Менскі рэжым адкрывае новыя шляхі нелегальнай міграцыі, кажа міністарка ўнутраных справаў Літвы


Беларускі рэжым па-ранейшаму спрабуе ціснуць на Літву і іншыя краіны Еўразвязу праз міграцыйны крызіс і адкрывае новыя шляхі для нелегальнай міграцыі, заявіла міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце.

Агне Білатайце.
Фота: Facebook / Agnė Bilotaitė

«Сёння мы бачым, што Беларусь вельмі інтэнсіўна шукае новыя шляхі: перш за ўсё, спрабуюць скарыстацца сітуацыяй у Афганістане, а таксама, паводле нашых звестак, ужо ёсць новы бязвізавы парадак для адпаведных краінаў: Пакістану, Ірану, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Егіпту», – перадае «Delfi» заяву Агне Білатайце ў Сейме 21 верасня.

Міністарка адзначыла таксама, што ёсць рашэнні, якія дазваляюць прылятаць паводле «бязвізу» не толькі ў Менск, але і ў рэгіянальныя аэрапорты.

Вільня вінаваціць улады Беларусі ў гібрытнай агрэсіі праз арганізацыю плыні нелегальнай міграцыі. Прэзідэнтка Еўракамісіі заклікала Еўрапарламент так і называць сітуацыю на межах з Беларуссю: гібрыднай атакай беларускіх уладаў дзеля дэстабілізацыі Еўропы.

Hавiны
«Foreign Policy»: Расея разам з Беларуссю выкарыстоўвае мігрантаў як зброю
2021.09.21 10:46

У Літве з пачатку 2021 года злавілі звыш 4100 мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі, якія незаконна перайшлі мяжу з беларускага боку. Мігрантаў з гэтых краінаў на беларускай мяжы затрымліваюць таксама памежнікі Польшчы і Латвіі.

Сярод мігрантаў ужо ёсць ахвяры. Некалькі чалавек памерлі ад пераахалоджвання, аднак польскія следчыя правяраюць і версію аб атручванні медыаментамі, якія мігрантам давалі беларускія памежнікі.

Hавiны
Памерлы на беларуска-польскай мяжы ўжываў лекі ад беларускіх памежнікаў
2021.09.21 13:33

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў