Папярэдзьце родных. Топ-5 махлярстваў з кватэрамі, папулярныя ў Беларусі


У Беларусі ўсё менш прабелаў у заканадаўстве, якое рэгулюе пераходы права ўласнасці на жытло. Але шчыліны для ашуканцаў розных тыпаў усё роўна застаюцца. Налічылі 5 папулярных схемаў.

Алкаголік едзе ў вёску

Пітушчыя ўласнікі жытла з запазычанасцямі ў камуналцы, умоўны Толік – улюбёная і лёгкая здабыча ашуканцаў. З Толікам знаёмяцца, пастаўляюць алкаголь і цыгарэты, хутка ўціраюцца ў давер. А потым новыя сябры пачынаюць тлумачыць: калі Толя не пазбавіцца запазычанасці за святло і ваду, яго выкінуць на вуліцу паводле суда. Але ёсць добрае выйсце. Сябры сплочваюць пазыкі, дапамагаюць прадаць кватэру, а наўзамен купляюць жытло без запазычанасці дзе-небудзь у вёсцы або амаль пакінутым райцэнтры, і яшчэ застаецца шмат грошай на бесклапотнае жыццё. Ну навошта гэты горад, здаўся ён табе, а за горадам прырода, цішыня…

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Раней «сябры» дапамагалі ў прыватызацыі, плацілі за яе, і прыбытак з Толікаў быў невялікі. Цяпер прыватызацыя завершаная, Толікі – уласнікі, так што ўсе выдаткі – запазычанасць за камуналку і купля развалюхі за 100 км ад гораду. Звычайна Толіку аддаюць на рукі нават 5 тысячаў рублёў, каб фармальна не было да чаго прычапіцца.

Шмат судоў у справе такіх ашуканцаў было да 2020 года: міліцыя мэтанакіравана адшуквала выселеных алкаголікаў у вёсках і садзіла іхных «дабрадзеяў». Пасля суда ўгода аб продажы кватэры Толіка прызнавалася несапраўднай. І, калі ў Толіка былі сваякі (у саміх алкаголікаў мала сілаў змагацца), яны маглі дапамагчы высяленцу падаць у суд на вяртанне некалі прададзенага жытла, запускаючы ланцужок няшчасцяў для тых, хто гэтае жытло набыў. Бо паводле закону добрасумленныя пакупнікі павінны былі патрабаваць грошы з махляроў, а з тых узяць аказвалася няма чаго, ва ўласнасці – старая машына і тэлефон.

У Магілёве дзеяла нават банда чорных рыэлтараў – тыя абыходзіліся без набывання дамоў для пацярпелых, іх проста забівалі. За апошнія два гады пра такія суды нічога не чуваць.

Бабуля дорыць кватэру

Частыя ахвяры махляроў – сталыя людзі без родных або са сваякамі, з якімі сувязі з нейкіх прычынаў не падтрымоўваюцца. Дзеля такіх прадугледжаныя сацыяльныя работнікі. І з зайздроснаю рэгулярнасцю фіксуюцца выпадкі, калі сацыяльныя работнікі ўгаворваюць сталых людзей перапісаць жытло на сваіх сваякоў – пазначыць у завяшчанні, аформіць дамову пажыццёвага забеспячэння з утрыманнем. Самыя нахабныя і зусім вязуць да старога знаёмага натарыуса, які афармляе дамову дарэння. Нахабныя, бо дамова дарэння прадугледжвае, што кватэра ўжо не належыць сталаму ўладальніку. У тэорыі яго можна выкінуць на вуліцу хоць заўтра. Зрэшты, так звычайна не паступаюць: занадта ж вялікая верагоднасць, што міліцыя зацікавіцца такім «новым бяздомнікам». Таму чакаюць смерці экс-уласніка.

А потым родным у судзе вельмі складана даказаць, што старога падманулі. Бо ў жыцці сталага чалавека яны ўдзелу з нейкіх прычынаў не бралі. Ну захацеў чалавек падарыць (адпісаць) сваю кватэру іншаму чалавеку – меў права. А ўзрост не кажа пра недзеяздольнасць.

Штогод фіксуецца некалькі падобных выпадкаў. Калі сталы чалавек жывы, родным часцяком (але не заўсёды) удаецца даказаць несапраўднасць дамоваў дарэння, тастаментаў, дамоваў забеспячэння з утрыманнем.

Здымае мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

З выпадкамі, калі сталы чалавек сапраўды быў самотны, разбіраюцца вельмі рэдка, бо пацярпелая тут – дзяржава, якая не атрымала кватэры. А хто паведаміць, што яна пацярпела?

Дыягназ як спосаб зарабіць

Яшчэ адзін спосаб несумленна зарабіць грошы на нерухомасці даступны ашуканцам з афіцыйнаю даведкаю пра псіхіятрычны дыягназ. Часам яны пракручваюць гэта самастойна, часам дапамагае сваяк. Кватэра чалавека з дыягназам (але не пазбаўленага дзеяздольнасці) выстаўляецца на продаж, умовы ўгоды – заключэнне дамовы задатку. Пакупнік правярае дакументы на кватэру (з імі ўсё ў парадку) і ўносіць гэты задатак. Звычайна – эквівалент 1-2 тысячам долараў.

У дамове аб задатку прапісваецца, што той не вяртаецца ў выпадку, калі пакупнік сам адмовіўся ад набыцця. А ён адмаўляецца сам, калі даведваецца пра дыягназ уласніка. Паколькі наперадзе магчымыя суды і прызнанне ўгоды несапраўднаю, у гэтай схеме важна тое, што ў бакоў ёсць дамова, таму фармальна ўсё законна і складу злачынства няма. А пакупніку прасцей плюнуць на гэты задатак, чымся ісці ў міліцыю і заяўляць, што яго абдурыў чалавек з даведкаю.

Продаж няіснай кватэры

Схема папулярная ў Расеі, але і ў Беларусі дае прыбытак. Ашуканец выстаўляе добрую кватэру за паўкошту. Фота бярэ з інтэрнэту. Піша, што сам за мяжою, моцна заняты, прыедзе толькі на дзянёк дзеля ўгоды. Каб пакупнік даказаў сур’ёзнасць намераў і наяўнасць грошай, ён павінен скінуць сваёй даверанай асобе за мяжою 7, 10, 12 тысяч долараў, а прадаўцу – квітанцыю, што пералік зроблены. Маўляў, грошы можа зняць толькі давераная асоба, не хвалюйцеся, вы нічым не рызыкуеце.

Раней прапаноўвалі даслаць грошы міжнароднымі сістэмамі грашовых пералікаў, цяпер – праз расейскі «Контакт».

Неўзабаве пасля таго як наіўныя грамадзяне паказваюць ашуканцу квітанцыю пра пералік, грошы знікаюць. Потым пацярпелы даведаецца, што зняць грошы можна і паводле рэквізітаў, якія фігуравалі ў квітанцыі.

Схема простая і, здавалася б, усе пра яе чулі. Але не. З кожнай аб’явы ашуканцы здымаюць грошы ў трох, пяці наіўных беларусаў, часцей за ўсё, з рэгіёнаў. І не было паведамленняў, што міліцыі ўдалося вярнуць пацярпелым іхныя грошы.

Кватэрка за пазыку

Ёсць катэгорыя людзей, якім трэба грошы любым коштам. Людзям з нізкімі прыбыткамі крэдытаў не даюць – і яны звяртаюцца да мутных кантораў, якія выдаюць грошы пад заклад. Калі ў закладзе аказваецца кватэра, а грамадзянін не паспеў разлічыцца (адсоткі па такіх пазыках гіганцкія, як і пеня за пратэрмінаванне плацяжоў ды плата за «паслугі агенцтва»), жытло праз суд канфіскуецца, прадаецца, грошы ідуць таму, хто выдаў пазыку.

Часцяком грошай ад продажу кватэры не стае, і даўжнік выплочвае рэшту пажыццёва.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Такіх гісторыяў процьма. І ўсе яны праходзяць па-за міліцыяй. Паколькі заключаць дамову на дзікіх умовах грамадзяніна не прымушалі, і наагул гэта цывільна-прававыя стасункі.

Выпадкі, калі такім грамадзянам удавалася вярнуць сваю маёмасць, адзінкавыя. Ім удавалася знайсці добрага адваката, які даказваў у судзе, што дамова была кабальная.

Цікава, што пра схему не раз пісалі медыі, але і пасля публікацыяў праваахоўнікі ёй не зацікавіліся.

Па-за рэйтынгам

Па-за рэйтынгам ідуць зусім ужо дзіўныя выпадкі. Накшталт таго, што адбыўся нядаўна: махлярка зняла кватэру і прадала яе за 30 тысяч долараў маладому сужэнству. Зразумела, што дакументаў на руках у махляркі не было – людзі проста аддалі грошы, не пабываўшы ў БТІ ці хоць бы ў натарыуса.

Уласна, рэйтынг паказвае: каб пазбавіцца кватэры альбо грошай на кватэру, трэба быць альбо алкаголікам, альбо вельмі наіўным і даверлівым.

Дзяніс Бетонны / Герон Belsat.eu

Стужка навінаў