Навошта беларусы ладзяць культурніцкія імпрэзы за мяжой, і што кажуць тыя, хто на іх не ходзіць?


За мяжой цяпер больш сапраўднай беларускай культуры, чым унутры Беларусі. Ладзіць культурніцкія імпрэзы ў іншых краінах – адзіная магчымасць увогуле іх зрабіць. Імпрэзы дыяспараў – гэта спосаб захаваць сваю ідэнтычнасць у эміграцыі. З іншага боку, працягваць жыць у сваёй культуры ў іншай краіне – значыць адкладаць інтэграцыю ў новае асяроддзе. «Белсат» сабраў меркаванні пра беларускія культурніцкія ініцыятывы за мяжой ад іх арганізатараў, гасцей, а таксама тых, хто не наведаў ніводнай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вольны хор выступае на канцэрце ў Варшаве ў падтрыманне Марыі Калеснікавай.
Фота: Цімафей Котаў / Белсат

«Беларуская культура там, дзе беларусы»

Аляксандр Лапко, кіраўнік Беларускага моладзевага хабу ў Варшаве:

– За шэсць месяцаў 2022 года мы зладзілі ў Польшчы больш за сто імпрэзаў. Гэта і канцэрты, і сустрэчы з рознымі дзеячамі, і спектаклі, і заняткі музыкай, чытанне кніг, вершаў і г. д. Я жыву ў Польшчы з 2016 года і магу сказаць, што цікавасць мясцовых беларусаў да такіх падзеяў значна вырасла.

Найбольш запатрабаваныя дзве катэгорыі імпрэзаў: дзіцячыя і сямейныя ці музычна-забаўляльныя. На канцэрт падчас фестывалю «Прадмова» прыйшлі больш за тысячу чалавек.

На адукацыйныя імпрэзы ў працоўныя дні прыходзяць 7–10 чалавек, у выходныя – 25–30. Адначасова амаль тысячу праглядаў набірае кожны наш стрым з сустрэчаў з гісторыкамі. 70 % праглядаў – з Беларусі. Такім чынам, мы і з Варшавы працягваем працаваць для тых беларусаў, што засталіся ўдома.

У Менску на такія ж імпрэзы прыходзіла столькі ж людзей. Але там 2 мільёны беларусаў. Таму адсотак зацікаўленых тут нашмат большы.

На кожны фармат ёсць свая аўдыторыя. Таму калі я бачу мала людзей на нейкай імпрэзе, то думаю, што мела месца нейкая арганізатарская памылка, і рэч зусім не ў незацікаўленасці беларусаў.

Выступ гурта «Колір» у Моладзевым хабе.
Фота: Белсат

Ці можна за мяжой захаваць беларускую культуру? А ці тая культура, якая сёння існуе ў дзяржаўных межах Рэспублікі Беларусь, беларуская? Нашая культура і ўдома заўсёды была ў гета. А за мяжой у нас нашмат больш свабоды ствараць, развіваць, захоўваць, каб потым, калі прыйдзе час, вярнуць гэта ўсё на радзіму. Беларуская культура не там, дзе зямля, акрэсленая дзяржаўнымі межамі, а там, дзе беларусы.

«Важна, каб беларускія імпрэзы прыцягвалі не толькі беларусаў»

Вольга Мжэльская, арт-менеджарка, куратарка:

– У Варшаве я ладзіла музейныя сустрэчы для беларусаў, таксама праводжу прафесійныя сустрэчы для беларускіх культурных дзеячаў, экскурсіі. У мінулую нядзелю ў Музеі Вольнай Беларусі адкрылася выстава татальнай інсталяцыі беларускага мастака Ігара Цішына «Дом, у якім разлятаюцца сцены. Паміж двума імгненнямі». Гэта мой куратарскі праект.

Людзі па-рознаму рэагуюць на культурныя імпрэзы, і гэта нармальна. У кожнага тут сваё жыццё. Падазраю, што некаму можа быць увогуле не да імпрэзаў. А яшчэ ўпэўненая, што шмат хто і ў Беларусі не асабліва хадзіў на культурніцкія і інтэлектуальныя імпрэзы, таму і тут чакаць ад іх раптоўных візітаў не варта. Ды і самі імпрэзы паводле якасці вельмі розныя, і нешта некаму можа не падабацца, і гэта таксама нармальна. Магчыма, некаторыя хацелі б бачыць беларускія падзеі ў залах польскіх вядомых інстытуцыяў. Беларуская незалежная культура на радзіме заўсёды была ў гета, і тут мы зноў трапляем у яго ж, калі ладзім нешта толькі на беларускіх пляцоўках. Я лічу, што мусіць з’явіцца дыялог.

У польскай сталіцы 17 ліпеня 2022 года адкрылася ўнікальная культурная прастора «Музей Вольнай Беларусі», дзе можна пабачыць рэчы, які зрабіліся сімваламі пратэстаў 2020 года. На здымку: выстава Ігара Цішына «Дом, у якім разлятаюцца сцены», якую можна пабачыць цягам месяца ў прасторы па адрасе вул. Фоксаль, 11 (ul. Foksal, 11).
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Да Дзён культуры актыўна рыхтавацца пачалі ўвесну. А польскія пляцоўкі на год наперад фармуюць сваю праграму. А яшчэ патрэбнае фінансаванне, на пошук якога патрэбны час. Таму я думаю, што да наступнага Тыдня беларускай культуры трэба рыхтавацца ўжо цяпер. І ў маім разуменні важна, каб такія імпрэзы прыцягвалі не толькі беларусаў, каб і іншыя народы мелі магчымасць пазнаёміцца з беларускай культурай. Таму важна рабіць не на беларускіх пляцоўках.

Навошта ўсё гэта асабіста мне? У актывізме і працы ў сферы культуры ты проста інакш не можаш. Ты любіш гэта і жывеш ім. Гэта пра твае каштоўнасці і жаданне рабіць не толькі для сябе, але і для іншых.

«Хачу, каб нашыя дзеці памяталі, што яны – беларусы»

Андрэй Мялешка, адзін з арганізатараў Дзён беларускай культуры ў Батумі, сябра Рады НКА «Беларуская дыяспара ў Аджарыі»:

– Я апошнім часам заўважаю рост цікаўнасці да беларускіх імпрэзаў у Батумі. Яшчэ ўвесну прыходзіла не так шмат людзей, мне падавалася, мо і сапраўды нецікава. А Тыдзень беларускай культуры паказаў, што людзям гэта ўсё ж патрэбна, але проста ўва ўсіх розныя інтарэсы. Нехта хоча спяваць беларускія песні, іншы – чытаць вершы ці гатаваць дранікі, ці слухаць гістарычныя лекцыі і г. д. Найбольш цікавыя, вядома, канцэрты. На той, што мы ладзілі ў рамках Тыдня культуры, прыйшлі каля 400 чалавек. Але ў той жа самы час побач праходзіў яшчэ адзін беларускі канцэрт, і там таксама было шмат людзей.

Што мяне здзівіла – на майстар-клас лялькі-мотанкі прыйшлі каля 30 дзетак, так шмат, здаецца, не збірала яшчэ ніводная дзіцячая культурніцкая імпрэза. Звычайна папулярныя ў нас квізы пра беларускую гісторыю і культуру – на іх прыходзяць 50–70 чалавек.

На Тыдзень культуры мы збіралі сродкі праз краўдфандынг, бо ў нас няма свайго памяшкання, ніякага фінансавання. Дапамагла Беларуская рада культуры. Некаторым арганізатарам прыйшлося закладаць свае грошы. І людзі пайшлі на гэта, бо было вялікае жаданне правесці гэты Тыдзень.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзень Волі ў Батумі. 25 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Я лічу вельмі важным правядзенне беларускіх культурніцкіх імпрэзаў за мяжой. Гэта напамін нам аб радзіме. У грузінскую культуру беларусы амаль не інтэгруюцца. Я на дзецях толькі бачу, што яны ўжо пачынаюць размаўляць па-грузінску. А я хачу, каб нашыя дзеці памяталі, што яны – беларусы. Тым больш, калі яны застануцца тут надоўга. Гэта самая галоўная мэта нашых імпрэзаў тут – захаваць сваю ідэнтычнасць, карані, мову.

«На канцэрты прыязджаюць людзі з Беларусі, дзе такія імпрэзы абсалютна немагчымыя»

Вольга, арганізатарка культурных і адукацыйных імпрэзаў у Беларускім доме ў Вільні:

– Я бачу вельмі станоўчы водгук беларусаў на нашыя ініцыятывы. Яны ім патрэбныя, каб адчуць сябе ўдома. Адной з першых нашых імпрэзаў летась быў Новы год для дзетак. У нас быў Святы Мікалай, а спеўны гурток «Беларускі цуд» ладзіў традыцыйныя беларускія гульні для дзяцей. Потым мы пачалі рабіць канцэрты беларускіх пратэсных музыкаў. Прайшлі ўжо два канцэрты – гуртоў «Разбітае сэрца пацана» і «J-Mors». На канцэрт «РСП» сабраліся 400 чалавек.

Я не згодная, што на беларускіх імпрэзах у дыяспарах сумная і прыгнятальная атмасфера, што беларусы кажуць толькі пра свой боль. У нас не сумна. Наадварот, нашыя сустрэчы – гэта як глыток свежага паветра для людзей. Вельмі радасна адчуваць побач людзей, якім важна тое самае, што табе, а вас аб’ядноўвае жаданне вярнуцца дамоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларусы адзначаюць Купалле на беразе Вяллі ў Вільні.
Фота: Белсат

Мы робім нашыя імпрэзы ў тым ліку для тых, хто ў Беларусі, тым больш, што цяпер беларусы могуць прыехаць у Вільню хаця б на дзень і схадзіць на той жа канцэрт, што ў самой Беларусі абсалютна немагчыма.

А што думаюць пра імпрэзы дыяспараў звычайныя беларусы за мяжой?

Дзяніс, з 2001 года жыве ў ЗША. Сочыць за навінамі, цалкам заглыблены ў беларускі парадак дня, аднак ніколі не хадзіў на імпрэзы дыяспары і не адчуваў у гэтым патрэбы:

– Калі я з’язджаў у 2001 годзе, у мяне было цвёрдае рашэнне цалкам заглыбіцца ў амерыканскае жыццё, камунікаваць з мясцовымі, не шукаць адмыслова «сваіх». Я хацеў цалкам заглыбіцца ў амерыканскае грамадства, каб добра размаўляць на іхнай мове, адчуваць іх і разумець іхны свет. Гэта вельмі важна для ўласнага прагрэсу. Бо калі ты не асімілюешся, то не здолееш нічога дасягнуць за мяжой, так і будзеш працаваць пасудамыйнікам.

Я не збіраўся забываць, адкуль я прыехаў, свае карані, культуру, мову. Гэта ўвогуле немагчыма, калі ты з’язджаеш у 20 гадоў. Але я заўсёды лічыў, што калі ты будзеш сядзець у сваёй дыяспары, гэта будзе цябе тармазіць. Хоць так, згодны, час ад часу можна наведваць нейкія імпрэзы.

Калі я жыў у Беларусі, я не быў актывістам, таму не бачыў патрэбы і ў ЗША раптам ім станавіцца. У 2020 годзе, калі ў Г’юстане збіраліся беларусы, было невялікае жаданне далучыцца. Але я думаў: прыйду я, пастаю, і каму такім чынам дапамагу? Я тут у бяспецы, а ў Менску за такі ж выхад людзей б’юць і нават забіваюць. Мне гэта падалося несумленным і бессэнсоўным, таму я не пайшоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзень Волі ў Нью-Ёрку, ЗША.
Фота: twowhitestripes / Twitter

Вольга, у Польшчы з 2007 года:

– Я даўно жыву ў Польшчы, але з гонарам кажу ўсім, што я беларуска. Аднак на імпрэзы беларусаў я ніколі не хадзіла. У інтэрнэце чытаю, так. Асабліва пачала сачыць у 2020 годзе. Але сама так ніколі і не выбралася. Па-першае, у мяне не так шмат вольнага часу. Я шмат працую, у мяне двое дзяцей. У вольны час мы з мужам (ён паляк) адпачываем удома, ходзім да сяброў. Яны ў мяне тут, напэўна, усе палякі. Я цяпер гавару і разумею, што нават з сяброўкамі-беларускамі, якія ў Польшчы, я ўжо вельмі даўно не бачылася. Маё кола камунікацыі цяпер палякі. Напэўна, гэта таксама прычына таго, што я не хаджу на беларускія імпрэзы. Мяне з імі не звязваюць людзі. Я там нікога асабіста не ведаю. Таму, на жаль, нецікава, не адчуваю, каб гэта было мне моцна патрэбна ў жыцці.

Даша, з 2021 года ў Грузіі:

– Не магу сказаць, што актыўна бяру ўдзел у жыцці дыяспары і хаджу на ўсе імпрэзы. Я выходзіла на супольныя з украінцамі акцыі, была таксама на беларускіх, на канцэртах, сустрэчах з паэтамі. Мне гэта проста цікава. Я не думала пра такія глабальныя рэчы, што гэта мне дапаможа захаваць сваю ідэнтычнасць. Я пакуль не адчуваю, што я яе губляю, зусім нядаўна за мяжой і ўсё яшчэ веру, што вярнуся ў Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Актывісты сабраліся на Батумскім бульвары на мірны мітынг салідарнасці з палітвязнямі.
Фота: Леся Пчолка / Белсат

Мая праца – за камп’ютарам, таму ў вольны час вельмі хочацца змяніць абстаноўку. Я не разумею грузінскай мовы, у мяне няма нават знаёмых сярод грузінаў, не кажучы ўжо пра сяброў. Таму я вельмі радая, што цяпер у Грузіі так шмат беларускага. Часам у сваім атачэнні, асабліва на канцэрце беларускіх выканаўцаў, можна нават на нейкі час забыцца, што ты ў Грузіі, і ўявіць, што зноў у Менску.

Рэпартаж
«План – вярнуцца». Школа ў Варшаве вучыць беларускіх і ўкраінскіх дзяцей
2022.05.27 18:44

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў