За адмову даць паказанні невядомай асобе берасцейца асудзілі на тры месяцы арышту


Дзмітрый Андрасюк адмовіўся даваць паказанні пра Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна, бо суддзя не паказала службовае пасведчанне.

Дзмітрый Андрасюк быў гатовы да арышту, таму прыйшоў з торбай неабходных рэчаў. Берасце, Беларусь. 21 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

У судзе Ленінскага раёну Берасця 21 верасня асудзілі мясцовага актывіста Дзмітрыя Андрасюка – за «Адмову ад дачы паказанняў» (арт. 402 КК РБ) суддзя Аляксандр Семянчук пакараў яго трыма месяцамі арышту, як і праіў пракурор, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Андрасюк падкрэсліваў на судзе, што даваў паказанні летась у лістападзе на допыце ў ГУБАЗіК, а таксама што яшчэ да суду высылаў запыт адносна службовага пасведчання суддзі, скарыстаўшыся нормай артыкулу 72 Кодэксу аб судаўладкаванні. Гэты артыкул на самой справе не абавязвае суддзю прадстаўляць пасведчанне, але дае права патрабаваць гэтае пасведчанне для пацверджання статусу і паўнамоцтваў суддзі.

Інфармацыю пра суддзю яму не далі, пра што ён у дзень першага судовага паседжання пакінуў запіс у кнізе заўвагаў Кастрычніцкага суду Магілёва. Калі яго прымусова даставілі на паседжанне Берасцейскага абласнога суду, ён зноў запатрабаваў пасведчанне «невядомай асобы, якая назвала сябе суддзёй», але патрабаванне тая асоба праігнаравала. Тады і ён стаў ігнараваць патрабаванне той асобы, што трактавалі як адмову ад давання паказанняў.

«Я не меў намеру адмаўляцца і не адмаўляўся ад дачы паказанняў, – перадае берасцейская «Вясна» словы Андрасюка. – Саша [Кабанаў] і Сяргей [Пятрухін] тут ні пры чым: так здарылася, што мой першы ўдзел у крымінальным працэсе супаў з іх крымінальнай справай.

Для мяне гэта прынцыповае пытанне. Я не абавязаны ні верыць, ні здагадвацца, ні разумець, ні фантазіяваць, хто перада мной стаіць — я хачу ведаць дакладна, хто да мяне звяртаецца. У любой сітуацыі. Фактычна, мяне падверглі крымінальнаму пераследу за рэалізацыю сваіх правоў».

Блогерам Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву ў красавіку прысудзілі па тры гады калоніі агульнага рэжыму і 1587 рублёў кампенсацыяў. Іх прызналі вінаватымі ў «падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», і ў «абразе прадстаўніка ўлады». Самі блогеры на судзе адсутнічалі. Суддзя палічыла, што прывозіць іх залішне, а дастаткова прадстаўнікоў іх абароны.

Суддзя Семянчук у 2019 годзе прысудзіў Сяргею Пятрухіну амаль 8 тысяч долараў штрафу за «абразу» і «паклёп» на міліцыянтаў.

АС belsat.eu

Стужка навінаў