Не мінула і двух тыдняў: Мінсельгасхарч змяніў свае ж цэны на экспарт мяса і малака


Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі сваёй пастановай № 65 ад 20 чэрвеня змяніла мінімальныя экспартныя цэны на малако і мяса, што былі прызначаныя толькі 10 дзён таму.

Мясныя вырабы на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 24 лютага 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

У выніку цэны на ялавічыну для продажу ў Расею, краіны СНД і Грузію выраслі на $ 0,1 за кілаграм. Яе цяпер туды нельга прадаваць танней чым $ 4,1 за кілаграм для маладняка і $ 3,8 для дарослых кароваў. Для астатніх краінаў цэны засталіся $ 4,35 і $ 3,9 за кілаграм адпаведна.

Мінімальная цана на сухое абястлушчанае малако знізілася на ₽ 40 пры пастаўках у Расею – да ₽ 210 за кілаграм. Для астатніх краінаў цана захавалася $ 3,3 за кілаграм.

Сухое цэльнае малако ў Расею мусяць прадаваць не танней чым ₽ 310 за кілаграм (было 330).

Мінімальная цана на масла для Расеі складае ₽ 450 за кілаграм (было 482), для краінаў ЕАЭС – $ 6,5 за кілаграм, для краінаў СНД і Грузіі – $ 6,1, для Азербайджану – $ 6,2, а для астатніх – $ 5,9 за кілаграм.

Сыры тлустасці 45 % і ніжэйшай будуць прадавацца ў РФ не танней чым ₽ 415 за кілаграм, у краіны ЕАЭС – не танней як $ 5,87, а ў астатнія дзяржавы – $ 4,67. Цана на сыры тлустасці, большай за 45 %, будзе ₽ 420 для Расеі, $ 5,94 – для краінаў ЕАЭС і $ 4,74 – для астатніх дзяржаваў.

Таксама з’явілася новая катэгорыя «сыры іншыя: нятлустыя і абястлушчаныя для плаўлення», якія можна прадаваць у Расею не танней чым ₽ 320 за кілаграм.

Аналітыка
«Абмежаваць абедзве праблемы». Навошта ў Беларусі ўсталявалі мінімальныя кошты на экспарт мяса і малака
2022.06.14 11:01

Нагадаем, што ўрад Беларусі зацвердзіў пералік тавараў, на якія прызначыў гранічныя мінімальныя экспартныя цэны. Адпаведная пастанова Савету Міністраў № 379 ад 9 чэрвеня была апублікаваная на Нацыянальным прававым партале pravo.by.

У пералік тавараў увайшлі асобныя віды мясной і малочнай прадукцыі – сухое абястлушчанае і цэльнае малако, масла, сыры, мяса буйной рагатай жывёлы.

Неўзабаве з’явілася і адпаведная пастанова Мінсельгасхарчу, што прызначыла з 11 чэрвеня тыя самыя гранічныя мінімальныя цэны на экспарт.

Як мяркуе эканаміст Дзмітрый Крук, такім чынам улады імкнуцца забіць двух «экспартных» зайцоў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў