«Каб ведаў, што нас шмат!» Мама палітвязня Іллі Лабацэвіча – пра бунтоўны Наваполацк, непрытомнасць на судзе і шклоўскую «зону»


Наталля Лабацэвіч чытае ліст ад сына Іллі Лабацэвіча. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«І вось яны рэзка павыскоквалі з гумовымі палкамі – і проста ляцяць на нас. Гэта было вельмі страшна! Мы ўсе знерухомелі, як прыкутыя, хтосьці рвануў бегчы. І яны выхапілі хлопца і пачалі яго біць дубінкамі. Проста перад намі…» – расказвае новапалачанка Наталля Лабацэвіч. Так супала, што нашая размова адбылася роўна праз год пасля той сутыкі ў Наваполацку – 13 верасня. Сын Наталлі Ілля Лабацэвіч заступіўся за хлопца, якога збівалі амапаўцы, а потым – за маці. Адбіваўся сцягам Наваполацку – і адбіў. Але наступным ранкам па яго прыйшлі… Палітвязень Ілля Лабацэвіч адбывае зараз паўтарагадовы тэрмін у шклоўскай калоніі.

«Іллі дасталася тады. І па твары, і па спіне. Калі прыехалі дамоў, пачалі прыкладаць усякія прымочкі. Ён усю ноч не спаў, яму балела. Позна ўвечары, 13-га, мы пабачылі, што да нас заходзілі ў «Аднакласніках». Хутка нас вылічылі. І я схібіла, вядома, што не вывезла адразу Іллюшу з дому, але што цяпер… Яму было кепска, нудзіла. Думаю, лёгкае страсенне было ўсё-такі», – узгадвае падзеі таго дня Наталля Лабацэвіч.

«І мэр да нас выходзіў – і ён баяўся…»

Калі жанчына распавядае пра наваполацкія пратэсты пасля выбараў, голас яе робіцца цёплым і натхнёным. Яна не зломленая, і вера яе не падарваная. Нягледзячы ні на што.

«Я з 14 жніўня пачала выходзіць на жаночыя маршы. А 16-га ў нас грандыёзнае шэсце было, шмат людзей на плошчы, вы не ўяўляеце! Я пераглядаю кадры, і нас столькі было многа! І мэр да нас выходзіў – і ён баяўся… Байкеры на матацыклах са сцягамі. У Наваполацку, для нашага маленькага гораду, гэта было фантастычнае шэсце. Такая сіла духу была, такі гонар быў за нашых людзей – не перадаць. Але гэта было 16 жніўня», – успамінае.

Потым выходзілі штонядзелю, ужо з сынам. Яшчэ да 13 верасня Наталлю некалькі разоў судзілі паводле арт. 23.34 КаАП: раз папярэдзілі, другі – аштрафавалі. Складалі пратакол і на Іллю (папярэджанне). Маці палітвязня ўпэўненая, што падзеі 13 верасня былі правакацыяй і інсцэнізацыяй для БТ, у сюжэт якога трапілі кадры з ёй і сынам.

Наталля Лабацэвіч зрабіла сумку з фатаграфіяй свайго сына Іллі. Яна жартуе, што цяпер заўсёды бярэ яго з сабой, куды б ні пайшла. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Пішы чыстасардэчнае прызнанне – і цябе адпусцяць»

«Хтосьці з калоны здымаў, буйным планам, каб паказаць потым, што мы такія вось неўраўнаважаныя, мы там на АМАП нападаем, мы там ледзь не разгойдваем іхны мікрааўтобус. Хаця ўсё было зусім не так», – кажа спадарыня Наталля.

А потым – паездкі ў віцебскі СІЗА з перадачамі для сына, хаджэнні ў СК да следчага Плігаўкі, бо мела статус сведкі, і – чаканне суда.

«Яны ўмеюць псіхалагічна людзей апрацоўваць. Іллю казалі: «Ды ты што, пішы чыстасардэчнае прызнанне – цябе на судзе і выпусцяць, у нас было ўжо па 364-й, вунь, мужчына даішніку нагой усадзіў – і яму нічога: пасядзеў у СІЗА і выпусцілі». Іллю давялося прызнацца: на кадрах усё было бачна…» – расказвае маці палітвязня.

Але сталася зусім не так, як казалі следчыя. На судзе пракурор запатрабаваў для Іллі 6 гадоў калоніі. «Малады такі пракурор, Дашкевіч, зараз часта ў горадзе сустракаю, у вочы мне не глядзіць, адводзіць позірк». На абвяшчэнне прысуду, са словаў маці, запрасілі тэлебачанне. Для карцінкі, каб зняць прызнанне і пакаянне. Але – не атрымалася.

На фатаграфіі — Ілля Лабацэвіч, жыхар Наваполацка, асуджаны па артыкуле аб гвалтоўных дзеяннях у адносінах да супрацоўніка міліцыі. 14 верасня 2020 года, калі Ілля гуляў з маці па горадзе, побач з імі амапаўцы пачалі збіваць чалавека. Яны вырашылі заступіцца за хлопца, але ў выніку іх таксама пачалі збіваць. Ілля стаў бараніць ад удараў маці, за што атрымаў сур’ёзны ўдар па галаве дубінкай. Пасля яго затрымалі, а восенню 2020 года прысудзілі паўтары гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Пачуў прысуд – і знепрытомнеў

«Калі Ілля пачуў, колькі для яго просіць пракурор і колькі дае суддзя – пры тым, што яму ўводзілі ў вушы, што выпусцяць у зале суда, – ён знепрытомнеў. Так, проста ў гэтай клетцы ў судзе. Не ведаю, як я гэта перажыла, але… У мяне на той момант было столькі злосці! Я так крычала ў судзе! Я так шчыра зычыла ім, каб перажылі тое, што перажывала я. І зычыла, каб іх дзеці зазналі тое самае, што мой сын. Столькі злосці за гэтую несправядлівасць і гэты боль, за тое, што калечаць нашых дзяцей і потым даюць такія тэрміны. Гэта жудасна!» – расказвае Наталля.

У суд выклікалі хуткую. Калі Ілля апрытомнеў, сказаў: «Я туды не паеду, я не хачу, я з сабой што-небудзь зраблю…»

«Ён у такім шоку быў. Вельмі моцны эмацыйны стрэс. Вельмі моцны!..» – кажа маці.

Прысуд 27 лістапада ў судзе Наваполацкага раёну агучваў суддзя Віталь Лапко: паўтара года калоніі агульнага рэжыму. Іллю Лабацэвіча прызналі вінаватым паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту над супрацоўнікам органаў унутраных справаў»). Апроч таго, Ілля мусіў заплаціць 1000 рублёў кампенсацыі «пацярпеламу» маёру Ковалю за тое, што нібыта «нанёс яму ўдар у шчыкалатку».

Пасля віцебскага СІЗА-2 Іллю этапавалі ў шклоўскую калонію № 17, дзе і адбывае пакаранне.

Даведка
Палітвязень Ілля Лабацэвіч з маці Наталляй. Фота з сямейнага архіву

Са Шклова – ні лістоў, ні званкоў

Фізічнае здароўе сына і яго эмацыйны стан – галоўныя клопаты маці. Бо змагалася за сына з самага дзяцінства. У два гады Ілля перахварэў на вельмі цяжкую форму грыпу, і гэта далося ў знакі: пазней яму паставілі дыягназ «слабая разумовая адсталасць». Наведваў спецшколу ў Полацку, бо ў Наваполацку такой не было. Каб штодзень адвозіць сына ў школу, маці была вымушаная звольніцца з працы (рабіла тады на наваполацкім «Вымяральніку»).

«Ён такім дамашнім рос. Вучыўся вельмі добра, на чацьвёркі-пяцёркі, ніякіх канфліктаў з Іллём у настаўнікаў ніколі не было. Ён спакойны, ураўнаважаны, але троху сам у сабе. Як вам сказаць, у яго пэўнае кола сяброў, кантактуе шмат з кім, але блізка падпускае толькі пэўных людзей, каго лічыць патрэбным», – расказвае мама.

Выпрабаванні турмой і зонай для такіх людзей – удвая цяжэйшыя. Нялёгка сабе ўявіць, што перажывала маці, калі пасля этапавання сына ў Шклоў яна раптам згубіла з ім усякую сувязь: ні лістоў, ні званкоў – цішыня. Толькі праз сваякоў іншых шклоўскіх вязняў змагла даведацца, што Ілля – у санчастцы, з тромбам у назе. Паехала ў калонію сама.

Наталля Лабацэвіч, маці палітвязня Іллі Лабацэвіча. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Вы не папраўчая калонія! Вы людзей тут калечыце!»

«Я, калі прыехала, пытанняў не задавала – чакала, што яны мне скажуць. Мне нічога не сказалі! Я кажу, як гэта, у мяне ёсць інфармацыя! Тады толькі намеснік начальніка калоніі патэлефанаваў лекарцы, яна пацвердзіла і прыйшла на сустрэчу са мной. Сказала, што ў Іллі тромбафлебіт, што, хутчэй за ўсё, Ілля перанёс COVID-19, магчыма, яшчэ ў СІЗА перахварэў на яго, бо вельмі хутка гэта з нагой здарылася. Пра лекара нічога не скажу – яна своечасова ўсё зрабіла. Бо тромбафлебіт – гэта трэцяя, паводле статыстыкі, хвароба, якая прыводзіць да смерці. Дзякуй богу, што сына тэрмінова адвезлі ў шклоўскую лякарню, зрабілі УГД (ультрагукавое даследаванне) і знайшлі гэты тромб», – расказвае Наталля.

«А перад начальствам і ідэолагамі я ўжо не стрымалася. Кажу: «Божа мой! Як вы маглі не паведаміць маці, што ў сына такая праблема са здароўем. Як?! Вы ж не папраўчая калонія, вы, кажу, калечыце тут людзей, а не выпраўляеце!» – дадае жанчына.

Маці палітвязня кажа, што праз выпадак з тромбафлебітам сына вызвалілі ад працы і перавялі ў атрад, дзе адбываюць пакаранне асуджаныя пенсіянеры і людзі з інваліднасцю. «Там крыху лягчэй», – кажа.

На фатаграфіі — Ілля Лабацэвіч, жыхар Наваполацка, асуджаны па артыкуле аб гвалтоўных дзеяннях у адносінах да супрацоўніка міліцыі. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Троху лаяўся, троху бірка была не так прышытая»

Там жа, у калоніі, Наталля высветліла, за якія парушэнні сына пазбавілі адразу пасля каранціну перадачаў, пасылак і спатканняў.

«Я вам зараз скажу, за якія. Запыталася ў іх. Ведаеце, што мне адказалі? Аж за тры парушэнні: «Троху нецэнзурна лаяўся, троху бірка была не так прышытая і – спазніўся на пастраенне». Вось за гэтае. Я кажу ім: «Што ў вас тут адбываецца наагул? Ці ёсць у вас хоць троху якой чалавечнасці?» Мне было ўжо ўсё адно! Выказала ўсё, што ляжыць на матчыным сэрцы. Маўчалі ў адказ», – кажа Наталля.

Паведамляе, што спагнанне ўжо знялі, перадачы і пасылкі можа атрымліваць. Але «атаварка» па-ранейшаму дазволеная толькі на 2 базавыя, а не на ўсе 6. У сувязі з чым, маці пакуль не ведае.

22 ліпеня ў Наталлі адбылося першае кароткатэрміновае спатканне з сынам у калоніі (да гэтага былі два ў СІЗА – пасля суду і апеляцыі).

Засталося 4 месяцы

«Пахудзеў. І весялосці няма. Такое ўражанне, што ў дэпрэсіі ён дагэтуль. Як вам сказаць, неяк зняверыўся крыху… што ўсё гэта скончыцца наагул. Ёсць такое… – дзеліцца перажываннямі маці. – Пагаварылі. Хоць я разумею, што там праслухоўванне і ўсё такое, але завуалявана старалася яму данесці, што мы таксама стараемся, што вельмі шмат людзей цяпер пакутуе. І што, хутчэй за ўсё, яму давядзецца адседзець увесь тэрмін. Не, просьбу аб памілаванні Васкрасенскаму ён не пісаў», – працягвае.

Па падліках Наталлі, Іллі засталося прабыць у калоніі 4 месяцы, бо прысуджаны тэрмін пералічылі з увагай на праведзены час у СІЗА (адзін дзень за паўтара). Ужо ў сярэдзіне студзеня-2022 Іллю чакаюць удома.

Хаця маці запэўнівае, што, па вялікім рахунку, адзін дзень у віцебскім СІЗА трэба лічыць за ўсе тры, бо там «быў сапраўдны кашмар».

Таццяна Францкевіч (злева), маці палітвязня Аляксандра Францкевіча, і яе родная сястра Наталля Лабацэвіч (справа), маці палітвязня Іллі Лабацэвіча. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Уключалі святло, па дзвярах грукалі»

«Як расказваў сын, мала таго, што па начох будзілі і не давалі спаць, уключалі святло, па дзвярах грукалі, дык змясцілі ў камеру не да «палітычных». Разумееце самі, маглі правакацыі быць, што, маўляў, праз цябе мы тут пакутуем. Але, дзякуй Богу, сукамернікі ставіліся з разуменнем. Іллю кідалі з адной у другую камеру, не давалі прыжыцца», – распавядае маці палітвязня.

Але з цеплынёй успамінае, што якраз у СІЗА пазнаёмілася і пасябравала з мамай яшчэ аднаго палітвязня – Арцёма Ісакава, Аленай.

«Адна агульная бяда ў нас. А потым так супала, што нашыя сыны нейкі час сядзелі ў адной камеры. Арцём цяпер у «Воўчых норах». І я пішу лісты Арцёму, а Алена піша Іллюшу. Такая вось сувязь цяпер у нас», – кажа спадарыня Наталля.

«Каб ведаў, што ён не адзін»

Лісты ад Іллі даходзяць да маці з перабоямі. Адзін на два тыдні. Наталля тлумачыць гэта пільнасцю цэнзуры. Тое ж самае адбываецца з лістамі ў калонію. Як расказаў сын, бывае такое, што спасылаюцца на нейкую «нецэнзурную лаянку» ў лісце і не аддаюць. Проста прыдумляюць падставу.

На жаль, не піша да Іллі і дзяўчына, з якой яшчэ некалькі гадоў таму думалі стварыць сям’ю. Час, адлегласць (дзяўчына жыве ў Арэнбурзе), каронавірус, а потым турма – скасавалі планы на будучыню. Трагедыя кахання перажываецца ў няволі куды цяжэй. Аптымістычныя лісты з волі маглі б падтрымаць Іллю.

«Напэўна, самае важнае для яго цяпер, каб ведаў, што мы з ім усім сэрцам і душой, і што нас – шмат, што ён не адзін. Каб трымаўся. Я на апошнім спатканні яму казала: «Сынок, ты зразумей, што ты не злачынца, ты герой! Ты абаронца. Ты самы сапраўдны абаронца! Я і пішу яму так. Знаходжу нейкія вершаваныя чатырохрадкоўі матывацыйныя. Ведаю, што даўгія лісты яны не хочуць перадаваць, дык апошнім часам проста на паштоўцы пішу некалькі радкоў. Так нават лепш», – дзеліцца маці палітвязня.

Наталля Лабацэвіч (злева), маці палітвязня Іллі Лабацэвіча, і яе родная сястра Таццяна Францкевіч (справа), маці палітвязня Аляксандра Францкевіча. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Мы ні разу не галасавалі за Лукашэнку»

«Не, сама я ў дэпрэсіі не ўпадаю – ганю прэч! Мне нельга. А калі што ў мяне не так – адразу з людзьмі пачынаю перапісвацца. І ўсё праходзіць. Яны мне хутка тонус падымаюць», – прызнаецца Наталля.

Дзякуе найперш сямʼі і сваёй старэйшай сястры Таццяне Францкевіч – маці палітвязня Аляксандра Францкевіча. Трымаюцца з ёй разам. Дзеляцца верай, надзеяй і інфармацыяй пра сыноў – палітычных зняволеных. Потым кажа пра «ўсіх наваполацкіх», якія не далі і не даюць упасці духам.

Артыкулы
«У 2010-м было цяжэй». Маці анархіста Аляксандра Францкевіча не бачыла сына ўжо 13 месяцаў
2021.09.12 14:25

«Вельмі шмат неабыякавых людзей, якія дапамагаюць. І я ім так удзячная! Хоць ведаю іх толькі завочна. Трымаемся! А пра нашых наваполацкіх хачу сказаць. Ілля для іх герой. Я спачатку зусім не ведала, куды кідацца і што рабіць, і яны збіралі мне грошы, давалі і на адваката, а калі была патрэба – і на паездку, і на перадачы, вазілі мяне, разумееце? Нашыя наваполацкія – гэта нешта! І дагэтуль я з імі на сувязі. З усімі», – кажа Наталля Лабацэвіч.

Наталля Лабацэвіч, маці палітвязня Іллі Лабацэвіча. 11 верасня 2021 года. Наваполацк, Беларусь.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Падтрымка, і не толькі маральная, сямʼі Лабацэвічаў патрэбная. Сама Наталля працуе зараз сацработніцай, даглядае пажылую жанчыну. Вядома, якія грошы за гэтую працу плаціць дзяржава. Расказвае, што ў 56 падавалася на пенсію, але ёй адмовілі, маўляў, не хапае «страхавога стажу», хоць працоўнага мае 25 гадоў. Муж працуе дальнабойнікам, але зараз таксама побач са сваёй 92-гадовай мамай, якую нельга пакінуць адну.

«Таму муж на шэсці не хадзіў, але ён цалкам нас падтрымлівае. У нас сямʼя! Вы ведаеце, мы ані разу не галасавалі за Лукашэнку. Ніколі! З 1991 года мы яго не выбіралі! І так спадзяваліся, што гэтым разам усё атрымаецца і будзе ўсё сумленна. На выбары пайшлі ўсёй сямʼёй, з белымі стужкамі. Як на свята ішлі! І калі зразумелі, што нас падманулі чарговы раз, калі даведаліся, што адбываецца, і што з нашым Сашам (з Аляксандрам Францкевічам, якога затрымалі ў Менску 13 жніўня 2020 года. – Заўв. аўтара), і што з іншымі, – гэта перавярнула ўсё… Дагэтуль усё пераварочваецца ўсярэдзіне. Дык хіба мы маглі пасля гэтага сядзець спакойна? І Ілля не мог…» – кажа маці палітвязня Іллі Лабацэвіча.

У Наваполацку вызвалення Іллі чакаюць таксама родная сястра Саша з мужам і ягоная хросніца Сабіна.

Дапамагчы сямʼі палітвязня можна:

Пераводам на карту «БПС-Сбербанк»: 4639 0301 6221 7655, ALIAKSANDRA HNUTSENKA, 04/24.

Напісаць ліст палітвязню можна на адрас:

Лабацэвічу Іллю Аляксандравічу, ПК № 17, атрад 16, 213004 Шклоў, 1-я Заводская 8.

Артыкулы
«Беларусь запаўняе ўсё ягонае сэрца, і канкураваць тут ніхто не можа». Былая жонка – пра Уладзіміра Мацкевіча
2021.09.15 11:09

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў