Не паўтараць памылак Каліноўскага і не быць «Белоруссией». Што беларусам раяць на форуме Каліноўскага

Павел Латушка заклікае стварыць пераходны ўрад і пачаць нацыянальна-вызвольны рух, а экс-міністр замежных справаў Польшчы засцерагае ад заўчасных паўстанняў.

Поўны запіс першай часткі форуму Каліноўскага:

Чацвёртая Канферэнцыя Каліноўскага, якая раней праводзілася ў Вільні, 21 чэрвеня ўпершыню праходзіць у Бруселі – сталіцы Бельгіі і Еўразвязу. На канферэнцыі сёння абмяркуюць рэжым Лукашэнкі ў кантэксце вайны ва Украіне; рэпрэсіі ў Беларусі і лёсы палітычных зняволеных; шляхі стрымлівання гвалту рэжыму Лукашэнкі; сітуацыю з незалежнымі медыямі і дзяржаўнай прапагандай у Беларусі.

У час форуму не раз згадвалі фразу «за нашу і вашу свабоду» – як у кантэксце планаў надаць Украіне і Малдове (а магчыма, і Грузіі) статус кандыдатаў на далучэнне да Еўразвязу, гэтак і ў кантэксце, што не трэба забываць пра Беларусь, лёс якой звязаны з лёсам Украіны і расейскай агрэсіяй.

У Бруселі распачаўся форум Каліноўскага: «За нашу і вашу свабоду»

Новае «сядзенне на двух крэслах» ад Лукашэнкі ці новая Халодная вайна, у якой трэба выбраць бок?

На секцыі, прысвечанай рэжыму Лукашэнкі ў час вайны Расеі супраць Украіны, выступоўцы згадвалі пагрозу беларускаму суверэнітэту.

«Беларусь цяпер больш, чым проста Беларусь, і Украіна больш, чым Украіна», – адзначыў на форуме Бату Кутэля, былы першы намеснік міністра абароны Грузіі (2007-2008 гг).

Лукашэнку і Пуціну цяпер можна быць удзячнымі за тое, што яны «знялі маскі», пажартаваў эксперт Атлантычнай рады Браян Уітмар: раней можна было палічыць, што ўзамен на палягчэнне санкцыяў Лукашэнка можа не толькі вызваліць пару палітвязняў, але і можа стаць менш залежным ад Расеі.

Эксперт Атлантычнай рады Браян Уітмар і Бату Кутэля, былы першы намеснік міністра абароны Грузіі (2007-2008 гг). Фота: Белсат

Цяпер жа, казаў Уітмар, сітуацыя падобная на 1947 год: пачатак Халоднай вайны, калі «маляваліся лініі падзелу». Калі Украіна пераможа, то ў Беларусі будзе шанец трапіць у еўрапейскую частку свету (тут чыноўнікі маюць на ўвазе ЕЗ), але калі Украіна прайграе, улятучыцца і тая малая частка беларускага суверэнітэту, што засталася, мяркуе Уітмар. Расейскія імперскія праекты заўсёды пачыналіся з земляў Беларусі і Украіны, але ніколі на іх не спыняліся. Назіраць давядзецца альбо аднаўленне апошняй ітэрацыі Расейскай імперыі, або нарэшце смерць гэтай імперыі.

Польскі дыпламат Павел Верчынскі запэўніў: цяпер варыянт дамовы з Лукашэнкам накшталт «транзіт украінскага збожжа ў абмен на палягчэнне санкцыяў» не разглядаецца – будуць шукаць іншыя опцыі, як то адкрыццё ўкраінскіх партоў.

Амбасадар Еўразвязу ў Беларусі Дырк Шубэль. Фота: Белсат

Амбасадар Еўразвязу ў Беларусі Дырк Шубэль згадаў дзеянні вайскоўцаў рэжыму Лукашэнкі на мяжы (вучэнні і стварэнне аператыўнага камандавання), паўтарэнне прапагандай Лукашэнкі прапаганды Крамлю. Пры гэтым заўважыў, што большасць беларусаў (каля 90 %, паводле незалежных апытанняў) не падтрымлівае ўдзел Беларусі ў расейскай агрэсіі. На ягоную думку, з падзеннем эканамічных паказнікаў раней ці пазней Лукашэнка вернецца да «балансавання» між Расеяй і Еўропай, ужо чуваць ад Лукашэнкі наратывы пра «мы не частка гэтай вайны». Але лёс Лукашэнкі залежыць ад вынікаў расейскай вайны ва Украіне, перакананы ён.

Шубэль таксама нагадаў, што ёсць два «шостыя пакеты» санкцыяў Еўразвязу: адзін за вайну Расеі супраць Украіны, куды часткова трапілі і прадстаўнікі Беларусі, а другі, які яшчэ маюць прыняць, будзе тычыцца менавіта сітуацыі ў Беларусі.

Памочніца Генеральнага сакратара NATO Байба Бражэ. Фота: Белсат

Памочніца Генеральнага сакратара NATO Байба Бражэ адзначыла, што ёсць дзве прычыны, з якіх Альянс хвалюецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі: па-першае, NATO заснаванае на прынцыпах аховы свабоды і суверэннасці, а, па-другое, дэмакратычныя і вольныя краіны проста не атакуюць суседзяў.

Прафесар стратэгіі і бяспекі ва Універсітэце Экстэра Джэймі Шыа звярнуў увагу на тое, што NATO мусіць запоўніць «вакуум бяспекі» ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, бо расейская пагроза краінам гэтага рэгіёну ўжо не выглядае фантастычнай. Ён засцярог ад прамаруджвання з прыняццем у Альянс Швецыі і Фінляндыі, згадаўшы, як прамарудзілі калісьці з Украінай і Грузіяй (на якія ў выніку напала Расея).

Што рабіць? Тры пункты ад Латушкі і засцярога ад Сікорскага

Калісьці беларускі дыпламат і міністр культуры, а цяпер лідар «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення» Павел Латушка згадаў, што Грузія, Малдова і Украіна лічыліся «сферай уплыву Расеі» і сталі ахвярамі расейскай агрэсіі праз тое памылковае меркаванне. У аб’яднанай Еўропы, сказаў ён, цяпер ёсць гістарычны шанец надаць ім еўрапейскую будучыню. Ён звярнуўся да Еўропы адносна Беларусі: мы таксама не «рускі мір», не сфера ўплыву Расеі.

«Зло не павінна мець сфераў уплыву, ніводная краіна не павінна быць сферай уплыву зла», – казаў Латушка.

Большасць беларусаў, заявіў ён, за еўрапейскі выбар Беларусі, а не за «рускі мір». Паводле Латушкі, беларусы «зразумелі, што не суседства з Расеяй вызначае наш цывілізацыйны выбар», але «геаграфічная блізкасць да Расеі стварае пагрозу такой будучыні». Цяперашні стан Беларусі ён назваў расейскай акупацыяй.

Форум Каліноўскага. Брусель, Бельгія, 21 чэрвеня 2022 года. Фота: Белсат

Беларусі і Еўропе трэба зрабіць па тры крокі, каб Беларусь не была «сферай расейскага ўплыву», сказаў Латушка. Схема такая.

Беларусь: стварыць пераходны ўрад дэмакратычных сілаў, пачаць нацыянальна-вызваленчы рух, зрабіць еўрапейскі выбар у якасці вольнай і дэмакратычнай дзяржавы.

Еўропа: цалкам ізаляваць рэжым Лукашэнкі на міжнароднай арэне і запрасіць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў на месца ізаляваных лукашэнкаўцаў, зрабіць афіцыйнае прызнанне акупацыі Беларусі Расеяй і прызнанне пераходнага ўраду, падтрымаць еўрапейскі выбар Беларусі пасля вызвалення і дэмакратычных выбараў.

Ды колішні міністр абароны і колішні міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі нагадаў, што паўстанне Каліноўскага скончылася трагічна, бо пачыналася без дастатковых сілаў і зброі, без вонкавай падтрымкі. Ён параіў беларусам: «арганізуйцеся і чакайце слушнага рэвалюцыйнаму моманту».

Пакуль Пуцін ва ўладзе, ён будзе намагацца трымаць Беларусь пад кантролем, перакананы Сікорскі. Нацыі з 10 мільёнаў чалавек няпроста стаць незалежнай ад нацыі са 145 мільёнаў. Вызваленні здараюцца, калі рэжымы банкрутуюць і не могуць плаціць сілавікам, калі адбываецца раскол ва ўладзе, калі губляецца падтрымка метраполіі. На гэты выпадак трэба мець альтэрнатыўную эліту. У беларусаў ужо ёсць Святлана Ціханоўская як прызнаны лідар, ёсць Полк Каліноўскага (які запісаў да Форуму адмысловы зварот), ёсць вайна ва Украіне, дзе як мінімум няма гарантыяў расейскай перамогі, а ёсць даволі рэальная пагроза паразы расейскага рэжыму.

«Беларусь будзе вольнай, «Белоруссия» ніколі не будзе вольнай», – падкрэсліў дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Аляксей Ганчарэнка, лідар парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь».

Паводле яго, украінскія перамогі ў вайне з Расеяй называюць «цудам», а той цуд адбыўся не зброяй, а духам, бо ўкраінцы не баяліся Пуціна – і баяцца Пуціна не мусяць у Еўропе і за акіянам. Ён заклікаў выразна казаць, што Лукашэнка вінны ў агрэсіі, бо даў тэрыторыю для агрэсіі, не гандляваць з Лукашэнкам, не заключаць з ім пагадненняў. Але разам з тым – не толькі даць Украіне, Малдове і Грузіі статус кандыдатаў на далучэнне да Еўразвязу, але і падтрымаць балканскія і скандынаўскія краіны ў памкненні да волі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны