Як падтрымаць палітзняволеную моладзь? Навучыць адмысловы чат-бот


Задзіночанне беларускіх студэнтаў стварыла чат-бот, накіраваны на дапамогу палітзняволеным студэнтам, падлеткам і моладзевым актывістам. Чат-бот падкажа адрасы ўтрымання вязняў, як напісаць ліст і аказаць іншую падтрымку.

Чат-бот, створаны Задзіночаннем беларускіх студэнтаў @student_solidarity_bot утрымлівае спіс з 40 чалавек і іх адрасы. Гэта 31 студэнт, 7 няпоўнагадовых, а таксама выкладчыца Вольга Філатчанкава і моладзевая актывістка Алана Гебрэмарыям, асуджаныя па «справе студэнтаў».

Вось, што можа бот:

– падкажа месца ўтрымання вязняў, а таксама будзе рэгулярна паведамляць усе навіны, звязаныя з вязнямі са спісу

– Навучыць, як напісаць ліст. Адзіная сувязь з вязнямі – гэта лісты і паштоўкі. Лісты часта не даходзяць, але пісаць вельмі важна, каб людзі не згубіліся ў гэтай рэпрэсіўнай сістэме, а засталіся людзьмі.

– Распавядзе, як правільна адправіць пасылку і даслаць грашовы перавод. Каму яе можна даслаць, што можна класці, а што нельга і як зрабіць так, каб усё, што вы пакладзеце ў пасылку, дайшло да адрасата. А таксама каму цяпер можна дапамагчы фінансава і чаму гэта важна.

– Паведаміць, як дапамагчы, калі ты за мяжой. Тут можна даведацца больш пра Стыпендыю Смоліча ды іншыя зборы.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў