Да журналісткі Іны Студзінскай, якая абвясціла галадоўку, не пускаюць адваката

Адвакат Іны Студзінскай дагэтуль не ведае, па якім артыкуле затрыманая ягоная падабаронная. За пяць дзён зняволення яшчэ не было ніводнага допыту.

20 ліпеня стала вядома, што Іна Студзінская абвясціла галадоўку. Інфармацыі пра ход галадоўкі і стан здароўя журналісткі дагэтуль няма.

На Акрэсціна застаюцца таксама журналісты Радыё «Свабода» Алег Груздзіловіч і Алесь Дашчынскі. Іх таксама не дапытвалі, абвінавачванні невядомыя. Справу вядзе ўпраўленне Следчага камітэту па Менску.

Толькі Дашчынскі змог 21 ліпеня пабачыцца з адвакатам. Як распавёў абаронца, са словаў Алеся, фізічны і псіхічны гвалт да яго не ўжываўся, знешніх прыкметаў гвалту на момант сустрэчы не было.

Журналісты Алег Грузьдзіловіч, Іна Студзінская і Алесь Дашчынскі, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі, былі затрыманыя 16 ліпеня пасля ператрусаў.

ГГ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны