Святлана Ціханоўская прадставіла адміністрацыі Байдэна санкцыйны спіс


Святлана Ціханоўская заявіла, што падала адміністрацыі Байдэна канкрэтны санкцыйны спіс і настойвае на тым, каб Злучаныя Штаты і міжнародная супольнасць узмацнілі ціск на ўлады Беларусі. Пра гэта яна распавяла ў эфіры тэлеканалу CNN.

Ціханоўская прадставіла спіс кампаній, манапалізаваных рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і яго «сяброў», уключаючы калійныя беларускія кампаніі, а таксама нафтавыя, дрэваапрацоўчыя і металургічныя прадпрыемствы.

Святлана Ціханоўская на прыёме ў Белым доме. Вашынгтон, ЗША. 20 ліпеня 2021 года.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

Таксама яна заклікала адміністрацыю ЗША ўвесці больш строгія санкцыі, заявіўшы, што, на яе думку, першапачатковыя траншы былі больш сімвалічнымі і «маральнымі» – «яны не ўдарылі па рэжыме, і я думаю, што мы проста страцілі час», – сказала яна. Ціханоўская заявіла, што галіновыя санкцыі, уведзеныя Еўрапейскім звязам пасля вымушанай пасадкі рэйса «Ryanair», былі моцнымі, і сказала, што ЗША могуць прытрымлівацца гэтай палітыцы, а таксама разгледзець магчымасць увядзення сектаральных санкцый супраць Расеі.

Ціханоўская сказала, што мае намер працягнуць абмеркаванне «магчымых міжнародных намаганняў па ізаляцыі рэжыму, палітычна і эканамічна, каб зрабіць (Лукашэнка, – Рэд.) таксічным і дарагім, у тым ліку для Расеі», як праз адчувальную, так і сімвалічную ізаляцыю.

Аднак пазней яна адзначыла, што не хацела занадта шырока казаць пра Расею, «таму што наша барацьба не паміж Усходам і Захадам, наша барацьба паміж мінулым і будучыняй».

«Наша барацьба ўнутры Беларусі, і мы змагаемся за агульныя каштоўнасці, за правы чалавека, за вяршэнства закона, за дэмакратычныя змены, і ў ЗША павінны гэта разумець. Што да Расеі, калі яны хочуць адыграць канструктыўную ролю ў выхадзе з беларускага крызісу, то ім проста трэба спыніць падтрымку Лукашэнкі », – дадала Ціханоўская і папрасіла ўрад ЗША дапамагчы накіраваць гэтае пасланне, што калі ў Расеі не жадаюць дапамагаць у барацьбе за дэмакратыю ў Беларусі, яны таксама не павінны ўмешвацца ў яе.

Белсат Zoom
Ціханоўская: Чаму Расея мусіць вырашаць за нас?!
2021.07.20 22:21

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў