«Foreign Policy»: Расея разам з Беларуссю выкарыстоўвае мігрантаў як зброю


Найгоршы сцэнар яшчэ не распачаўся: праз Расею да межаў Еўразвязу цалкам могуць даставіць тысячы ўцекачоў з Афганістану.

Польскія памежнікі і затрыманыя мігранты.
Фота: Podlaski OSG / Strazgraniczna.pl

Уплывовы амерыканскі часопіс «Foreign Policy» выдаў вялікі артыкул пра міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўразвязу, дзе на Захад спрабуюць нелегальна трапіць тысячы грамадзянаў краінаў Азіі і Афрыкі.

У артыкуле не раскрываецца новых схемаў дастаўкі мігрантаў на мяжу. Згадваецца, што першым, яшчэ ў ліпені, пра схему аперацыі расказаў «Белсат». Выданне расказвае і пра санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, і пра «захраслых» мігрантаў, якіх не пускаюць у Еўразвяз і не выпускаюць назад з-пад мяжы беларускія памежнікі.

Аднак калі звычайна фраза «мігранты як зброя» і «гібрыдная атака» ў гэтым крызісе тычылася толькі беларускага рэжыму, «Foreign Policy» робіць акцэнт на тым, што крызісам карыстаецца і Расея. Згадваецца, што падобны сцэнар прагназавалі яшчэ ў 2018 годзе, але тады меркавалі, што Расея будзе атакаваць Польшчу плынню нелегальнай міграцыі праз Украіну.

«Гэта супольная правакацыя Менска і Масквы, – заявіў выданню дырэктар Еўразійскай праграмы Варшаўскага інстытуту Гжэгаж Кучыньскі. – Сёння Лукашэнка цалкам залежыць ад Пуціна, і, больш за тое, у беларускіх службаў на Блізкім Усходзе няма дастаткова рэсурсаў для правядзення такой аперацыі».

Hавiны
Прэзідэнтка Еўракамісіі: Беларусь чыніць гібрыдную атаку дзеля дэстабілізацыі Еўропы
2021.09.15 13:14

Эксперт засцерагае: рэальны крызіс пачнецца, калі Крэмль вырашыць стварыць міграцыйны калідор праз Расею для транспартавання тысячаў уцекачоў з Афганістану. Ці адбудзецца гэта, залежыць ад рэакцыі Польшчы, краінаў Балтыі і Брусэлю на цяперашнюю «дэма-версію» міграцыйнага крызісу, разважае «Foreign Policy».

У каментары «Foreign Policy» дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы заявіла:

«Рэжым Лукашэнкі масава рэпрэсуе людзей у Беларусі і не спыніцца ні перад чым, каб дэстабілізаваць Еўропу».

Расейская і беларуская прапаганда ўжо выстаўляюць краіны Еўразвязу як парушальнікаў правоў чалавека. У Польшчы і Літве ўжо пачаліся ўнутраныя палітычныя канфлікты праз тое, што рабіць з мігрантамі.

Зараз Еўропа павінна супрацьстаяць рэальнасці гібрыдных нападаў на Еўразвяз і NATO ва ўсходніх памежных краінах, рэзюмуе амерыканскі часопіс. Паколькі аўтарытарныя рэжымы імкнуцца пасеяць унутраны разлад і хаос у Польшчы і Балтыі, іхнай зброяй выбару становяцца бездапаможныя людзі.

Hавiны
Чаму Літве забаранілі выправаджваць у Беларусь пяцёх афганцаў. Менск знайшоў у законах дзіру?
2021.09.16 12:11

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў