Ні лекараў, ні эндапратэзаў. Беларусь закупляе індыйскія, а беларусы едуць мяняць суставы ў Расею


Калі б сёння ў Беларусь завезлі вялікую партыю імпартных эндапратэзаў, іх не было б каму ставіць. Бо «справа артапедаў» прывяла да калапсу цэлую медычную галіну, сцвярджаюць эксперты. Спраўдзілі, ці пачалі з’яўляцца ў беларускіх клініках эндапратэзы замежнай вытворчасці (аказваецца, штосьці ёсць!), дазваніліся да намесніка гендырэктара «Белмедтэхнікі» і паразмаўлялі з экспертам-артапедам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аперацыя эндапратэзавання.
Фота: Yegor Aleyev / TASS / Forum

«Не-не, платнага пратэзавання цяпер няма ў нас. Куды падацца? Я не ведаю. У паліклініку звяртайцеся – на бясплатнай аснове. На платнай – не. І перыядычна нам пазвоньвайце, недзе раз на месяц. Можа, штосьці будзе. Але не ведаем, калі. Каб потым не казалі, што прасілі перазваніць», – адказваюць нам у шостым гарадскім клінічным шпіталі Менску.

У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры (РНПЦ) траўматалогіі і артапедыі таксама спачатку чуем «не», але – няўпэўненае: перанакіроўваюць у эканамічны аддзел.

«На гэты момант ёсць толькі швейцарскія пратэзы тазасцегнавых суставаў, двайной мабільнасці. Па кошце – 9500 рублёў. Гэта «Medacta». Вы на чарзе стаіце?» – пытаецца дзяўчына на тым канцы сувязі.

Адмаўляемся, бо для нас – занадта дорага. Што да чаргі, дык ліст чакання ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі абнаўляўся ў чэрвені. Цяпер на аперацыю выклікаюць пацыентаў, якія запісваліся ў сакавіку-чэрвені 2019 года.

«Белмедтэхніка»: Чакаем на індыйскія

Калапс у галіне пачаўся з затрымання па ўсёй краіне каля паўсотні траўматолагаў-артапедаў і завядзення супраць іх крымінальнай справы за хабар. Большасць з іх ужо вызвалілі, але толькі пасля таго, як абвінавачаныя выплацілі вялікія грошы ў якасці «кампенсацыі ўчыненай шкоды» (вядома, што некалькі лекараў застаюцца за кратамі).

18 красавіка Лукашэнка загадаў «прыбраць усіх пасярэднікаў» і наладзіць беспасярэднія пастаўкі эндапратэзаў. Троху пазней зʼявіўся загад ад Міністэрства здароўя, згодна з якім усе імпартныя пратэзы мусяць набывацца толькі на дзяржаўным прадпрыемстве «Белмедтэхніка». Пазванілі туды.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«На сёння на прадпрыемстве маюцца эндапратэзы тазасцегнавых суставаў двайной мабільнасці «Медакта» вытворчасці Швейцарыя. На складзе – 148 камплектаў. 1 ліпеня два камплекты былі пастаўленыя ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Цяпер будзем адгружаць два камплекты ў Менскую абласную пад канкрэтных пацыентаў. То бок пратэзы «Медакта» ёсць», – паведаміў намеснік генеральнага дырэктара (імя і прозвішча не назваў).

Ён згадзіўся, што «Медакта» двайной мабільнасці – не вельмі даступныя па кошце пратэзы для звычайнага беларуса, і расказаў, што зараз у Беларусі адбываецца працэдура рэгістрацыі больш танных эндапратэзаў «Медакта» – на цэментавай і бесцэментавай аснове. Яны могуць зʼявіцца ў краіне ўжо праз тры месяцы, будуць каштаваць прыблізна 4–5 тыс. рублёў.

Яшчэ раней, па словах намесніка гендырэктара «Белмедтэхнікі», у Беларусь могуць завезці эндапратэзы індыйскай вытворчасці.

«Да канца жніўня – у пачатку верасня чакаецца пастаўка індыйскіх эндапратэзаў «Meril». На сёння прыкладны кошт бесцэментавага індыйскага эндапратэзу – 3200 рублёў, а цэментавага – у раёне 2000 рублёў», – паінфармаваў прадстаўнік «Белмедтэхнікі».

Эксперт: Траўматолагі-артапеды будуць у шоку

Адзін з дасведчаных лекараў, траўматолаг-артапед, які цяпер працуе ў Польшчы, прызнаецца, што яму цяжка адказаць, з якой мэтай і «хто чым думаў», калі вырашаў закупляць індыйскія пратэзы.

«Гэта азначае што? Гэта азначае, што нашыя беларускія кепскія? Давайце на гэтае пытанне адкажам!

Калі ўжо да гэтага гучныя справы траўматолагаў-артапедаў на ўсю краіну раздзьмулі, маўляў, такія-сякія, бо ставяць імпартныя пратэзы, а нашыя беларускія такія выдатныя – ну дык стаўце свае выдатныя! Навошта нам індыйскія? Ці, можа, нашыя такія благія, што даводзіцца аж індыйскімі карыстацца? Я, шчыра кажучы, пра індыйскія пратэзы нічога не чуў. Я думаю, што тыя траўматолагі-артапеды, якія будуць з імі працаваць, – яны таксама будуць у шоку», – мяркуе эксперт.

Ён кажа, што ні Расея, ні нават Узбекістан і Туркменістан не закупляюць эндапратэзы індыйскай вытворчасці. Са словаў нашага суразмоўцы, беларускія лекары прызвычаіліся працаваць з іншымі маркамі – «Waldemar Link», «Medacta» ды іншымі еўрапейскімі вытворцамі. Добра ведаюць іх аперацыйныя доступы і інструментарый. У выпадку, калі зʼявяцца новыя пратэзы (тыя ж індыйскія) і прагучыць каманда зверху «стаўце!» – будзе шок.

Здымак мае ілюстрацыйны характпар.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Іншае пытанне, што ставіць эндапратэзы ў Беларусі ўжо амаль няма каму, сцвярджае эксперт. Сфера працягвае губляць спецыялістаў. Расказвае, што нават у галоўнай установе краіны – РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, у кансультацыйным цэнтры няма каму працаваць. Прыём вядзе загадчык траўматолага-артапедычным аддзяленнем – вельмі добры спецыяліст, але ў сталым веку, і «ўсю краіну ён на сабе не пацягне».

«І калі бяром артапедычнае аддзяленне, з якога звольнілі некалькі чалавек і некалькі чалавек пасадзілі, а некаторых перавялі на іншыя стаўкі, то ў аддзяленні, якое і займаецца пратэзамі, засталіся толькі два чалавекі. Астатнія – людзі, якія нядаўна прыйшлі ў артапедыю», – кажа медык.

Гісторыі
Аперацыя пераносіцца. Менчукі расказалі, ці давалі хабар артапедам за пратэзаванне суставаў
2022.04.18 21:50

З сумам зазначае, што надзея толькі на тых дасведчаных траўматолагаў і артапедаў, якія засталіся ў Беларусі і не згубілі пакуль ахвоты кагосьці навучаць. Але такіх – усё менш.

«Беларускія пратэзы – гэта як «Lada Granta»

На пытанне, што рабіць у гэтай сітуацыі беларускім грамадзянам, эксперт адказвае, што, на жаль, «давядзецца прыстасоўвацца да тых умоваў, якія маюцца». Гэта значыць: або ставіць беларускі эндапратэз, або – дарагі швейцарскі пратэз «Медакта» за 9500 рублёў, або звяртацца ў прыватную клініку «Мерсі», дзе імпартных эндапратэзаў дагэтуль не бракуе (клініка належыць людзям, блізкім да сямʼі Лукашэнкі).

Што датычыць «Мерсі», удакладняе: калі легчы на абследаванне, аперацыю і постаперацыйнае назіранне, то будзе каштаваць каля 5 тыс. долараў.

«Як у замежнай клініцы. Але за мяжой усё пакрываецца страхоўкай. Пацыент задаволены прыходзіць і задаволены сыходзіць. А ў нас, якую б страхоўку ні зрабіў, яна пакрые толькі беларускі пратэз», – кажа наш суразмоўца.

Расследaванні
Артапедаў «зачысцілі» ў інтарэсах сяброўкі Лукашэнак
2022.07.12 17:00

Наконт беларускіх эндапратэзаў эксперт зазначае, што яны былі сапраўды добрай альтэрнатывай, калі дзясяткі гадоў таму ўварваліся на рынак. Але медыцына не стаіць на месцы, як і якасць металаў, пластыку, керамікі і г.д. У развіццё беларускіх эндапратэзаў дзесяцігоддзі ніхто не ўкладаў грошы.

«Гэта як сёння хваліць расейскі аўтамабіль «Lada Granta», маўляў, класная машына. Яна была класная тысячу гадоў таму! Як і нашыя беларускія пратэзы. Гэта як параўноўваць мінулае і гэтае стагоддзі», – кажа эксперт.

На яго погляд, адэкватнага беларуса ўжо не пераканаеш у іншым.

«А выхаду няма: або беларускія, або, калі ласка вам, індыйскія. І я нават не ведаю, што будзе лепш», – прызнаецца наш суразмоўца.

Пры гэтым зазначае, што для пэўнай катэгорыі грамадзянаў беларускія пратэзы – сапраўды някепскі выхад. Магчыма, 70-гадовая жанчына, якой паставяць беларускі эндапратэз, паходзіць з ім пару гадоў, а калі пашанцуе – пяць, а вельмі пашанцуе – дык і дзесяць. Але артапед прызнаецца, што бачыў айчынныя пратэзы, якія трэба было мяняць праз год.

«Дзе такое пабачыце ў беларускай клініцы?»

«Але пратэзы з розных прычын ставяць і 20-гадовыя хлопцы ці дзяўчаты, і людзі сярэдняга веку, і 50-гадовыя. І для іх патрэбныя анатамічныя формы, патрэбная якасная пара трэння (напрыклад, «кераміка-кераміка»), важная ранняя рэабілітацыя і нагрузка. І вельмі важна ведаць, што гэты сустаў не давядзецца мяняць праз пару гадоў. Вось для гэтай катэгорыі грамадзянаў у «Альтымеда» (вытворца эндапратэзаў у РБ. – Заўв. «Белсату») няма абсалютна нічога. І мне проста шкада гэтых пацыентаў», – прызнаецца эксперт.

Траўматолаг-артапед кажа, што ў 25-тысячным польскім горадзе, дзе ён зараз жыве і працуе, ставяць як мінімум пяць пратэзаў за адзін аперацыйны дзень (у вялізным РНПЦ траўматалогіі робяць тры-чатыры аперацыі). Пацыенты – ад 20 гадоў, а нядаўна паставілі эндапратэз 98-гадовай бабулі. На трэція содні – дадому. Мадэльны шэраг – шырачэзны.

«Дзе вы такое пабачыце ў беларускай клініцы? Ды нідзе!» – падводзіць вынік наш суразмоўца.

А што на практыцы? Беларусы едуць у Расею

45-гадовая Вераніка з Менску цягам некалькіх апошніх месяцаў абзвоньвала менскія клінікі. Патрэба ў замене суставу была тэрміновая, а ставіць беларускі эндапратэз не хацела.

РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Менск, Беларусь. 06 траўня 2021 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Усюды адказвалі, што пытанне пастаўкі імпартных эндапратэзаў развязваецца на ўзроўні Мінздароўя, але калі яго развяжуць, праз дзень ці праз два гады, невядома», – распавядае жанчына.

Калі пазваніла апошні раз у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, лекар параіў ёй ехаць у Смаленск. Сказаў: «Мы ўсім гэта зараз раім». Вераніка паехала.

«Там ёсць выбар. Кожнаму чалавеку падбіраюць свой пратэз. Чаргі няма, усё вельмі хутка. Кошты – розныя. Але прыкладна такія ж, як было ў Беларусі, можа, нават троху выгадней», – гаворыць Вераніка.

Расказвае, што спачатку зʼездзіла на кансультацыю, дзе выбралі найбольш прыдатны эндапратэз і прызначылі абследаванне, якое лепей прайсці па месцы жыхарства ў Беларусі, бо ў Расеі – платнае і дарагое. З вынікамі абследавання вярнулася ў шпіталь. Жанчыне колькі дзён таму паставілі амерыканскі эндапратэз (кажа пра некалькі тысяч долараў, дакладную суму не называе).

«Ці шмат туды едзе беларусаў, магу толькі здагадвацца, я там ні з кім не знаёміліся, але здаецца, што для нас гэта зараз ці не адзіны выхад», – зазначае жанчына.

Як мяркуе наш эксперт, Расея дагэтуль закупляе эндапратэзы вядомых еўрапейскіх марак. Апроч таго, мае на складах вялікую колькасць швейцарскіх, нямецкіх, амерыканскіх пратэзаў. У Беларусі ж на сёння – ні лекараў, ні якасных эндапратэзаў.

Інтэрв’ю
Доктар Мартаў пра новую хвалю COVID-19, медыкаў на вайне і смерць Пуціна
2022.07.13 12:58

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў