Міхайла Падаляк: Украіна не мае дачынення да гібелі Дар'і Дугінай


Дарадца кіраўніка офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк заявіў, што Украіна не мае дачынення да гібелі Дар’і Дугінай – дачкі публіцыста, ідэолага «русского мира» і памочніка Пуціна Аляксандра Дугіна.

Дар’я Дугіна (справа) побач са сваім бацькам Аляксандрам Дугіным.
Фота: Аким Акопов/Telegram

«Падкрэсліваю, што Украіна, безумоўна, да гэтага не мае дачынення, таму што мы не крымінальная дзяржава, як Расейская Федэрацыя, і тым больш не тэрарыстычная дзяржава», – сказаў Падаляк у эфіры тэлемарафону.

Паводле яго, Расея ўжо пачынае «щнутрана развальвацца», і розныя палітычныя групоўкі пачынаюць бітву, хочуць атрымаць пэўныя месцы для таго, каб пазней прэтэндаваць на іншую ўладу ў Расеі.

Аўтамабіль з Дар’яй Дугінай узарваўся ў суботу 20 жніўня каля 21:30 на шашы ў ваколіцах паселішча Бальшыя Вязёмы. Яна ехала з літаратурна-музычнага фестывалю «Традыцыя», які праходзіў у музеі-запаведніку Пушкіна ў падмаскоўным Захарава. На гэтым фестывалі быў і ейны бацька, які паехаў дамоў на іншай машыне.

У момант выбуху дачка публіцыста Дугіна кіравала машынай. Аўтамабіль «Land Cruiser Prado» належаў Аляксандру Дугіну, і, магчыма, мэтай быў менавіта ён. Паводле СК, у машыне спрацавала выбуховая прылада. Узбуджаная крымінальная справа па факце забойства, учыненага агульнанебяспечным спосабам.

На паркоўцы побач з месцам правядзення фестывалю «Традыцыя», які перад гібеллю наведала Дарʼя Дугіна, апошнія два тыдні не працавалі камеры відэаназірання, паведамляе «РЕН ТВ».

Машына Дар’і Дугінай пасля выбуху.
Фота: iz.ru

Сведка кажа, што Аляксандр Дугін збіраўся ехаць з Дарʼяй, аднак у апошні момант «да яго падышоў сябар, і Дугін вырашыў ехаць з ім».

Пасля гібелі дачкі ідэолаг «русского мира» трапіў у лякарню. Пра ягоны стан пакуль нічога невядома.

Дарʼя Дугіна працавала прэс-сакратаром бацькі і кіравала ўсімі ягонымі справамі.

Hавiны
У Падмаскоўі ўзарваўся аўтамабіль дачкі расейскага філосафа, «мазгоў Пуціна» Дугіна. Дзяўчына загінула
2022.08.21 09:42

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў