У Горадні затрымалі «дэпутата Незалежнасці» Міколу Маркевіча


21 чэрвеня ў Горадні проста ў офісе сілавікі затрымалі Міколу Маркевіча. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Право имеют».

Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі ў 1995 годзе.
Фота: Siarhiej Navumchyk / Facebook

59-гадовы Мікола Маркевіч у 1990 годзе стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі, які прымаў рашэнні адносна незалежнасці краіны ад СССР. Належаў да апазіцыі Беларускага народнага фронту. У 1995-м быў удзельнікам галадоўкі дэпутатаў супраць правядзення рэферэндуму, што змяняў дзяржаўную сімволіку, надаваў афіцыйны статус расейскай мове і абвяшчаў курс на супрацу з Расеяй.

Таксама Мікола Маркевіч быў заснавальнікам і галоўным рэдактарам газеты «Пагоня», рэдактарам газеты «День», працаваў на радыё «Рацыя», быў старшынём гарадзенскай суполкі Таварыства беларускай мовы.

У 2002 годзе яго асудзілі на два гады абмежавання волі за нібыта паклёп на Аляксандра Лукашэнку.

Узнагароджаны медалём да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў