Струмень уцекачоў шукае выйсце. Спыталі экспертаў, што адбываецца на межах Афганістану


У Афганістане жывуць каля 38 млн чалавек. Каля паловы з іх – этнічныя меншасці. На поўначы краіны жывуць вялікія грамады таджыкаў і ўзбекаў, якія могуць уцякаць ад талібаў, баючыся этнічных чыстак. Іран і Пакістан цяпер закрылі межы для афганскіх уцекачоў.

Перапоўнены самалёт з афганскімі ўцекачамі.
Фота: Marcus Weisgerber / Twitter

Польская журналістка Людвіка Влодэк, асістэнт-прафесар Варшаўскага ўніверсітэту дапамагае ў эвакуацыі з Афганістану людзей, звязаных з польскай місіяй у краіне. Яна расказвае «Белсату», што наземныя межы Афганістана закрытыя, адно Пакістан пускае ўцекачоў праз толькі адзін пераход і толькі тры дні на тыдзень.

«Там едуць натоўпы афганцаў кожны дзень, калі тую мяжу можна пераходзіць, – кажа яна пра мяжу Афганістану з Пакістанам. – Каля 20–30 тысяч людзей пераходзяць тую мяжу».

Большасць тых, хто хацеў бы ўцячы з Афганістану, выбірае гэтую дарогу, бо амаль усе аэрапорты не дзейнічаюць. Ходзяць толькі непацверджаныя чуткі пра тое, што ў Пакістан і Індыю выляталі нейкія камерцыйныя самалёты.

Гісторыі
Не толькі Кабул: масавыя ўцёкі пасля паразы ў грамадзянскіх войнах за апошнія 100 гадоў
2021.08.19 14:22

Міжнародны аэрапорт у Кабуле прымае вайсковыя самалёты – і яны забіраюць уцекачоў паводле адмысловых спісаў (перадусім іншыя краіны вывозяць тых, хто супрацоўнічаў з іхнымі місіямі, Польшча вывезла звыш 250 уцекачоў). Пры тым, каб трапіць у аэрапорт Кабулеу (ён не за горадам, непадалёк ад цэнтру), людзі «праходзяць праз пекла», бо талібы кантралююць усю дарогу і выстаўляюць блок-пасты, а людзі затым чакаюць некалькі дзён на спёцы і ў натоўпе.

Колькі людзей можа пераходзіць наземныя межы нелегальна, Влодэк не ўяўляе: пра гэта няма ніякіх звестак. Але ўцячы хочуць сотні тысяч, калі не мільёны. Ужо пачаліся чысткі, пошукі былых урадоўцаў, праваабаронцаў і іншых «ворагаў». Перамогі талібаў зусім не сведчаць пра папулярнасць «Талібану», шмат людзей у паніцы, адзначае Влодэк.

Людзі спрабуюць трапіць у аэрапорт ім. Хаміда Карзая ў Кабуле, Афганістан. 16 жніўня 2021 года.
Фота: Reuters / Forum

Жанчын сярод уцекачоў меней, хоць жанчыны цяпер пад асаблівай пагрозай. Па-першае, афганскае грамадства ў гендарным пытанні прытрымліваецца даўніх традыцыяў – там, напрыклад, не прынята, каб жанчыны самастойна падарожнічалі. Па-другое, самі ўцёкі – фізічна складаны і небяспечны працэс. Калі сям’я не з сярэдняга класа і не з «вэстэрнізаваных» пластоў насельніцтва, то часцей уцякае адзін маладзейшы мужчына, які збіраецца пасля перавезці да сябе сям’ю.

Hавiны
«Жанчыны мусяць знікнуць з публічнага жыцця». Што будзе з правамі жанчын у Афганістане
2021.08.18 15:47

«Талібан» у асноўным складаецца з людзей пуштунскага паходжання, і пуштуны не так актыўна ішлі на кантакт з заходнімі місіямі, як іншыя народы Афганістану. Талібы і нападалі часцей не на пуштунаў, больш за ўсё на хазарэйцаў (персідскамоўныя шыіты змяшанага паходжання). Таму, мяркуе Влодэк, сярод уцекачоў будуць пераважаць этнічныя меншасці – не пуштуны. Але і шмат пуштунаў не падтрымліваюць талібаў, шматлікія выехалі або хочуць выехаць. Этнічнае пытанне ў гэтым другаснае, а першаснае – светапогляд, адукацыя, разуменне ісламу.

Дырэктар цэнтру даследчых ініцыятываў «Ma’no» з Узбекістану Бахтыёр Эргяшаў расказаў «Белсату», што пра рэальную сітуацыю на мяжы краінаў Цэнтральнай Азіі з Афганістанам вядома няшмат, інфармацыі ад афіцыйных органаў мала. Але падобна, што «Талібан» кантралюе не самі мяжы, а толькі памежныя пункты пераходу ды нападаць на суседзяў як мінімум пакуль не збіраецца.

Стаўленне да ўцекачоў з Афганістану ў суседніх краінах розніцца, і ці стануць гэтыя краіны супрацоўнічаць у пытанні ўцекачоў, пакуль незразумела.

Мяжа Афганістану з Узбекістанам меншая за 140 км, яна абароненая бар’ерам з калючым дротам пад высокім напружаннем. Нягледзячы на ​​гэта раней наркатрафік праз гэтую мяжу ішоў. Галоўны пункт пераходу – гэта мост Дружбы, пабудаваны ў савецкі час. Ці захапілі талібы гэты мост з афганскага боку, невядома, звесткі розныя: «Хтосьці прыходзіць, нехта ўцякае», – кажа Эргяшаў.

«Пазіцыя Узбекістану вельмі жорсткая, ён не мае намеру прымаць у сябе ўцекачоў, хіба што вайскоўцаў, якія здаліся і папрасілі дапамогі, і нейкія невялікія групы цывільных асобаў», – дадае ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі перасякаюць мяжу паміж дзвюма краінамі на кантрольна-прапускным пункце ў пакістана-афганскім памежным горадзе Чаман, Пакістан. 15 жніўня 2021 года.
Фота: Saeed Ali Achakzai / Reuters / Forum

Ёсць інфармацыя, што Узбекістан прыняў нейкую колькасць уцекачоў з Афганістану (пераважна вайскоўцаў) і што пасля гэтага некаторыя ўцекачы трапілі ў краіну нелегальна. Паводле розных звестак, уцекачоў агулам ад 500 да 1500 чалавек, у асноўным этнічных узбекаў і таджыкаў. Як мінімум частку з іх адразу размясцілі ў экстранна створаных лагерах, у якіх даюць дапамогу і харчаванне. Гэтыя ўцекачы, паводле Эргяшава, «жорстка лакалізаваныя» і не змогуць раз’ехацца па Узбекістане, але ёсць і інфармацыя, што іх хочуць адправіць у трэцюю краіну.

Hавiны
Ці магчымы наркатрафік з Афганістану ў краіны ЕЗ праз Беларусь? Раней гэтым пагражаў Лукашэнка
2021.08.18 08:40

Мяжа Афганістану і Таджыкістану даўжэйшая за 1300 км. Эргяшаў кажа, што ў «Талібану» хопіць сілаў хіба што на некалькі сотняў кіламетраў. Паводле інфармацыі Эргяшава, у Таджыкістане ідуць размовы пра стварэнне з міжнароднай дапамогай шэрагу лагераў для ўцекачоў і магчымасць прыняць да 10 тыс. асобаў (раней казалі і пра 100 тыс.). Але сродкаў, каб прыняць шмат уцекачоў, Таджыкістан не мае.

Дырэктар Цэнтру журналісцкіх расследаванняў Таджыкістану Хуршэд Атавуло распавёў «Белсату», што хоць поўнай інфармацыі няма, але падобна, што ўцекачоў можа быць шмат, і сярод іх не толькі этнічныя таджыкі, узбекі і хазарэйцы (персідскамоўныя шыіты змяшанага паходжання), але і пуштуны (асноўны народ у Афганістане), якія супрацоўнічалі з міжнароднымі арганізацыямі і асцерагаюцца помсты талібаў.

Тыя ўцекачы, хто прыбыў у Таджыкістан на самалёце, у асноўным цяпер застаюцца на поўдні краіны, пераважна ў горадзе Бахтар. А якія іхныя далейшыя маршруты, Атавуло не ўяўляе: магчыма, гэтага пакуль не ведаюць і самі ўцекачы.

Аб’ектыў
Масавая эвакуацыя з Кабулу, захопленага талібамі
2021.08.17 23:05

Мяжа Афганістану з Туркменістанам – каля 800 км. Была інфармацыя пра тое, што талібы падыходзілі да мяжы і бралі пад кантроль нейкія пункты пераходу, але пацверджанняў гэтаму не было. Туркменістан – вельмі закрытая аўтарытарная краіна, з якой прасочваецца даволі мала інфармацыі. Радыё «Азатлык» (туркменская служба радыё «Свабода») паведамляла, што Туркменістан не пусціў афганскіх вайскоўцаў і мясцовых этнічных туркменаў, якія спрабавалі бегчы ад гвалту.

«Але зразумела, што ўсе гэтыя тры краіны ўвялі вельмі жорсткі памежны рэжым, усе тры краіны абвесцілі, што бескантрольнага пераходу ўцекачоў не будзе, а за незаконны пераход мяжы будзе крымінальны пераслед», – адзначае Эргяшаў.

Мяжа Афганістану з Іранам раней была папулярным напрамкам сярод уцекачоў, аднак сёлета Іран закрыў мяжу, стаў затрымліваць і дэпартаваць афганскіх уцекачоў. Што дакладна адбываецца на гэтай мяжы, невядома. Аднак вядома, што ў Іране ўжо ёсць не менш за мільён уцекачоў з Афганістана. З Ірану шмат хто перабіраецца ў Турэччыну.

Што будзе далей?

Што значыць прыход талібаў да ўлады ў Афганістане? Эргяшаў мяркуе, што ў Афганістане «кішлак перамог горад»: сельскія жыхары, на чале якіх стаяць памешчык і мула, згарнулі чарговую спробу мадэрнізацыі краіны. У XX ст. было як мінімум тры спробы такой мадэрнізацыі, на пачатку XXI ст. спрабавалі мадэрнізаваць Афганістан «паводле лякалаў Захаду», але «Талібан» цяпер «асядлаў антымадэрнізатарскія, традыцыйна-патрыярхальныя настроі афганскай сельскай глыбінкі».

Аналітыка
Няўдалыя вайсковыя кампаніі ЗША: ад В’етнаму да Афганістану
2021.08.19 08:10

З аднаго боку, Эргяшаў перакананы, што зараз «Талібан» могуць хутка прызнаць больш краінаў, чымся 20 гадоў таму, бо моцных ворагаў накшталт Паўночнага альянсу 1990-х або атрадаў Ахмада Шага Масуда ў талібаў ужо няма. Але радзіму Масуда, даліну Панджшэр, талібы пакуль не захапілі, атрады супраціву стварае сын Масуда. Атавуло кажа, што талібы хочуць развязаць праблему з ім мірна, і ўспамінае, што гэтую даліну не змаглі захапіць ні савецкія войскі, ні NATO, ні талібы ў мінулую вайну.

Але з другога боку, апора «Талібану» на сельскае насельніцтва – гэта яго слабасць, мяркуе Эргяшаў. Гэта звужае магчымасць пазітыўнай эканамічнай і сацыяльнай праграмы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сем’і вымушаных перасяленцаў, якія беглі са сваіх дамоў праз баявыя дзеянні паміж талібамі і афганскімі сіламі бяспекі, хаваюцца ў грамадскім парку ў Кабуле, Афганістан. 10 жніўня 2021 года.
Фота: Reuters / Forum

Пакуль незразумела, усталюецца ў Афганістане манархія ці анархія, але відавочна, што суседзям давядзецца выбудоўваць адносіны з талібамі, якія захапілі Афганістан: Эргяшаў кажа, што «вайна вайной, але людзям патрэбная мука», таму гандаль будзе наладжвацца. Дый лёс праектаў, якія выбудоўвалі з папярэднімі ўладамі Афганістану, цяпер пад вялікім пытаннем.

Узбекскі журналіст Юрый Саруханьян піша, што Узбекістан ды іншыя краіны Цэнтральнай Азіі цяпер не маюць рычагоў уплыву на падзеі ў Афганістане. Ён прапаноўвае задумацца пра агульную пазіцыю краінаў Цэнтральнай Азіі ў справе Афганістану, але не ўспрымаць Афганістан як частку свайго рэгіёну і не чакаць там стабільнай дзяржаўнасці.

АА belsat.eu

Стужка навінаў