13 юрыдычных і практычных дэталяў частковай мабілізацыі ў Расеі


Частковая мабілізацыя, абвешчаная ў Расеі 21 верасня, даволі слаба апісаная з юрыдычнага гледзішча. «Белсат» разбірае, што вядома дакладна, што засталося на словах і што супярэчыць рэальнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскі прызыўнік атрымлівае вайсковы абутак.
Фота: mil.ru

Раніцай 21 верасня Уладзімір Пуцін абвясціў у Расейскай Федэрацыі частковую мабілізацыю на вайну ва Украіне, якую па-ранейшаму называе «спецыяльнай ваеннай аперацыяй». Чаму менавіта частковую, ён не тлумачыў, але гэтае слова падкрэсліў. Следам за ім выступаў міністр абароны Сяргей Шайгу, які раскрыў больш падрабязнасцяў мабілізацыі. Пасля выступаў Пуціна і Шайгу засталося нямала пытанняў.

Што такое мабілізацыя у Расеі апісвае федэральны закон «О мобилизационной подготовке и мобилизации». Але што такое частковая, ён не апісвае – толькі што яна можа быць агульнай ці частковай. Указ Пуціна «Об объявлении частичной мобилизации» таксама не дае шмат падрабязнасцяў. Галоўнае, што прапісалі ва ўказе:

1. Мабілізацыю абвяшчаюць ужо ад 21 верасня, у дзень падпісання ўказу. І ўжо ў гэты дзень у розных гарадах Расеі пачалі рассылаць павесткі, нават раздаваць іх на вакзалах і ля метро. Павесткі атрымліваюць у тым ліку некаторыя жанчыны.

2. Служыць прымусяць да канца вайны. Мабілізаваным будуць даваць статус кантрактнікаў і абяцаюць адпаведны заробак. Кантракты фактычна бестэрміновыя: «да сканчэння перыяду частковай мабілізацыі». Ці тычыцца гэта кантрактаў, якія былі заключаныя 21 верасня, ва ўказе не прапісана наўпрост, але адсутнасць агаворкі пра гэта можа трактавацца як «і старыя кантракты таксама нельга разарваць».

3. Звольніцца са службы па кантракце можна будзе толькі па ўзросце, па пазбаўленні волі пасля прысуду або па стане здароўя (ваенна-лекарская камісія мусіць даць статус непрыдатнага да службы).

4. Права на адтэрміноўку даюць пакуль толькі супрацоўнікам абаронна-прамысловага комплексу. Іншыя катэгорыі тых, хто зможа атрымаць такое права, мае яшчэ вызначыць урад.

Аналітыка
Як расейская мабілізацыя закране Беларусь? Юрыдычна – ніяк, але ёсць нюанс
2022.09.21 17:05

Шмат іншых дэталяў не прапісаныя ў законе і ўказе, але паабяцаныя ў вуснай форме чыноўнікамі рознага рангу. Казалі наступнае:

5. Мабілізацыя будзе тычыцца толькі грамадзянаў, якія ўжо стаяць у запасе, і перадусім тых, хто мае баявы досвед (гэта казаў Пуцін); студэнтаў прызываць не будуць, а вайскоўцаў тэрміновай службы не будуць пасылаць ваяваць (гэта казаў Шайгу). Але расейскія вайскоўцы тэрміновай службы ўжо ваююць ва Украіне.

6. Тых, каго мабілізуюць, не будуць адсылаць на фронт, а толькі на ўжо занятыя тэрыторыі (таксама Шайгу). Але гэта не гарантавана юрыдычна, а салдаты тэрміновай службы (або 18-гадовыя «кантрактнікі», якія заключылі кантракт адразу пасля прызыву) ужо не раз траплялі на лінію сутыкнення, у палон, нават гінулі. Ды і на акупаваных тэрыторыях, далёкіх ад фронту, неспакойна: Украіна перыядычна знішчае расейскія склады і камандныя пункты, а мясцовыя партызаны ладзяць дыверсіі і нават забіваюць калабарантаў.

7. Мабілізацыя закране каля 1,2 % «мабілізацыйнага рэсурсу», не будзе «шырокамаштабнага камбайну, каб усіх схапіць хутка» (пра гэта казаў Шайгу). Мабілізаваць збіраюцца 300 тысяч рэзервістаў, а «мабілізацыйны рэсурс» – 25 млн чалавек. Але пры гэтым павесткі раздаюць нават у грамадскіх месцах ужо ў першы ж дзень дзеяння ўказу.

8. Павесткі не будуць рассылаць праз партал «Госуслуги», сцвярджае Міністэрства лічбавага развіцця РФ. Але некаторыя расейцы ўжо публікуюць скрыншоты павестак, якія прыйшлі праз гэты партал. Такія павесткі яшчэ можна ігнараваць: пакуль законы абавязваюць даваць павестку пад распіску, хоць гэта збіраюцца змяніць.

9. Пакуль чалавек не атрымаў павестку, ён вольны выязджаць за мяжу, сказаў кіраўнік камітэту Дзяржаўнай думы па абароне. Але ён жа сказаў, што «не раіць» вайсковаабавязаным ехаць адпачываць за мяжу, і нават па Расеі «лепей» не ездзіць. Ды і зляцець будзе цяжка: цэны на авіяквіткі моцна падскочылі, шмат на якія напрамкі ўжо раскупленыя.

10. Мабілізаваным рэкамендуюць даць «крэдытныя канікулы», але банкі прынамсі пакуль не абавязаныя гэта рабіць. Згаданы кіраўнік камітэту Дзярждумы па абароне наогул сказаў, што мабілізаваныя будуць плаціць крэдыты з заробку кантрактніка. Раней расейскія і ўкраінскія медыі звярталі ўвагу на тое, што многія расейскія «добраахвотнікі» ішлі на вайну, каб сплаціць крэдыты, бо на вайне ім абяцалі заробкі, якіх большасць рэгіёнаў не бачыла. Але выплаты затрымліваюць або істотна заніжаюць. Паводле неафіцыйных звестак, павестка можа быць падставай для звальнення з працы.

11. Указ Пуціна мае засакрэчаны пункт № 7. Па словах Шайгу, пункт звязаны з колькасцю мабілізаваных, але агульную колькасць ён сам і назваў: 300 тысяч. Калі пункт сапраўды звязаны з колькасцю мабілізаваных, ён можа выстаўляць патрабаванні па аб’ёмах прызыву ў розных рэгіёнах. Мяркуючы па пацверджаных смерцях расейскіх вайскоўцаў, раней на вайну збіралі найбольш людзей з небагатых рэгіёнаў: Дагестану, Бураціі, Башкіртастану, Краснадарскага краю. Ды цяпер павесткі раздаюць нават у Маскве.

Аналітыка
Колькі чалавек загінулі на вайне ва Украіне. Разбіраем лічбы, якія агучвалі абодва бакі
2022.09.21 14:17

Ёсць яшчэ дзве рэчы, якія расейскія ўлады не каментавалі:

12. Мабілізацыя не дасць адчувальнага эфекту яшчэ некалькі месяцаў: вайскоўцаў трэба яшчэ рыхтаваць (а Шайгу абяцаў, што прызваныя будуць праходзіць ваенную падрыхтоўку ў абавязковым парадку). Тады як салдаты патрэбныя Расеі ўжо цяпер: баявыя дзеянні працягваюцца, нядаўна Расея была вымушаная адступіць з Харкаўскай вобласці Украіны, на акупаваных тэрыторыях ужо рыхтуюць «рэферэндумы», а Украіна можа адказаць на гэта новымі наступамі ўжо зараз.

13. Многім расейцам не спадабалася ідэя мабілізацыі, што бачна з каментароў нават пад пастамі дзяржаўных медыяў. Шмат людзей відавочна будзе спрабаваць ухіляцца ад адпраўкі на вайну. Але ў колькі адсоткаў «недапрызваных» гэта выльецца, невядома. Мінулы прызыў быў у Расеі з 1 красавіка па 15 ліпеня (яшчэ да ўкраінскага контрнаступу) – і тады, паводле ўскосных звестак, недабралі траціну.

Зняволены расейскі апазіцыйны лідар Аляксей Навальны спрагназаваў, што «па краіне будуць туды-сюды бегаць 5 мільёнаў тых, хто ўхіляецца, і за імі будзе бегаць мільён мянтоў». У Расеі яшчэ да 21 верасня дзейнічала шмат службаў, якія давалі юрыдычную дапамогу, каб пазбегнуць прызыву.

Інтэрв’ю
«Не – магілізацыі!» Расейская актывістка расказала, чаму грамадзяне РФ выйдуць сёння на пратэст
2022.09.21 17:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў