Рубель пакуль трымаецца, але даверу да яго мала


Айчынная эканоміка скарачаецца, аб’ёмы экспарту, а з імі і паступленні валюты ў краіну, зніжаюцца. Гэта падагравае дэвальвацыйныя чаканні ў грамадстве. Алею ў агонь падліваюць некаторыя замежныя валютныя пляцоўкі, дзе курс беларускага рубля істотна адрозніваецца ад афіцыйнага. Эканамісты ў размове з «Белсатам» распавядаюць, чаго чакаць ад нацыянальнай валюты.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле папярэдніх справаздачаў, валавы ўнутраны прадукт Беларусі за пяць месяцаў скараціўся на 3,4 %, і з кожным месяцам тэмп падзення паскараецца. У траўні эканоміка спрацавала ў мінус 8,6 % да ўзроўню траўня мінулага года. За студзень – красавік айчынны экспарт тавараў знізіўся на 2,6 % да $ 11,4 млрд, а за красавік ён наагул абваліўся на 22,4 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Калі ў красавіку 2021-га Беларусь прадала тавараў за мяжу на $ 3,2 млрд, то ў сёлетнім – на $ 2,5 млрд. Такім чынам, колькасць валюты, якая паступае ў краіну, памяншаецца.

На гэтым фоне і растуць дэвальвацыйныя чаканні, хаця пакуль курс беларускага рубля вагаецца ў нязначных межах.

«Цяпер мы бачым у Беларусі аб’ектыўны рынак. Нацыянальны банк пакуль ніякім чынам не ўплывае на сітуацыю. Каб стрымліваць курс, рэгулятар павінен выходзіць на біржу і прадаваць валюту. Пакуль гэтага не рабілася, таму курс у нас насамрэч рынкавы», – кажа Настасся Лузгіна, старэйшая навуковая працаўніца Цэнтру эканамічны даследаванняў BEROC.

Экспертка нагадвае, што ў кошыку валютаў Беларусі – 50 % расейскага рубля: Расея – асноўны гандлёвы партнёр нашай краіны. Таму курс беларускай валюты паўтарае дынаміку расейскай, хоць цалкам і не капіюе яе. Рэч у тым, што ў Расеі мы назіраем умацаванне курсу з сакавіка гэтага года. Хаця пры гэтым эксперты з РФ сыходзяцца ў меркаванні, што для іхнай краіны аптымальны курс у межах 70–80 рублёў за долар ЗША. Але мы бачым на гандляваннях курс у межах нават 56 расейскіх рублёў за долар.

Курс беларускага рубля карэктуе расейскі

Суразмоўца «Белсату» кажа, што гэта надалей абумоўлена высокім станоўчым сальда гандлёвага балансу. Цяпер такая сітуацыя, што экспарт Расеі даволі вялікі, а імпарт у сваю чаргу даволі нізкі.

«У Беларусі іншая сітуацыя. Беларускі рубель не жорстка паўтарае дынаміку расейскага, але ў дачыненні валюты суседняй краіны курс нашага рубля зніжаецца. Рэч у тым, што ў беларускай эканоміцы сітуацыя адрозніваецца ад расейскай. Мы ўжо бачым, што тэмпы росту як экспарту, так і імпарту рэзка скараціліся», – кажа Настасся Лузгіна.

Аналітыка
Беларускі валютны рынак: адлюстраванне сітуацыі на расейскім рынку і цяжкасці з прагназаваннем
2022.05.30 19:57

Пры гэтым варта таксама ўлічваць, што ў нашай краіны больш адкрытая эканоміка, чымся ў Расеі. Скарачэнне імпарту можа ў наступным уплываць на экспарт Беларусі, кажа экспертка, бо тыя ж камплектавальныя, сыравіна, якую выкарыстоўваюць нашыя экспарцёры, яе недаатрымліваюць. Таксама назіраем скарачэнне попыту з боку Украіны, еўрапейскіх краінаў. Увядзенне новых санкцыяў, напрыклад, на кампаніі калійнай галіны таксама будзе адмоўна ўплываць на стан гандлёвага сальда.

«Аднак, не зважаючы на ўсё вышэйпералічанае, мы пакуль бачым, што валюты на нашым рынку дастаткова, хоць гэта далёка не ў тых маштабах, як у Расеі. З іншага боку, паводле апошніх справаздачаў вынікае, што ў траўні прадпрыемствы ў Беларусі набывалі болей валюты, чымся яе прадавалі. Гэта таксама стварала дадатковы попыт. Скарачэнне прапановы валюты праз скарачэнне экспарту, хутчэй за ўсё, працягнецца ў будучыні, што будзе ўплываць на курс», – мяркуе экспертка.

Але пакуль, як кажа эканамістка, мы бачым у Беларусі аб’ектыўны рынак. Нацыянальны банк пакуль ніякім чынам не ўплывае на сітуацыю. Ён можа ўмешвацца толькі дзеля пагашэння рэзкіх кароткатэрміновых ваганняў рубля, але не ўплывае на доўгатэрміновы трэнд. Напрыклад, адзначае Настасся, калі б курс быў не рынкавы, то рэгулятару трэба было б стала выходзіць на біржу і прадаваць валюту. У такім выпадку золатавалютныя рэзервы хутка вычарпаліся б. Пакуль гэтага не адбываецца, кажа суразмоўца «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Асноўным эфектам ад штучнага стрымлівання курсаў валютаў будзе дэфіцыт валюты або скарачэнне золатавалютных рэзерваў. Гэта адразу ж стане відавочным. У нас невялікія золатавалютныя рэзервы, і Нацбанк не мае магчымасці выходзіць з сталымі інтэрвенцыямі на рынак. У сакавіку ўзніклі складанасці з валютай, але гэта быў ажыятаж, не звязаны з эканамічнаю сітуацыяй у краіне. Шмат хто імкнуўся забраць свае грошы, а гатоўкі проста не паспелі завезці ў краіну. Узнік попыт і з боку прадпрыемстваў. Дый абмежаванні тады ўвялі асобныя банкі, але не Нацыянальны банк. Цяпер такой сітуацыі няма.

«Для дзяржавы моцны рубель таксама не вельмі добры, бо экспарт становіцца больш дарагі. Аднак умацаванне расейскай валюты працягвае падтрымліваць беларускі рубель да долара і еўра. Пры гэтым, калі паглядзець на дынаміку курсу беларускага рубля да кошыка валютаў, то сітуацыя зусім іншая. Да кошыка валютаў рубель абясцэньваецца», – заўважае Настасся Лузгіна.

Эканамісты таксама адзначаюць, што рабіць прагнозы ў справе курсу беларускага рубля цяпер даволі складана. Леў Марголін у размове з «Белсатам» нагадвае, што цяпер экспарт Беларусі скарачаецца, верагодна, ён будзе скарачацца больш хуткімі тэмпамі, чымся імпарт.

«Акрамя таго, некаторыя эксперты кажуць, што Нацбанк запусціць друкарскі станок. Ужо цяпер Міністэрства фінансаў набывае некаторыя паперы. Усё гэта паўплывае на курс нашай валюты. Таму, я думаю, што ў сярэднетэрміновай перспектыве рубель будзе слабець», – прагназуе Леў Марголін.

Аб’ектыў
Чаму ўмацоўваецца беларускі рубель?
2022.03.31 22:45

За мяжою да беларускай валюты даверу няма

Варта таксама адзначыць, што сітуацыя з курсам беларускага рубля на міжнародным рынку не такая станоўчая. Шмат якія беларусы, якія працуюць за мяжой і пералічваюць сваім родным грошы, сутыкаюцца з тым, што курсы нашага рубля вельмі нізкія. У некаторых мабільных праграмах, якія выкарыстоўваюць беларускія прадпрымальнікі для замежных аплатаў, увогуле курс беларускага рубля складае нават 3,38 рубля за долар ЗША.

«Гэта ўжо прыватная ініцыятыва біржы. Там могуць лічыць, што беларуская валюта ўвогуле рызыкоўная, і яе ў будучыні будзе даволі складана прадаць. Але гэта ніяк не звязана з уладамі краіны. Раней, калі ў нас было мноства курсаў, а ўлады мэтанакіравана стрымлівалі курс нашай валюты, то сапраўды, на разных сегментах беларускага рынку, на вонкавых пляцоўках курс рубля істотна адрозніваўся ад афіцыйнага. Таму цяпер, калі некаторыя біржы ставяць нізкі курс рубля, то верагодна, што пэўная пляцоўка не жадае мець справаў з беларускім рублём і страхуе свае рызыкі, таму выстаўляе такія завоблачныя курсы, каб абмежаваць супрацу. Але гэта залежыць выключна ад пляцовак», – кажа Настасся Лузгіна.

Як захаваць свае ашчаджэнні?

У сувязі з ростам курсу расейскага рубля ў Беларусі некаторыя пачалі захоўваць свае ашчаджэнні ў валюце РФ. Пры гэтым людзі распавядаюць «Белсату», што хвалююцца за свае грошы і пільнуюць фінансавы рынак. Паколькі няма даверу да расейскага рубля, грамадзяне гатовыя ў любы момант канвертаваць свае ашчаджэнні ў долары ці еўры.

Белорусские банки, деньги, Белинвестбанк
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Тут сітуацыя двухбаковая, кажа фінансавы аналітык Настасся Лузгіна. З аднаго боку, сапраўды рызыкі даволі вялікія, бо для самой расейскай эканомікі цяпер існуе шэраг выклікаў. Пакуль не ясна, які эфект будзе ад санкцыяў. З іншага боку, у сучасным свеце ўсё мяняецца, і расейская эканоміка ўвесь час пад ударамі. Свае прагнозы расейскія ўлады маюць перагледзіць у бок умацавання рубля, бо ранейшыя ацэнкі разглядаліся ў сітуацыі, калі курс прадугледжваўся ў межах 70–80 рублёў за долар ЗША. З аднаго боку, для Расеі добра, калі назіраецца рост экспарту і зніжэнне імпарту, але з іншага – гэта не так і станоўча. У вытворчасці пачаліся праблемы з камплектавальнымі. І сказаць, як будзе працаваць у будучым вытворчасць, даволі складана, адзначае эканамістка. Але да канца года нейкага істотнага зніжэння расейскага рубля не чакаецца. Найперш праз дастаткова высокія кошты на сыравіну.

Долар цяпер адчувае сябе даволі добра і нават падрос да еўра. Некаторыя аналітыкі лічаць, што курс можа быць адзін да аднаго або каля гэтага. Рэч у тым, што еўрапейская эканоміка залежыць ад паставак з Расеі, таксама на яе ўплываюць санкцыі. Яны таксама сутыкаюцца з складанасцямі, якія бачныя па інфляцыі, якая паскорылася ў еўразоне. У любым выпадку гэтыя палітычныя і ваенныя дзеянні адлюстроўваюцца на эканоміках усіх краінаў рэгіёну, адпаведна, гэта вызначае і валютныя рызыкі. Каб не страціць сваіх ашчаджэнняў, варта іх дыверсіфікаваць, але зарабіць пры такім варыянце будзе складана.

Аб’ектыў
З кім надалей Лукашэнка збіраецца весці гандаль?
2022.06.08 23:19

Здымак вокладкі: Белсат

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў