысяч чалавек, то страты складуць траціну ці нават палову той колькасці. І гэта – шалёная лічба! Яе трэба было кампенсаваць. Таму гэтая мабілізацыя накіраваная толькі на папаўненне гэтых стратаў», – мяркуе Сяргей Крывенка.

21 верасня прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін выдаў указ аб частковай мабілізацыі. Ён назваў яе «неабходным неадкладным крокам для абароны суверэнітэту, бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці» Расеі. У сваім звароце з нагоды абвяшчэння мабілізацыі Пуцін прыгразіў выкарыстаннем ядравай зброі і паабяцаў прыкласці ўсе намаганні, каб правесці на захопленых украінскіх тэрыторыях рэферэндумы. У сваю чаргу міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што ў Расеі мабілізуюць на вайну 300 тысяч рэзервістаў.

Аналітыка
«Прыкмета правалу Расеі»: як адрэагаваў свет на «псеўдарэферэндумы» ва Украіне і мабілізацыю ў РФ
2022.09.21 21:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў