«Кінуў не менш аднаго каменя ў бок транспарту МУС». Менчука асудзілі да шасці гадоў калоніі


Суд Маскоўскага раёну г.Менску 21 ліпеня вынес прысуд 31-гадоваму працаўніку Менскага заводу колавых цягачоў Сяргею Пацукевічу. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт.293 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Сяргей Пацукевіч.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Справу вяла суддзя Вольга Малашанка. Падчас паседжання Пацукевіч увесь час быў прыкаваны адной рукой да міліцыянта, які быў разам з ім за кратамі.

Маладзёна абвінавацілі ў тым, што падчас падзеяў 9-10 жніўня ў Менску ён «кінуў не менш аднаго каменя ў бок транспарту МУС», і знаходзіўся ў месцы, дзе будаваліся барыкады, перакрываў рух, выкрыкваў лозунгі. Сярод доказаў – тэлефонныя гутаркі, падчас якіх Сяргей Пацукевіч распавядае, што бачыў і дзе быў 9-10 жніўня, відэа з месца падзей, пратаколы агляду месца падзей.

Пацукевіч быў знаёмы з працаўніком МЗКЦ, якому Лукашэнка ў жніўні на вядомым відэа кажа «Опусти телефон!». Калі рабочага ўзялі ў распрацоўку і пачалі вывучаць ягоныя тэлефонныя размовы, выйшлі на Пацукевіча. Усё абвінавачванне будавалася выключна на тэлефонных размовах, якія, нібыта, сведчылі што Пацукевіч – каардынатар пратэстаў.

Абвінавачаны не прызнаў сваю віну ў поўнай меры.

У апошнім слове Сяргей Пацукевіч папрасіў не пазбаўляць яго волі. Падчас зняволення ён зразумеў, што сістэма не выпраўляе чалавека, а гадуе яшчэ больш дасведчанага злачынцу. Адміністрацыя не вядзе ніякой выхаваўчай працы, якая б рабіла чалавека выхаваным, міласэрным, спачуваючым.

«Магчыма, яна не дамагаецца такой мэты, – сказаў Сяргей Пацукевіч. – Выхаваўчай работай тут лічыцца дэмаралізацыя зняволенага праз абмежаванні і уладу над ім, паказ яму, што ён найнізкі ланцужок грамадства. Прыгнятальнае становішча, безвыходнасць атачэння, у якім знаходзіцца зняволены, накладае адбітак на характар асобы чалавека, кардынальна змяняе адносіны да жыцця. Чалавек прыстасоўваееца да любых умоў, каб не выбівацца з агульнай масы. Тым, хто не быў па гэты бок, можа падавацца, што я прыдумляю ці згушчаю фарбы, хаця вы пра ўсё ведаеце.

Справа не ў тым, што я лічу сябе невінаватым ці прашу, каб мяне прабачылі за тое, чаго я не здзясняў. Я прашу міласэрнасці, спачування – да чалавека. Я баюся за сваю маці, пра якую не змагу клапаціцца. Прашу паверыць вас у мае словы, што я хачу жыць сумленна і ладзіць сваё жыццё як прыстойнага грамадзяніна. Прашу вас даверыцца мне і дапамагчы. Веру, што вашае рашэнне будзе справядлівым. Таксама хацеў бы выбачыцца перад роднымі за тыя нязручнасці, якія я ім стварыў».

Суддзя пакінуў за пракуратурай права падаць пазоў «Мінсктранса» на больш за шэсць тысяч рублёў як асобны грамадзянскі пазоў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў