У Беларусі хочуць павысіць узроставы парог для абрання на пасаду прэзідэнта і ўсталяваць ліміт тэрмінаў кіравання


У Беларусі плануюць павысіць да 40 гадоў узроставы цэнз для абрання на пасаду прэзідэнта. Пра гэтыя змены ў Канстытуцыю 20 ліпеня на пасяджэнні канстытуцыйнай камісіі распавёў яе старшыня, кіраўнік Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, перадае БелТА.

Пасяджэнне канстытуцыйнай камісіі, 20 ліпеня.
Фота: belta.by

У раздзеле Канстытуцыі «Прэзідэнт. Парламент. Урад» прапанавана захаваць прэзідэнцкую форму кіравання.

«Для займання пасады прэзідэнта ўсталяваць больш высокі ўзроставы цэнз – 40 гадоў, цэнз аселасці – сталае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь не менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, цэнз грамадзянства – не мець грамадзянства замежнай дзяржавы», – заявіў Пётр Міклашэвіч.

Цяпер паводле Канстытуцыі прэзідэнтам Беларусі можа быць абраны грамадзянін Беларусі па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна жыве ў краіне не менш за 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі.

Таксама прапаноўваецца змяніць тэрміны перабывання на пасадзе прэзідэнта: «адна і тая ж асоба можа быць прэзідэнтам не больш за два тэрміны».

Акрамя гэтага Міклашэвіч паведаміў, што ў Беларусі плануюць увесці праваабарончы інстытут – упаўнаважаны ў правах чалавека.

У раздзел «Пракуратура, камітэт дзяржаўнага кантролю» прапаноўваецца ўнесці раздзел аб упаўнаважаным у правах чалавека з вызначэннем ягонага канстытуцыйнага статусу, парадку прызначэння і асноўных паўнамоцтваў.

Міклашэвіч сказаў, што «такім чынам уводзіцца новы праваабарончы інстытут у мэтах дадатковай гарантыі абароны правоў і свабод чалавека для эфектыўнай сувязі паміж грамадзянамі і ўладай у праваабарончай сферы».

Аб’ектыў
Рэжымная Канстытуцыя. Галоўны дакумент краіны чакаюць змены
2021.07.17 00:07

АД, belsat.eu

Стужка навінаў