Цэнтр беларускай салідарнасці апублікаваў тлумачэнні праекту пастановы міністра замежных справаў Польшчы аб выдачы нацыянальных візаў для іншаземцаў, якія перабываюць на тэрыторыі Польшчы. Сам дакумент пакуль яшчэ на стадыі ўзгаднення.
Паводле праекту, заяву на выдачу гуманітарнай візы трэба будзе падаць міністру замежных справаў да 31 снежня 2022 года.
Гуманітарную візу змогуць атрымаць грамадзяне Беларусі, якія на момант падачы заявы легальна застаюцца на тэрыторыі Польшчы на падставе гуманітарнай візы або прыбылі ў Польшчу пасля 24 лютага з Украіны ў сувязі з вайной на яе тэрыторыі і дагэтуль легальна былі ва Украіне.
Пры гэтым неабходна падаць пісьмовую заяву пра немагчымасць вяртання ў Беларусь з меркаванняў бяспекі, магчымых рэпрэсіяў або пераследу з палітычных матываў.
Пастанова таксама прадугледжвае магчымасць атрымання нацыянальнай візы для грамадзянаў Беларусі і Украіны, якія застаюцца ў Польшчы легальна, з мэтай працаўладкавання, акрамя сезоннай працы.
Дакумент можа пачаць дзейнічаць з сярэдзіны ліпеня.
Якуб Хруст belsat.eu