КДБ прыйшоў з ператрусам да незалежнага прафсаюзу на «Нафтане»


У Наваполацку раніцай 21 верасня пачаўся ператрус у кватэры старшыні першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу на ААТ «Нафтан» Вольгі Брыцікавай, піша «Рабочы рух». Ператрус ладзяць супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі, прычыны невядомыя. Па абедзе стала вядома і пра ператрус на офісе прафсаюзу.

Вольга Брыцікава.
Фота: «Вестник Нафтана»

17 верасня ў Наваполацку быў затрыманы старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазнякоў. Яго вызвалілі ў той жа дзень пасля складання пратаколу за «экстрэмісцкія матэрыялы» (арт. 19.11 КаАП РБ). 3 верасня затрымлівалі яшчэ аднаго прафсаюзнага лідара «Нафтану» Вадзіма Міхайлава – склалі пратакол за налепку з Пагоняй на машыне.

Вольга Брыцікава адпрацавала на прадпрыемстве 16 гадоў. У мінулым снежні яе звольнілі з пасады начальніцы аддзелу рэалізацыі нафтапрадуктаў. Сваё звальненне жанчына звязвала з актыўным удзелам у падрыхтоўцы страйку.

Летась 17 жніўня, у часе актыўных масавых выступленняў рабочых на шэрагу заводаў, яна агучыла патрабаванні калектыву «Нафтану» на сустрэчы работнікаў з тагачасным кіраўніком Камітэту дзяржкантролю Іванам Церцелем. Працаўнікі прадпрыемства патрабавалі расследаваць факты гвалту над пратэстоўцаў і прызначыць новыя выбары прэзідэнта.

АА belsat.eu

Стужка навінаў