«Дэмакратычны свет жывы ў мірных дэманстрантах у Беларусі». Прэзідэнты кажуць пра Беларусь на Генасамблеі ААН


ААН. Крыніца: instagram.com

У Нью-Ёрку 21 верасня адкрылася Генеральная асамблея ААН. Выступаючы на ёй, некаторыя кіраўнікі заходніх краін згадалі ў сваіх выступах пра Беларусь.

Артыкулы
«Мы не саступім». Што прэзідэнт Польшчы сказаў пра Беларусь на Генасамблеі ААН
2021.09.22 10:48

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што дэмакратычны свет жывы ў мірных дэманстрантах у Беларусі.

«Аўтарытарызм, можа і сцвярджае, што ў свеце скончана з дэмакратыяй. Але яны памыляюцца. Ісціна ў тым, што дэмакратычны свет паўсюдна жывы ў антыкарупцыйных актывістаў, праваабаронцаў, у журналістах, у мірных дэманстрантах у Беларусі, М’янме, Кубе, Венесуэле, на перадавой і ў іншых месцах ва ўсім свеце», – сказаў кіраўнік ЗША.

Пра важнасць дэмакратыі заявіла ў сваім відэазвароце да ўдзельнікаў Генасамблеі і прэзідэнтка Славакіі Зузана Чапутава. Яна згадала пра 650 палітвязняў у Беларусі і ў прыватнасці пра палітолага Валерыю Касцюгову, пра пераслед людзей у акупаваным Крыме, Венесуэле, Расеі, Сіньцзян-Уйгурскім раёне Кітаю.

«Дзяржаўны акт тэрарызму»

У сваю чаргу прэзідэнт Літвы «з вялікім жалем згадаў падзеі мінулага года ў Беларусі». Ён адзначыў, што беларускі пратэставы рух, які ўзнік пасля прэзідэнцкіх выбараў, «быў жорстка задушаны, незалежная грамадзянская супольнасць і медыя былі змушаныя замаўчаць, сотні людзей затрыманыя, жорстка збітыя і катаваныя».

Паводле прэзідэнта Літвы безадказныя дзеянні ўладаў Беларусі могуць мець большы ўплыў на міжнародную бяспеку.

«Мы бачылі гэта ва ўгоне і прымусовай пасадцы 23 траўня рэйсы «Ryanair». Гэта было відавочным парушэннем міжнароднага права. Такія дзеянні павінны трактавацца як дзяржаўны акт тэрарызму. Беларускі рэжым таксама выпрабоўвае новыя метады гібрыдных дзеянняў. Ужо некалькі месяцаў Літва сутыкаецца з беспрэцэдэнтнай гібрыднай атакай праз штучна створаны і кіраваны паток нерэгулярных мігрантаў. Мэта Беларусі – палітычны ціск на Еўрапейскі Звяз», – адзначыў Наўседа.

Ён заклікаў ААН прарэагаваць на гэта.

У дадатак да ўсяго гэтага прэзідэнт Літвы згадаў і запуск Беларуссю небяспечнай АЭС каля літоўскай мяжы. Паводле яго, праз ігнараванне безлічных здарэнняў, неадпаведнасць міжнародным стандартам бяспекі беларускі рэжым у чарговы раз паказаў адсутнасць адказнасці.

«Вырашэнне пытання БелАЭС надзвычай важнае для нашага наваколля і бяспекі ўсіх людзей Еўропы», – падкрэсліў Гітанас Наўседа.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў