У «Frontex» распавялі, як абараняюць ЕЗ ад нелегальнай міграцыі праз Беларусь


Крызіс нелегальнай міграцыі з Беларусі мае рэгіянальнае вымярэнне, ён больш за ўсё закранае Літву, але ўяўляе пагрозу для Польшчы і Латвіі. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю «Белсату» Фабрыс Лежэры, дырэктар «Frontex» – Еўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы.

Фабрыс Лежэры, дырэктар Еўрапейскае агенцтва бяспекі межаў «Frontex». Капчаміесціс, Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

– Чым займаецца «Frontex» у Літве?

– «Frontex» ладзіць так званае хуткае памежнае ўмяшанне, каб падтрымаць Літву. Як вядома, у нас павялічылася колькасць незаконных пераходаў мяжы. З Беларусі ў Літву. У пачатку чэрвеня адбылося рэзкае павелічэнне колькасці перасячэнняў з Іраку і іншых краін Блізкага Усходу. Затым вялікі скачок адбыўся ў першы тыдзень ліпеня. Тады з’явіліся мігранты з афрыканскіх краін. Мы былі ў цесным кантакце з уладамі Літвы і спрабавалі ацаніць маштаб праблемы. Аказалася, што рост колькасці мігрантаў расце вельмі рэзкі – напрыклад, 800 нелегальных перасячэнняў мяжы ў першы тыдзень ліпеня. Фактычна, гэта палова выпадкаў з пачатку гэтага года. Тады Літва звярнулася па дапамогу, і я адразу пагадзіўся.

– Што такое хуткае памежнае ўмяшанне?

– Гэта значыць, што мы дастаўляем каманды трох катэгорый. Да першай катэгорыі адносяцца форменныя ахоўнікі Frontex, доўгатэрміновыя супрацоўнікі агенцтва, другая і трэцяя катэгорыі маюць нацыянальную форму памежнікаў краін-чальцоў ЕЗ і зʼяўляюцца ахоўнікамі, дэлегаванымі з гэтых краін для правядзення аперацыі. Мы даем людзей і абсталяванне для рэгістрацыі нелегальных мігрантаў, для правядзення расследаванняў, напрыклад, для зняцця адбіткаў пальцаў і г. д. Вядома, у рамках місіі мы будзем падтрымліваць літоўскія ўлады ў патруляванні памежнай тэрыторыі. Я толькі што наведаў мяжу. Будзем дапамагаць ідэнтыфікаваць мігрантаў. Трэба даведацца, адкуль яны, у тым ліку праз экспертызу дакументаў. Гэта для таго, што іх можна адправіць назад у краіну паходжання. Таксама будзем ладзіць для іх зваротныя рэйсы, у тым ліку адмысловыя чартарныя рэйсы. Неўзабаве ў Літву прыбудзе і падтрымка з паветра: верталёты і іншая тэхніка. Важна адзначыць, што гэта першае ўмяшанне ў гісторыі «Frontex», якое адбываецца не ў паўднёвай Еўропе (у Грэцыі). На гэты раз мы знаходзімся на ўсходняй і паўночнай межах ЕЗ.

Фабрыс Лежэры, дырэктар Еўрапейскае агенцтва бяспекі межаў «Frontex». Капчаміесціс, Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

– Пагроза нелегальнай міграцыі з Беларусі датычыць толькі Літвы?

– У нас з самага пачатку быў падыход, што гэтая праблема мае рэгіянальнае вымярэнне. Гэта значыць яшчэ ў лістападзе мінулага года мы дыягнаставалі, што Беларусь можа ствараць праблему нелегальнай міграцыі для сваіх суседзяў. Таму мы прыйшлі да высновы, што калі гэта адбудзецца, мы павінны быць цалкам гатовыя да адпраўкі дапамогі і нават хуткай памежнай дапамогі. Мы прапанавалі Латвіі размясціць больш памежнікаў. Латвія яшчэ не звярталася па хуткую памежную дапамогу на мяжы ў «Frontex», але яна прыме дапамогу ў выглядзе нашых дадатковых ахоўнікаў. Шчыльна працуем з Польшчай. Сітуацыя на польскай мяжы зараз знаходзіцца пад кантролем, але мы павінны быць гатовымі і гнуткімі. У цэлым, мы назіраем рост колькасці нелегальных імігрантаў, якія спрабуюць перабрацца з Беларусі, але Літва цяпер найбольш закранутая гэтай праблемай Літва.

– Вы ўяўляеце сабе якую-небудзь супрацу з беларускімі ўладамі?

– Раней у нас была такая супраца ў памежных пытаннях. Як вам вядома, ЕЗ меў трансгранічную супрацу ў рамках Усходняга партнёрства, а «Frontex» з поўнай згоды Еўракамісіі падтрымліваў кантакты з уладамі Беларусі. Але цяпер на вышэйшым палітычным узроўні ў нас зусім іншы падыход з беларускага боку. Як вядома, гэта следства выбараў у Беларусі і таго, што адбываецца пасля іх. Мы, як «Frontex», не можам каментаваць гэта і займацца гэтым, бо гэта адказнасць вонкавай палітыкі ЕЗ.

Michał Kacewicz/МГ belsat.eu

Стужка навінаў