Былы дарадца міністра: Сельская гаспадарка ў Беларусі – гэта галіна, у якой няма эканомікі


Паводле статыстыкі, прыбытак прадпрыемстваў сельскагаспадарчай галіны меншы, чым аб’ём дзяржаўнага падтрымання. Іншымі словамі, у нашай краіне сельская гаспадарка – гэта галіна ў эканоміцы, якая не можа існаваць без датацыяў з боку бюджэту. Іншыя рэзультаты паказваюць прыватныя гаспадаркі. Але існаваць і развівацца прыватнікам у нашай краіне складана ва ўсіх сферах. Гэтым артыкулам «Белсат» працягвае цыкл «Як жыць будзем?» – пра важныя праблемы сучаснасці і будучыні.

Тэхніка ў полі збірае скошаную траву побач з вёскай Зачысце. Барысаўскі раён, Беларусь. 6 ліпеня 2021 года.
Фота: АЗ / Белсат

Сёння сельскай гаспадарцы з боку кіраўніцтва краіны ўдзяляецца вялікая палітычная і эканамічная ўвага. Урад распрацоўвае комплексныя праграмы развіцця аграрнага бізнесу на пяцігодкі. Савет міністраў перад пасяўной і ўборачнай кампаніямі выдзяляе дапамогу ў выглядзе паліва, рамонтныя працы, угнаенняў. Прычым такая дапамога аказваецца за кошт бюджэтных сродкаў. Памеры дапамогу складаюць мільярды рублёў. А вынікі сельскай гаспадаркі не ўражваюць. Летась галіна атрымала чысты прыбытак у памеры 890,6 млн рублёў. Былы дарадца міністра сельскай гаспадаркі Казімір Раманоўскі ў размове з «Белсатам» падкрэсліў, што адзінае, чаго сапраўды сёння няма ў нашай сельскай гаспадарцы – гэта эканомікі.

«Уся спецыфіка ў тым, што нам вельмі не выгадна павялічваць экспарт. З 2005-2006 гадоў чым большы ў нас экспарт, тым больш растуць праблемы і пазыкі ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Нашая прадукцыя апрыёры не можа быць канкурэнтаздольнай з той, што вырабляецца, напрыклад, у Польшчы. Гэта абумоўлена і якасцю зямлі, і прыроднымі ўмовамі. У Нідэрландах, каб гадаваць жывёлу, дастаткова навес, а ў нас патрэбна будаваць капітальныя будынкі. Эканоміка не вытрымлівае гэтага і растуць пазыкі. Чым гэта закончыцца – складана сказаць, вядома, што будзе кепска», – кажа Казімір Раманоўскі.

Hавiны
Беларускія рытэйл і сельская гаспадарка б’юць рэкорды ў даўгах
2021.05.19 16:43

Былы дарадца міністра нагадвае, што падчас праграмы «Адраджэння вёскі» сапраўды ў сельскую гаспадарку інвеставалі вялікія сродкі, але гэтыя грошы былі за кошт крэдытаў. А цяпер тое, што стварылі, у тым ліку і абсталяванне, састарэла. У выніку замест таго, каб нарошчваць амартызацыйныя выдаткі, выплачваюцца адсоткі па крэдытах. І сёння, калі трэба чарговая інвестыцыйная праграма, на гэта проста няма сродкаў.

«У нас на працягу 30 гадоў склалася так, што сельгаспрадпрыемствы не маюць асабістых абаротных сродкаў. Грошы з’ядае інфляцыі, дэнамінацыя, дэвальвацыя», – кажа Казімір Раманоўскі.

Гандаль сабе ва ўрон, але дзеля валютнай выручкі

Але дзяржава імкнецца нарошчваць вытворчасць і павялічваць экспарт у спадзяванні на валютную выручку. Але на рынку Беларусь не можа канкураваць якаснай прадукцыяй з увагі на тэхнічнае забеспячэнне сельгаспрадпрыемстваў, кажа былы дарадца міністра. І звяртае ўвагу на статыстычныя лічбы.

Прадукты харчавання. Менск, Беларусь. 1 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Гэтак, напрыклад, імпартныя сыры сёння каштуюць і па 50, і па 70 рублёў за кілаграм, але Беларусь прадае свой сыр па 2,79 долара за кілаграм. Ялавічыну летась нашая краіна экспартавала па 3,61 долара за кілаграм, сёлета яшчэ менш – 3,45 долара. У першым квартале бягучага году курынае мяса прадавалі па 1,50 за кілаграм, масла сметанковае – 4,7. Яйкі курыныя ішлі на экспарт па кошце 0.70 цэнтаў. На сваім рынку кошт даходзіць да 3 рублёў.

«Мы прадаем прадукцыю ніжэй за сабекошт, а праз гэта растуць пазыкі і праблемы. Заробак у сельскай гаспадарцы ніжэйшы за сярэдні. Людзі не забяспечаныя працай, паколькі ў пэўную пару года няма працы. Імкліва памяншаецца колькасць сельскага насельніцтва ў краіне. Калі кажуць, што Беларусь выратуе сельская гаспадарка – гэта хлусня», – перакананы Казімір Раманоўскі.

Hавiны
«Беларусь стала больш савецкай эканомікай, чым была 20 гадоў таму». Эксперт каментуе прэс-канферэнцыю кіраўніка Нацбанку
2021.04.16 08:10

Агулам рэнтабельнасць у сельскай гаспадарцы ў Беларусі вагаецца на ўзроўні каля 1-2 %. Але асобныя віды сельгасдзейнасці ўвогуле зʼяўляюцца стратнымі. Казімір Раманоўскі кажа, што жывёлагадоўля ў Беларусі наагул цягне ў мінус не толькі сельскую гаспадарку, але і ўсю эканоміку ў цэлым. Вытворчасць ялавічыны была за мінулы год з мінусам 44 %.

«Шырокай вытворчасці на экспарту я не бачу. Мы павінныя паставіць так гаспадарку, каб было самазабеспячэнне. А на месцах, дзе палеткі, пасадзіць, напрыклад, лес, зберагаць прыроду. Можам перайсці на чыстае, арганічнае земляробства. Я 50 гадоў адпрацаваў і не бачу такога, каб неяк вырашыць праблемы ў сельскай гаспадарцы. Надой на карову – меней за 3 тысячы кілаграмаў за год. Таму я лічу, што нам трэба перабудаваць эканоміку для таго, каб было самазабеспячэнне, бо бюджэтныя сродкі выдаткоўваем на тое, каб пастаўляць прадукцыю на экспарт. А такога няма нідзе ў цэлым свеце», – кажа Казімір Раманоўскі.

Эксперт звяртае ўвагу, што стратная сельская гаспадарка прыводзіць не толькі да праблемаў у эканоміцы, але наносіць шкоду экалогіі. Паводле былога дарадцы міністра сельскай гаспадаркі, утрыманне гумусу ў глебе за апошнія 30 гадоў знізілася на 25 %. А каб адзін адсотак гумуса павялічыць, трэба некалькі дзясяткаў гадоў. Таму тут пытанне і пра тое, а што мы пакінем нашчадкам?

Hавiны
Лукашэнка распавёў, як садзіць і прадаваць бульбу ды што рабіць з мясам і малаком
2020.05.15 15:52

Калгасы стварылі, каб кіраваць людзьмі

Для кіраўніцтва краіны калгасная сістэма сельскай гаспадаркі зʼяўляецца менавіта палітычным складнікам. Лукашэнка яшчэ ў 1998 годзе заявіў, што «калгас і саўгас сёння – гэта не толькі арганізацыйна-гаспадарчая структура на вёсцы, скажам, цэнтральная структура ў вёсцы. Гэта і цэнтральная дзяржаўная, калі хочаце, палітычная структура ў вёсцы. Калі не будзе калгаса і саўгаса, дзяржава не зможа эфектыўна праводзіць сваю палітыку ў вёсцы. Не будзе калгасаў – як ты дасі каманду, за каго галасаваць?»

Пры гэтым у сельскай гаспадарцы застаецца савецкае дзяржпланаванне. Мы маем сітуацыю, калі 65 % дададзенай вартасці ўсяго сектару – гэта датацыі з бюджэту, кажа кіраўнік навуковага цэнтру «Мізэса» Яраслаў Раманчук.

«Літва экспартуе ў дзясяткі разоў болей сельскагаспадарчай прадукцыі. Калі б у нас была нармальная сітуацыя, то мы маглі б развіваць сельскую гаспадарку гэтак жа, як і Новая Зеландыя. Гэтая краіна экспартуе тавараў сельскагаспадарчай вытворчасці на больш за 250 мільярдаў долараў ЗША. Таму калі б мы добра працавалі, былі б сябрамі сусветнай гандлёвай арганізацыі і мелі б дамоўленасці на гандаль з краінамі свету, то быў бы такі рэзультат і ў нас», – сцвярджае эканаміст.

Тэхніка ў полі збірае скошаную траву. Барысаўскі раён, побач з вёскай Зачысце, Беларусь. 6 ліпеня 2021 года.
Фота: АЗ / Белсат

Яраслаў Раманчук кажа, што ў эканоміцы ёсць такое вызначэнне – страчаная выгада. Паводле эканаміста, калі б нашая краіна абрала іншыя падаткі, сістэму гандлю, эканамічную мадэль, то ў 2021 годзе нашая эканоміка магла б мець 210 млрд долараў ЗША. Гэта значыць, наш згублены патэнцыял толькі па выніках бягучага году складае каля 130 млрд. І калі лічыць такім чынам, то становіцца відавочным кошт утрымання існай мадэлі ў нашай краіне, якая вельмі падобная да ваеннага камунізму, кажа Яраслаў Раманчук.

СК belsat.eu

Стужка навінаў