У «ДНР» заявілі, што ў «трыбунале» над палоннымі азоўцамі прымуць удзел прадстаўнікі Беларусі


Прадстаўніца групоўкі «ДНР» Алена Шышкіна заявіла, што Расейская Федэрацыя, Беларусь і Сірыя маюць намер даслаць сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў «міжнародным трыбунале» над украінскімі палоннымі. Пра гэта паведамляе «РИА Новости».

«Мы разлічваем на ўдзел многіх краінаў у правядзенні трыбуналу. Ужо намеры даслаць сваіх прадстаўнікоў выказалі Беларусь, Расейская Федэрацыя, Сірыя», – сказала Шышкіна.

Прадстаўніца «ДНР» не патлумачыла, які статус будзе ў прадстаўнікоў Беларусі ці Сірыі – будуць яны ўдзельнічаць у арганізацыі «працэсу» або прысутнічаць у якасці назіральнікаў.

Раней кіраўнік «ДНР» Дзяніс Пушылін заяўляў, што «трыбунал» над байцамі «Азову» можа быць праведзены да канца лета.

Афіцыйны Менск не прызнаў незалежнасці самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР». Разам з тым рэжым Лукашэнкі апошнім часам актывізаваў неафіцыйныя кантакты з гэтымі групоўкамі. Напрыклад, у пачатку чэрвеня акупаваныя тэрыторыі Данбасу наведала дэлегацыя Ліберальна-дэмакратычный партыі на чале з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Алегам Гайдукевічам. У ліпені Луганск наведаў прапагандыст Вадзім Гігін – ён заявіў пра намер адкрыць там беларускі культурна-асветніцкі цэнтр.

Hавiны
Кіраўнік самаабвешчанай ДНР распавёў БТ пра супрацу з рэжымам Лукашэнкі
2022.06.20 11:45

Нагадаем, у траўні пасля амаль трох месяцаў жорсткіх баёў у атачэнні завершылася абарона «Азоўсталі». На той момант ва ўкраінскіх вайскоўцаў на тэрыторыі камбінату кончыліся рэсурсы для супраціву, практычна не засталося вады, ежы і лекаў. Агулам у расейскі палон трапілі амаль 2,5 тыс. чалавек.

У публічнай прасторы пуцінскай Расеі вакол палонных была створаная атмасфера нянавісці. Адкрыта гучалі заклікі да расправы над украінскімі вайскоўцамі проста за тое, што яны з палка «Азоў». Дэпутаты Дзярждумы выступілі з прапановай арганізаваць «трыбунал» над азоўцамі і нават скасаваць для гэтага мараторый на смяротнае пакаранне.

Аналітыка
Што чакае абаронцаў «Азоўсталі», якія трапілі ў палон
2022.05.24 13:08

Глеб Нержын belsat.eu

 

Стужка навінаў