Расея тры тыдні не страляла па Украіне з тэрыторыі Беларусі. Што здарылася?


У першай фазе поўнамаштабнага расейскага нападу на Украіну расейскія войскі ішлі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Калі напад на кіеўскім напрамку праваліўся, Расея працягвала абстрэлы Украіны з беларускай зямлі і паветранай прасторы. Але ўжо тры тыдні пускаў з Беларусі не было.

Апошні раз пра абстрэлы Украіны з тэрыторыі Беларусі паведамлялася 26 чэрвеня: праект «Беларускі Гаюн» зафіксаваў запускі ракетаў з паветра ў Мазырскім раёне і пад Салігорскам. Пасля ўкраінцы паведамлялі пра выбухі ў Кіеўскай вобласці і Чаркасах.

«Гаюн» пацвердзіў «Белсату»: з таго часу пускаў з Беларусі не бачылі. За першыя тры месяцы поўнамаштабнай вайны з тэрыторыі Беларусі было больш чым шэсць сотняў пускаў, але ад красавіка інтэнсіўнасць спадала, з канца траўня большасць пускаў была з паветранай прасторы, а ўжо тры тыдні ніякіх абстрэлаў з беларускай зямлі ці паветра не бачылі.

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны таксама не паведамляў пра новыя абстрэлы з беларускага боку, хоць перыядычна піша пра актыўнасць на беларуска-ўкраінскай мяжы: вучэнні, ратацыі, выведку, магчымае рыхтаванне правакацыяў.

Алег Жданаў.
Фота: radiosvoboda.org

Чаму ж перасталі страляць з беларускай тэрыторыі? «Белсат» спытаў пра гэта ўкраінскага вайсковага эксперта Алега Жданава.

«Бо аператыўная паўза, бо Расея збірае рэзервы, – мяркуе Жданаў. – Калі будзе ракетны ўдар, гэта будзе на падтрыманне дзеянняў войскаў або на падтрыманне палітычнага рашэння. Заўсёды Расея выкарыстоўвае масіўныя ракетныя ўдары, калі хоча атрымаць нейкія палітычныя прэферэнцыі».

Расея сапраўды ўзяла «аператыўную паўзу» пасля захопу Лісічанску ў пачатку ліпеня, але падчас яе працягвала авіяналёты і абстрэлы, у тым ліку ракетныя ўдары па цывільных аб’ектах, як па Доме афіцэраў у Вінніцы. А 16 ліпеня Расея абвясціла спыненне «аператыўнай паўзы».

Мапа баявых дзеянняў з 24 лютага да 17 ліпеня (пасля гэтага дня зменаў не было):

Але чаму абстрэлы тых жа цывільных аб’ектаў не вяліся з тэрыторыі ці паветранай прасторы Беларусі? Жданаў адказвае: Расеі цяпер, падобна, стае тых абстрэлаў, якія можна весці з тэрыторыі Расеі.

Гэта можа быць проста зручнейшым, лічыць ён, а можа быць назапашваннем сілаў. Жданаў адзначае, што Расея завозіць у Беларусь ракеты для комплексаў супрацьпаветранай абароны C-300 і C-400 (гэта заўважаў «Беларускі Гаюн»), а іх тэарэтычна можна выкарыстоўваць супраць наземных цэляў, хоць гэта і немэтазгодна.

Калі будуць новыя пастаўкі заходняй зброі ва Украіну або калі Украіна пачне наступ на поўдні, тады Расея можа нанесці ўдары з поўначы, мяркуе эксперт, і ад Аляксандра Лукашэнкі мала што будзе залежаць.

«Наколькі я разумею, Пуцін наогул не пытае дазволу Лукашэнкі. Ён наносіць удары тады, калі яму спатрэбіцца. Вось у чым галоўная праблема. Пуцін, як я разумею, чакае, калі Лукашэнка аддасць загад на наступ, – кажа Жданаў. – Калі Лукашэнка скажа «наперад», ягоная армія пераходзіць у падпарадкаванне Расеі, а далей ягоная армія будзе дзейнічаць як адзіная сілавая структура – Узброеныя сілы «саюзнай дзяржавы», так адпрацоўвалася пытанне на вучэннях».

Ды гэта для Лукашэнкі стрымальны фактар, дадае аналітык: Узброеныя сілы – гэта «штыкі, на якіх ён сядзіць». Абстрэлы з тэрыторыі Беларусі гэта адна справа, а выкарыстанне свайго войска – другая.

Аналітыка
Лукашэнка рыхтуе беларусаў да нападу на Украіну? «ByPol» не сумняецца, вайсковы эксперт пярэчыць
2022.07.07 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў