Пайшла з жыцця найстарэйшая прадстаўніца роду Радзівілаў, княгіня Эльжбета Радзівіл


У аўторак, 20 ліпеня, у 103-гадовым узросце памерла княгіня Эльжбета Радзівіл – дачка перадапошняга гаспадара Нясвіжскага замку Альбрэхта Радзівіла і англічанкі Дораці Паркер Дыкан. Пра гэта паведаміў яе сваяк Мацей Радзівіл.

Эльжбета Радзівіл.
Фота: ex-press.by

«Пайшоў з жыцця незвычайны чалавек. Сведка некалькіх эпох. Апошні чалавек, для якога замак Радзівілаў у Нясвіжы быў проста домам. Спачывай з мірам», – напісаў у Facebook Мацей Радзівіл.

Эльжбэта нарадзілася ў Лондане ў 1917 годзе. Бацька адправіў маці туды нараджаць, бо здарылася рэвалюцыя.

Бацькі пражылі разам нядоўга, і пасля расставання Эльжбета жыла разам з маці ў Парыжы, а на вакацыі ездзіла да бацькі ў Нясвіж – да 1935 года, пакуль ён не пайшоў з жыцця.

Эльжбета Радзівіл са сваім бацькам.
Фота: belaruspartisan.by

Пасля гэтага Эльжбэта змагла трапіць у родныя мясціны толькі ў 1993 годзе, а дагэтуль жыла ў краінах Заходняй Еўропы: Швейцарыі, Партугалі, Англіі, шмат гадоў у Францыі. Апошнімі гадамі – у Варшаве.

Апошні яе візіт у Беларусь адбыўся ў 2009 годзе. Тады 93-гадовая князёўна разам з іншымі прадстаўнікамі роду Радзівілаў наведала родныя месцы: Нясвіж, Мір, Паланечку і Ішкалдзь.

Эльжбета Радзівіл у Нясвіжскім касцёле.
Фота: belarus.by

«Гэта вялікая ганьба, што вы ў Беларусі не гаворыце па‑беларуску… Я адмыслова прыслухоўваюся ўжо колькі дзён… Ведаеце, калі б нас не пагналі адсюль у 1939‑м, я сёння размаўляла б па-беларуску. Бо мой бацька з нясвіжцамі размаўляў выключна па‑беларуску», – казала яна падчас візіту.

Эльжбета Радзівіл дапамагала рэстаўратарам Нясвіжскага замку, бо памятала, як ён выглядаў за часоў яе дзяцінства.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў