«Важнае пасланне» ад Фазэля: абдымкі з Лукашэнкам былі «найвялікшай памылкай у кар’еры»


Неўзабаве кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакею (IIHF) пойдзе ў адстаўку пасля 27 гадоў на пасадзе. У інтэрв’ю з гэтай нагоды ён пагадзіўся з тым, што самай вялікай памылкай былі абдымкі з Аляксандрам Лукашэнкам.

Аляксандр Лукашэнка і Рэнэ Фазэль. Фота president.gov.by

У размове з Рэнэ Фазэлем журналіст швейцарскага выдання «Blick» спытаў: абдымкі з дыктатарам Лукашэнкам былі самай вялікай памылкай у кар’еры?

«Так, я лічу, я мушу гэта прызнаць. Гэта было добра задумана, але ў рэшце рэшт усё пайшло не так, як трэба».

Чэмпіянат свету ў хакеі меў прайсці ў 2021 годзе ў Менску і Рызе. Але шэраг палітыкаў раскрытыкавалі магчымасць правядзення першынства ў Беларусі з увагі на гвалт сілавікоў у дачыненні мірных грамадзянаў і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека. Адмовіліся фінансаваць спартовыя спаборніцтвы і буйныя кампаніі. Беларусь пазбавілі права правядзення чэмпіянату. Міжнародная федэрацыя хакею ўрэшце перанесла спаборніцтвы цалкам у Рыгу.

Публікацыя фота Фазэля з Лукашэнкам выклікала хвалю абурэння. На пытанне аб тым, ці быў Фазэль расчараваны гэтым, ён адказаў:

«Так. Я, напэўна, быў наіўны. Я лічыў, што магу зрабіць нешта добрае. Мне давялося схавацца на некалькі дзён. Дзярмовы шторм, даруйце, быў вельмі жорсткі».

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін пахваліў Фазэля за такія словы: маўляў, яго можна часткова прабачыць за адно гэтае прызнанне, бо прынамсі ў яго хапіла мужнасці сказаць гэта публічна.

«Гэта вельмі важнае пасланне ад Фазэля для тых, хто сёння працягвае абдымацца з дыктатарам, пра тое, што гэта таксама стане самай вялікай памылкай у іхным жыцці, – піша Апейкін. – Вось толькі ў адрозненне ад Фазэля яны гэтага яшчэ не зразумелі. Ну ці не маюць мужнасці прызнацца».

Фазэля заменяць беларусам?

Кіраўнік зменіцца і ў Міжнароднай федэрацыі, і ў Беларускай федэрацыі хакею (ФХРБ). Выбары пройдуць у адзін дзень. Не выключана, што абедзве пасады зоймуць беларусы.

Па-за гульнёй
Чым запомніцца Баскаў у якасці кіраўніка беларускага хакею?
2021.09.21 10:52

8 верасня дысцыплінарная Камісія IIHF пазбавіла кіраўніка ФХРБ Дзмітрыя Баскава (з якім Фазэль таксама абдымаўся) займацца любой дзейнасцю пад эгідай міжнароднай федэрацыі хакею, як на нацыянальным узроўні, так і міжнародным на працягу бліжэйшых пяці гадоў. Выбары новага кіраўніка ФХРБ маюць прайсці ў той жа дзень, калі будуць выбіраць замену Фазэлю: 25 верасня.

Сяргей Ганчароў, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі хакею (ФХРБ). 19 траўня 2016 года.
Фота: Andre Ringuette/HHOF-IIHF Images

Аўтарытэтнае хакейнае выданне «The Hockey News» прапанавала годнага кандыдата на пасаду кіраўніка Міжнароднай федэрацыі: беларуса Сяргея Ганчарова, намесніка Баскава ў ФХРБ. «Еўрарадыё» адзначае, што пасля жніўня-2020 «Ганчароў ніяк не выказваўся, у тым ліку не падпісваў лісты спартоўцаў: ні праўладны, ні супраць гвалту».

Аналітыка
Хто зойме месца Дзмітрыя Баскава на пасадзе кіраўніка беларускага хакею?
2021.09.11 12:42

АА belsat.eu

Стужка навінаў