Ці змерзне Польшча? Як Еўразвяз рыхтуецца да зімы, што можа прайсці без расейскага газу


Расейская прапаганда любіць паўтараць: «Еўропа не перажыве зімы без нашага газу», «Польшча замерзне», «Нямеччына замерзне»… Спыталі эксперта, ці варта палякам ужо цяпер закупляцца дровамі і цёплымі шкарпэткамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вязаныя пантофлікі.
Фота: Bicanski / pixnio.com

Расея паведаміла 21 ліпеня пра аднаўленне паставак газу ў Еўропу праз газаправод «Паўночная плынь 1». Гэты газаправод спынялі на 10-дзённае планавае абслугоўванне, але не ўсе верылі, што пастаўкі адновяцца – і не факт, што Крэмль не адключыць газ у самы адказны момант.

Еўразвяз ужо рыхтуецца да «халоднай зімы», бо лічыць, што Расея «выкарыстоўвае газ як зброю». Еўракамісія 20 ліпеня прыняла план змяншэння выкарыстання газу на 15 % у перыяд са жніўня 2022 года да канца сакавіка 2023 года і стварыла механізм «трывожнай кнопкі» на выпадак дэфіцыту газу. Тры тыдні таму Еўразвяз пастанавіў, што да лістапада трэба запоўніць газавыя сховішчы на 80 %.

Незалежна ад «Паўночнай плыні», планы ўжо такія, каб зімой не было крызісу

Мацей Заневіч, аналітык у галіне энергетычнай палітыкі Польскага інстытуту міжнародных справаў, тлумачыць «Белсату»: пра тое, што Расея можа адключыць газ ці стварыць дэфіцыт газу, размаўлялі яшчэ ў восені 2021 года, да пачатку вайны з Украінай. Расея ў канцы 2021 года абмяжоўвала пастаўкі газу ў Еўразвяз – цяпер ужо зразумела, што гэта было ў межах рыхтавання да поўнамаштабнай вайны ва Украіне. На небяспеку звярталі ўвагу не толькі палітыкі, але нават Міжнароднае энергетычнае агенцтва (IEA).

Сітуацыя ўскладнялася паступова: спачатку Расея абмежавала пастаўкі газу праз Украіну, потым разарвала дамовы з Польшчай, Балгарыяй і Фінляндыяй (фармальна – за адмову плаціць за газ у расейскіх рублях), потым скараціла пастаўкі на 60 % праз Нямеччыну, урэшце прыпыніла «Паўночную плынь». Летась у Еўразвяз штодзень ішло каля 400-500 mcm (мільёнаў кубічных метраў) газу, да адключэння «Паўночнай плыні» пастаўкі ўпалі да 150 mcm на дзень, цяпер засталіся мінімальныя аб’ёмы.

Колькі газу Расея пастаўляла ў Еўропу праз розныя газаправоды: зверху ўніз – «Турэцкая плынь», праз Украіну і Беларусь (падсанкцыйны газаправод «Ямал – Еўропа»), «Паўночная плынь»:

«Паслядоўна газу ў Еўропу ішло ўсё менш і паслядоўна ўсё больш абмяркоўвалася тэма, ці мы гатовыя да поўнага спынення паставак з Расеі, – кажа Заневіч. – Праблема ў тым, што ў гадавой перспектыве Еўразвяз не ў стане замяніць расейскі газ іншай сыравінай, гэта немагчыма. Таму застаецца комплексны падыход: не толькі шукаць іншыя сродкі дастаўкі, але і шукаць спосабы замяніць газ іншымі крыніцамі энергіі».

План Еўракамісіі ўлічвае як дзеянні, што трэба будзе рабіць, калі расейскага газу не стане, так і тыя, што трэба рабіць ужо цяпер, каб знізіць шкоду адключэння. Частковай заменай газу могуць стаць як «чыстыя» крыніцы, накшталт энергіі сонца і ветру, так і вугаль, атамныя электрастанцыі. У прыватнасці, абмяркоўваецца працяг працы атамных электрастанцыяў у тых краінах, якія збіраліся іх адключаць. І нават усё гэта разам з пастаўкамі газу з іншых крыніцаў не заменіць расейскага газу на 100 % даваенных аб’ёмаў, таму і ідзецца пра абмежаванне выкарыстання газу.

Які найгоршы сцэнар для Польшчы? Ці чакаць спынення заводаў і холаду ў хатах?

Ужо вядома, што можа адбыцца ў кожнай краіне Еўразвязу, калі Расея цалкам спыніць пастаўкі газу, расказвае Заневіч. Усе прагнозы паказваюць, што Польшча адносна добра абароненая ад спынення паставак расейскага газу ў Еўропу, даўно рыхтавалася да такога. Польшча амаль дабудавала газаправод «Baltic Pipe» да Даніі і нарвежскага газу (планаваная дата запуску – 1 кастрычніка 2022 года), запушчаны газаправод да Літвы (выхаду на поўную магутнасць таксама чакаюць у кастрычніку), з 2015 года працуе тэрмінал перагрузкі і рэгазіфікацыі звадкаванага газу (LNG) на Балтыйскім моры.

«100 % не будзе так, што газ будзе адключаны ці абмежаваны для звычайнага паляка, які грэе газам дом ці выкарыстоўвае газавую пліту. Напэўна, газ не будзе адключаны іншым групам, напрыклад, шпіталям ці кампаніям, што пастаўляюць ваду насельніцтву, – запэўнівае Заневіч. – Польшча не мусіць сама сабе абмяжоўваць спажыванне. Але мы ўсе ў Еўразвязе – і іншыя краіны ў значна горшай сітуацыі.

У найгоршай сітуацыі такія краіны, як Чэхія і Славаччына, якія не збудуюць сабе марскіх тэрміналаў звадкаванага газу і вельмі залежаць ад Расеі. Калі не будзе газу з Расеі, ім дапамогуць дзеля салідарнасці – тады і Польшчы давядзецца абмежаваць спажыванне газу, каб падтрымаць такія краіны, як Чэхія ці Славаччына, выслаць ім частку свайго газу».

Аналітыка
Еўропа чакае «халодную зіму» без расейскага газу. Што адбываецца і ці ёсць выйсце?
2022.07.18 08:00

Сярод шляхоў ашчаджэння газу сапраўды згадваецца змяншэнне выдаткаў на ацяпленне жылых памяшканняў, але ідзецца найперш пра добраахвотную эканомію, інфармацыйныя кампаніі і падвышэнне эфектыўнасці. Хадзілі чуткі, што Еўракамісія можа запатрабаваць ад краінаў Еўразвязу знізіць тэмпературу абагрэву будынкаў – але толькі грамадскіх і офісных, і толькі да 19 °С. Пакуль такіх патрабаванняў не было, гэта толькі прапановы.

«Ні ў Польшчы, ні ў якой іншай краіне Еўразвязу не трэба будзе ацяпляць памяшканняў дровамі, – перакананы Заневіч. – Але, магчыма, будзе абмежаванне вытворчасці на некаторых заводах. Цяпер эканамічны эфект для Еўразвязу ацэньваецца ў некалькі адсоткаў валавога ўнутранага прадукту на год у выпадку поўнага адключэння паставак з Расеі.

У выпадку такіх краінаў, як Польшча, гэта мінус 1,3 % ВУП, не больш. У выпадку Чэхіі і Славаччыны, якія будуць найбольш закранутыя, гэта каля 4 %. У выпадку Нямеччыны, Італіі, Аўстрыі гэта можа быць каля 2 %».

У любым выпадку, сітуацыі катаклізму, калі ў дамах не будзе хапаць ацяплення, не здарыцца, упэўнены аналітык.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў