Палітвязня Артура Хацько асудзілі на два гады калоніі за рэпосты заклікаў блакаваць дарогі


«Менсктранс» ацаніў шкоду ад блакавання дарог у 237 099 рублёў 99 капеек. Абвінавачаны прызнаў віну ў тым, што рэпосціў заклікі да пратэстаў і блакавання руху транспарту.

Палітвязень Артур Хацько.
Фота: Артур Хатько / VK

Суддзя Анжэла Касцюкевіч з суду Завадскога раёну Менску 21 верасня асудзіла 32-гадовага менчука Артура Хацько на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за «Арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ), піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паводле следства, Хацько неаднаразова ад 31 жніўня да 31 кастрычніка 2020 года размяшчаў у чатах «Водители 97» і «Военный городок Уручье» прапановы блакаваць руху транспарту і «арганізоўваць масавыя мерапрыемствы».

Падсудны паведаміў, што не ствараў допісы, а толькі рабіў рэпосты, але прызнаў віну ў поўным аб’ёме і прасіў прабачэння ў тых, каму нашкодзіў. Ён таксама прызнаў, што выкладваў інфармацыю пра тое, дзе бачыў праваахоўнікаў.

У Хацько канфіскавалі на карысць дзяржавы тэлефон як «сродак здзяйснення злачынства», арыштавалі машыну да пагашэння пазову «Менсктрансу» ў 237 099 рублёў і 99 капеек.

Жонка і маці Хацько плакалі пасля абвяшчэння прысуду, піша «Вясна»: яны нават не думалі, што яму могуць запрасіць пазбаўленне волі, разлічвалі на «хімію».

Хацько затрымалі 10 чэрвеня 2020 года. Падчас ператрусу ў яго дома знайшлі страйкбольную зброю і гранату. Адносна гранаты ён растлумачыў, што знайшоў яе ў ваенным гарадку і «пакінуў сабе для антуражу», бо займаецца страйкболам.

АА belsat.eu

 

 

Стужка навінаў