На мяжы з Украінай стаяць да сямі беларускіх батальёнаў

На мяжы Беларусі з Украінай – да чатырох тысячаў беларускіх вайскоўцаў. Пра гэта заявіў спікер Міністэрства абароны Украіны Аляксандр Матузянік, паведамляе «Українська правда».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: mil.by

«На мяжы ў Берасцейскай і Гомельскай вобласцях цяпер да сямі беларускіх батальёнаў. Гэта прыкладна 3,5–4 тысячы асабовага складу. Але трэба разумець, што там ёсць і расейскія войскі. Не скажу іх колькасці, але ёсць шэраг мясцовасцяў, дзе яны раскватараваныя», – заявіў Матузянік.

Паводле спікера, агулам войска Беларусі налічвае 60 тысячаў чалавек, але ўлады Лукашэнкі хочуць павялічыць яго яшчэ на 20 тысячаў.

Таксама Матузянік не выключае, што расейцы змогуць дастаткова хутка перакінуць на тэрыторыю Беларусі нейкія дадатковыя рэзервы і, магчыма, падрыхтаваць наступленне:

«На сёння мы пакуль гэтага не бачым».

Тым не менш, Украіна вымушаная трымаць на мяжы войскі, бо, «як толькі мы прыбярэм адтуль свае падраздзяленні, яны могуць ажыццявіць паўторны наступ».

«Дарога ў адзін канец». Ва Украіне распавялі, што чакае беларускіх вайскоўцаў у выніку агрэсіі

Калі лукашэнкаўскі рэжым у Беларусі наважыцца напасці на Украіну, ён сутыкнецца са шматлікімі перашкодамі. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі памежнай Ровенскай вобласці Віталь Коваль:

«Ехаць ва Украіну праз Ровенскую вобласць будзе фатальнаю памылкай і дарогай у адзін канец».

Коваль адзначыў, што на мяжы з Беларуссю ўзмоцнена нясуць баявое дзяжурства Збройныя сілы Украіны, а яшчэ тэрытарыяльная абарона і добраахвотныя грамадскія атрады, а тэрыторыя вобласці – гэта лясы і балоты.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны