У Расеі падлічылі 100 % галасоў на выбарах. Апазіцыя прайграла ў электронным галасаванні


Партыя ўлады «Единая Россия» дакладна набірае больш мандатаў, чым трэба для канстытуцыйнай бальшыні. У апазіцыі вялікія пытанні да электроннага галасавання, якое «пераварочвала» вынікі.

Розніца ў выніках «папяровага» і электроннага галасавання на выбарах у Маскве. 19 верасня 2021 года. Выява: Alexey Raksha / Facebook
Цэнтральная выбарчая камісія Расеі раніцай 21 верасня апублікавала вынікі аналізу 100 % пратаколаў галасавання на парламенцкіх выбарах, што завяршыліся 19 верасня.

Паводле гэтых вынікаў, партыя ўлады «Единая Россия» мае без малага палову галасоў у партыйных спісах – 49,82 %. Следам ідуць Камуністычная партыя (18,93 %), Ліберальна-дэмакратычная (7,55 %), «Справедливая Россия» (7,46 %) і партыя «Новые люди» (5,32 %). Іншыя не пераадолелі пяціадсоткавы бар’ер.

Разам з галасаваннем паводле партыйных спісаў выбіралі і дэпутатаў паводле аднамандатных акругаў (у Беларусі выкарыстоўваюць толькі такі шлях выбараў у Палату прадстаўнікоў). Такім шляхам «Единая Россия» атрымала 198 з 225 (88 %) магчымых мантадаў у Дзяржаўную думу.

Галасаванне ішло як традыцыйным «папяровым» шляхам, так і электронным. У «папяровым» незалежныя назіральнікі выявілі тысячы парушэнняў, у тым ліку «ўкідаў» бюлетэняў проста пад камерамі назірання.

Пры тым вынікі электроннага галасавання радыкальна адрозніваліся ад «папяровага» і дзесьці «перавярнулі» агульны вынік: дзе праз «папяровае» перамагаў апазіцыянер, з электронным перамога дасталася «адзінаросу». Падрабязныя табліцы па Маскве прывяла «Медуза»: розніца між «папяровым» і электронным галасаваннем дасягае 16 адсоткавых пунктаў за асноўных кандыдатаў.

КПРФ не прызнала вынікаў электроннага галасавання, запатрабавала расследавання, правяла невялікі пратэст у Маскве.

Партыі, што прайшлі ў Думу, у Расеі называюць «сістэмнай апазіцыяй» – дэпутаты рэдка процістаяць рашэнням «Единой России».

На выбары не дапусцілі шэраг апазіцыйных кандыдатаў. Самы папулярны апазіцыянер Расеі Аляксей Навальны кінуты за краты са студзеня – па вяртанні на радзіму пасля лекавання ад баявога атрутнага рэчыва. Ягоныя структуры прызналі «экстрэмісцкімі», звязаных з ім палітыкаў не пусцілі ў кандыдаты.

Аб’ектыў
У Расіі выбралі «новую» Думу
2021.09.20 23:33

Аднак прыхільнікі Навальнага прыдумалі, як процістаяць «Единой России» – заклікалі галасаваць за тых, хто можа перамагчы «адзінаросаў», нават калі тыя не з’яўляюцца рэальнай апазіцыяй. Гэта назвалі «разумным галасаваннем».

У «разумным галасаванні» шмат заклікалі галасаваць за камуністаў, абы галасы не дасталіся «адзінаросам». Рунэт адказаў на гэта хваляй жартаў: нямала людзей не падтрымліваюць камуністаў, але згодныя за іх галасаваць, бо «адзінаросаў» не любяць яшчэ больш.

Hавiны
Блакаванні і фальсіфікацыі. Чым запомніліся выбары ў Расеі
2021.09.20 19:21

АА belsat.eu

Стужка навінаў