Менчука аштрафавалі за грашовыя пераводы ад фонду «Краіна для жыцця»


Мужчыну пакаралі за тое, што фонд «Страна для жизни» дапамог выплаціць штраф ягонай жонцы.

Як паведамляе ПЦ «Вясна», у канцы чэрвеня ў Менску супрацоўнікі КДБ затрымалі мужа і жонку. Пасля допытаў іх адпусцілі, але на мужчыну склалі пратакол паводле ч. 6 арт. 24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў, якое суправаджаецца выплатай узнагароды за ўдзел у масавым мерапрыемстве».

Згодна з пратаколам, мужчына «для атрымання фінансавай дапамогі з мэтай пакрыцця выдаткаў, абумоўленых прыцягненнем ягонай жонкі да адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, адкрыў рахунак у банку «Рaysera», на які фондам «Страна для жизни» былі пералічаныя грашовыя сродкі памерам агулам 900 еўраў, і выкарыстаў атрыманыя грошы для пакрыцця выдаткаў, панесеных у сувязі з аплатай штрафаў, накладзеных на ягоную жонку на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП».

Вядома, што жанчыну двойчы затрымлівалі на акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Суд над мужчынам адбыўся 4 ліпеня. На працэсе мужчына цалкам прызнаў сваю віну. Суддзя Маскоўскага раёну Менску Таццяна Матыль прызнала мужчыну вінаватым і пакарала менчука штрафам 480 руб. (15 базавых велічыняў). Акрамя гэтага, суд пастанавіў на падставе п. 1 ч. 2 арт. 6.10 КаАП спагнаць ва ўласнасць дзяржавы кошт «прадмета адміністратыўнага правапарушэння» – 2396 руб. 7 кап., ці 900 еўраў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў