Расею забавязалі выплаціць 122 500 еўраў удаве атручанага палоніем афіцэра ФСБ


Расею прызналі вінаватай у неэфектыўным расследаванні забойства Аляксандра Літвіненкі ў Лондане ў 2006 годзе. У рашэнні Еўрапейскага суда правоў чалавека адзначаецца, што ўрад Расеі не падаў дастатковых доказаў сваёй недатычнасці да забойцаў.

Еўрапейскі суд правоў чалавека. Страсбур, Францыя. 13 сакавіка 2012 года.
Фота: CherryX / Wikimedia, CC BY-SA 3.0

Еўрапейскі суд правоў чалавека 21 верасня прызнаў Расею адказнай за забойства былога афіцэра Федэральнай службы бяспекі Расеі Аляксандра Літвіненкі на падставе неэфектыўнага расследавання гэтага злачынства. Расейскі бок не падаў дастатковых доказаў таго, што ўрад не мае дачынення да меркаваных забойцаў – Андрэя Лугавога і Дзмітрыя Каўтуна, якіх не прыцягнулі да адказнасці ў Расеі.

Суд прызнаў, што Расея парушыла арт. 2 Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека – «Права на жыццё». ЕСПЧ пастанавіў, што Расея мае выплаціць удаве забітага 100 тысяч еўраў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды і 22 500 еўраў кампенсацыі судовых выдаткаў. Хадайніцтва расейскага боку, які прасіў не абапірацца на высновы брытанскіх следчых, адхілілі.

Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна, заявіў, што Крэмль лічыць высновы ЕСПЧ «галаслоўнымі» і не стане прыслухоўвацца да такіх рашэнняў, піша ТАСС.

Аляксандр Літвіненка ў 1988–1999 гадах быў супрацоўнікам КДБ СССР і ФСБ РФ, спецыялізаваўся на барацьбе з тэрарызмам і арганізаванымі злачынствамі. У 1998 годзе ён заявіў, што начальства загадала яму забіць бізнесоўца Барыса Беразоўскага. Літвіненка ўцёк з сям’ёй у Вялікую Брытанію, атрымаў палітычны прытулак і стаў супрацоўнічаць з брытанскай выведкай MI6, адкрыта крытыкаваў Пуціна і вінаваціў яго ў шматлікіх злачынствах.

У лістападзе 2006 года Літвіненка раптоўна захварэў, быў шпіталізаваны і памёр праз тры тыдні. Прычынай смерці аказалася атручванне палоніем-210. Брытанскі суд прыйшоў да высновы, што атручванне было спецаперацыяй ФСБ Расеі, выканаўцамі назвалі былога агента расейскіх і савецкіх спецслужбаў Андрэя Лугавога і прадпрымальніка Дзмітрыя Каўтуна. Брытанія патрабавала выдаць падазраваных, расейскія ўлады адмовілі. Лугавы ў 2011 годзе стаў дэпутатам расейскай Дзяржаўнай Думы.

АА belsat.eu

Стужка навінаў