Лукашэнка падпісаў закон аб завочных судах над тымі, хто з’ехаў з краіны


Лукашэнка падпісаў закон «Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь». Ён прадугледжвае з’яўленне ў Беларусі завочнага следства і суда над абвінавачваным, калі той застаецца па-за межамі Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота belsat.eu

«Законам уводзіцца інстытут спецыяльнага (завочнага) вядзення ў крымінальных справах у дачыненні абвінавачваных, якія застаюцца за межамі Беларусі і ўхіляюцца ад яўкі ў орган, што вядзе крымінальны працэс», – сказана ў заяве.

Разам з новым законам прызначаецца і пералік складаў злачынстваў, паводле якіх у дачыненні абвінавачванага можа быць пачатае спецыяльнае вядзенне. Да іх адносяцца «акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцыяў».

Паводле інфармацыі Генпракуратуры, завочнае следства і суды магчымыя, калі абвінавачваны ўхіляецца ад яўкі ў орган, што вядзе расследаванне, яго адмовіліся выдаваць або на працягу шасці месяцаў няма адказу на запыт выдачы. Пастанову пра пачатак вядзення змогуць выдаваць генпракурор або старшыня СК, старшыня КДБ са згоды генпракурора.

Раней улады Беларусі прапаноўвалі канфіскоўваць маёмасць палітычных эмігрантаў, калі гэтак пастановіць суд.

Артыкулы
«Мая краіна апускаецца на ўзровень тэрарыстаў». Юрыст НАУ пра завочныя суды над палітуцекачамі
2021.11.30 11:33

Таксама зменены парадак абскарджвання судовых выракаў у крымінальным працэсе. Нароўні з апеляцыйнай уводзіцца касацыйная стадыя судаводства з разглядам скаргаў і пратэстаў у прэзідыумах абласных і Менскага гарадскога судоў. Чакаецца, што гэта «забяспечыць больш шырокі доступ да інструментаў абскарджвання для грамадзянаў, не згодных з судовымі выракамі, і павысіць эфектыўнасць перагляду такіх выракаў, што ўступілі ў законную сілу».

Акрамя гэтага, вызначаецца магчымасць абскарджвання ў апеляцыйным парадку выракаў, што выносяцца Вярхоўным Судом, які дзейнічае ў якасці суда першай інстанцыі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў