«Канчатковае рашэнне», або «дэўкраінізацыя». Як пуцінская Расея капіюе гітлераўскую Нямеччыну


Прыёмы, якія Уладзімір Пуцін і расейская прапаганда выкарыстоўваюць для апраўдання вайны супраць Украіны, вельмі падобныя да тых, пры дапамозе якіх гітлераўская Нямеччына апраўдвала свае дзеянні падчас Другой сусветнай вайны. Падабенства можна знайсці і ў тым, як агрэсары бачылі будучыню акупаваных тэрыторыяў. Belsat.eu разбіраўся ў гістарычных паралелях.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Графіці ў Бялградзе, Сербія. 20 чэрвеня 2022 года.
Фота: Zorana Javtic / Reuters / Forum

Рэваншызм: Вэрсальская дамова і распад СССР

Нарожным каменем агрэсіўнай вонкавай палітыкі Адольфа Гітлера было імкненне скасаваць Вэрсальскую дамову 1919 года, якая сталася вынікам паразы Нямеччыны ў Першай сусветнай вайне. Умовы той дамовы сапраўды былі жорсткія: агулам Нямеччына страчвала 13 % сваіх тэрыторыяў у Еўропе, каля 10 % насельніцтва, на краіну накладаліся вялікія рэпарацыі ды абмежаванні ў вайсковай сферы.

Для імперскай свядомасці немцаў Вэрсальская дамова была нацыянальнаю катастрофай і прыніжэннем. Гітлер з самога пачатку сваёй палітычнай кар’еры эксплуатаваў гэтую крыўду нямецкага грамадства. Прыйшоўшы ў 1933 годзе да ўлады, нацысты абяцалі пазбавіць краіну ад «кайданоў» Вэрсальскай дамовы і зноў зрабіць Нямеччыну вялікаю. Хаця пры гэтым Гітлер запэўніваў увесь свет, што не збіраецца ваяваць і не плануе змяняць межаў за кошт іншых народаў.

Нарожным каменем агрэсіўнай вонкавай палітыкі пуцінскай Расеі сталася імкненне перагледзець сусветны парадак, які ўсталяваўся пасля распаду СССР. Упершыню публічна Пуцін кінуў выклік існай сістэме ў 2007 годзе ў сваёй прамове на Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы.

Пуцін неаднаразова называў распад СССР «найбуйнейшаю геапалітычнаю катастрофаю XX стагоддзя» і наракаў, што мільёны расейцаў супраць свайго жадання апынуліся за мяжою (Гітлер у свой час наракаў на тое, што мільёны чалавек «нямецкай крыві былі адрэзаныя ад радзімы»). Згодна з гэтым наратывам, незалежнасць былых савецкіх рэспублік успрымалася як недарэчнасць, бо само іх існаванне нібыта сталася вынікам «несправядлівасці» 1991 года. Расейскія ўлады цягам больш як 20 гадоў распальвалі рэваншысцкія настроі ў грамадстве і вінавацілі ўва ўсіх сваіх бедах Захад.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Футболка з сімвалам «Z» у вітрыне крамы падарункаў у Маскве, Расея. 27 траўня 2022 года.
Фота: Яўгена Наважэніна / Reuters / Forum

І Гітлер 1 верасня 1939 года, і Пуцін 24 лютага 2022 года значную частку сваіх ваенных прамоваў прысвяцілі менавіта нараканням на несправядлівасць сусветнага парадку, які ўсталяваўся пасля Вэрсалю і распаду СССР адпаведна (у Пуціна амаль палова выступу на гэта сышла).

Гітлер тлумачыў, што ён нібыта доўгія гады спрабаваў мірным шляхам развязаць праблему, «створаную Вэрсальскім дыктатам», але «заходнія дэмакратыі» не хацелі гэтым займацца.

Пуцін таксама казаў пра тое, што пасля распаду СССР Захад ігнараваў інтарэсы Расеі, хаця на працягу «30 гадоў мы настойліва і цярпліва спрабавалі дамовіцца з асноўнымі краінамі NATO аб прынцыпах роўнай і непадзельнай бяспекі ў Еўропе».

Праграмны артыкул на сайце дзяржаўнага агенцтва «РИА Новости», які планавалася апублікаваць пасля захопу Кіева, апеляваў менавіта да пераадолення «катастрофы» 1991 года і называўся «Наступленне Расеі і новага свету».

Апраўданне вайны: дзе вы былі 8 (або 20) гадоў?

У сваёй прамове 1 верасня 1939 года Гітлер казаў, што нямецкае насельніцтва ў Польшчы зазнае «тэрор і ціск», а ўсе прапановы ўрэгуляваць сітуацыю Варшава адхіляе. Таксама ён абвінаваціў палякаў у серыі памежных інцыдэнтаў і агрэсіўных дзеяннях на нямецкай тэрыторыі (правакацыя ў Гляйвіцы). Гітлер заявіў, што ў гэтых умовах ён вымушаны прыбегчы да сілавога рашэння, каб пазбавіцца пагрозы на сваіх усходніх межах і забяспечыць мір.

Гітлер 1 верасня 1939 года не казаў пра акупацыю ўсёй Польшчы. Ён сцвярджаў, што ягоныя задачы – развязаць праблемы Данцыгу і калідору да яго, а таксама «забяспечыць змены ў дачыненнях паміж Нямеччынай і Польшчай, якія павінны гарантаваць мірнае суіснаванне».

Рытарычныя прыёмы, якія выкарыстоўваў Пуцін у сваёй прамове 24 лютага 2022 года, вельмі падобныя да тых, якімі карыстаўся Гітлер. Звесці іх можна да простай схемы: мы рабілі ўсё, каб захаваць мір, але нас ігнаравалі, а нашых суайчыннікаў прыгняталі, таму мы вымушаныя пазбавіцца ад гэтай пагрозы дзеля міру.

Пуцін абвінаваціў Украіну ў тым, што людзі на Данбасе 8 гадоў «зазнаюць здзекі» і ўвесь гэты час Расея нібыта рабіла ўсё, каб развязаць сітуацыю мірнымі сродкамі. Расейскі лідар сцвярджаў, што не збіраецца нікога акупаваць, а ягоная мэта – абарона людзей і пазбаўленне ад пагрозы з боку Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі падчас прарасейскай акцыі пратэсту ў Бялградзе, Сербія. 15 красавіка 2022 года.
Фота: Zorana Javtic / Reuters / Forum

Цікава, што Гітлер 1 верасня паабяцаў наносіць авіяўдары выключна па ваенных цэлях у Польшчы ды не ваяваць «супраць жанчын і дзяцей». Гэтую ж хлусню расейскія ўлады рэгулярна паўтараюць і падчас уварвання ва Украіну.

І гітлераўская Нямеччына, і пуцінская Расея пры гэтым вінавацілі ў зацягванні канфлікту Захад. Паводле немцаў, Францыя і Вялікая Брытанія нематывавана абвесціла ім вайну, хаця яны з імі ваяваць не збіраліся. «Жаданне Нямеччыны – толькі мір», – пісала галоўная нацысцкая газета «Völkischer Beobachter» у кастрычніку 1939 года. А Крэмль цяпер сцвярджае, што Захад зацягвае вайну, бо дапамагае Украіне зброяй.

«Папераджальны адпор агрэсіі»

Наракаць на пакуты нямецкай меншасці ў выпадку нападу на СССР Гітлеру было значна цяжэй, таму было выдуманае новае апраўданне для агрэсіі – вымушаны прэвентыўны ўдар.

У ноце міністра замежных справаў Нямеччыны Ёахіма фон Рыбэнтропа да савецкага ўраду 22 чэрвеня 1941 года адзначалася, што СССР сцягнуў да мяжы войскі і гэтая канцэнтрацыя мела «агрэсіўны характар». Берлін абвінаваціў Маскву ў тым, што Чырвоная армія планавала «з тылу атакаваць Нямеччыну». «Фюрэр таму загадаў нямецкім узброеным сілам супрацьстаяць гэтай пагрозе ўсімі наяўнымі ў іх распараджэнні сродкамі», – адзначалася ў ноце.

9 траўня 2022 года, апраўдваючы агрэсію супраць Украіны, Пуцін заявіў:

«Адкрыта адбывалася рыхтаванне да чарговай карнай аперацыі ў Данбасе, да ўварвання на нашыя гістарычныя землі, у тым ліку Крым… Такім чынам планамерна стваралася абсалютна непрымальная для нас пагроза, прычым непасрэдна ля нашых межаў… Расея дала папераджальны адпор агрэсіі. Гэта было вымушанае, своечасовае і адзіна правільнае рашэнне».

Аляксандр Лукашэнка пайшоў яшчэ далей і заявіў, што Расея апярэдзіла ўкраінцаў літаральна на некалькі гадзінаў.

«Калі б за шэсць гадзінаў да аперацыі не быў нанесены прэвентыўны ўдар па пазіцыях – чатыры пазіцыі, я зараз пакажу, мапу прывёз – яны б атакавалі нашыя войскі, Беларусі і Расеі, што былі на вучэннях. Таму не мы распачалі гэтую вайну, нашае сумленне чыстае», – заявіў ён на сустрэчы з Пуціным 11 сакавіка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Данецк, Украіна. 22 лютага 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

Дэгуманізацыя

І да, і падчас вайны нацысцкія выданні распавядалі пра прыгнёт нямецкай меншасці ў Польшчы. Насамрэч менавіта гэтая тэма, а зусім не заваяванне новых земляў была галоўным матывам прапаганды ў 1939 годзе і галоўным апраўданнем нападу на Польшчу ў вачах большасці немцаў.

Гвалт супраць немцаў або цалкам выдумляўся, або рэальныя факты раздзімаліся да фантастычных маштабаў. Газеты выходзілі пад загалоўкамі «58 000 ахвяраў польскага тэрору» або «20 гадоў польскага кіравання смерці». У сваіх рэпартажах пра «польскія зверствы» прапагандысты выстаўлялі праціўніка злачыннымі «недачалавекамі», якія хацелі знішчыць усіх этнічных немцаў. Немцаў ідэалагічна рыхтавалі да тэрору на акупаваных тэрыторыях – такі праціўнік апрыёры не мог выклікаць жалю. Тое ж адбывалася і падчас вайны з СССР: фельдмаршал Вальтэр фон Райхэнаў увосень 1941 года заклікаў нямецкіх салдатаў зрабіцца «мсціўцамі за быдлячыя злачынствы, учыненыя супраць нямецкага народу».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковец у класе сярэдняй школы № 50 на вуліцы Сакалоўскага. Горлаўка, Украіна. 25 лютага 2022 года.
Фота: Аляксандр Румін / TASS / Forum

Вобраз «бандэраўцаў», якія нібыта чыняць генацыд расейскага насельніцтва, пуцінская прапаганда стварала нават даўжэй, чым нацысты вобраз «недачалавекаў» з Усходу. Расейскія медыі цягам 8 гадоў вінавацілі ўкраінцаў у міфічных зверствах, распаўсюджвалі абсурдныя фэйкі пра «ўкрыжаваных хлопчыкаў» і «двух рабоў». Байцоў Нацыянальнай гвардыі называлі не інакш як «карнікамі» і «нацыстамі», украінскіх патрыётаў – «бандэраўцамі», а саму Украіну – «недадзяржавай». Як і ў выпадку з гітлераўскай прапагандаю, гэта мусіла апраўдаць вайну і крывавы тэрор на акупаваных тэрыторыях.

Адначасова і Расея, і Нямеччына выстаўлялі сябе вызваляльнікамі. Немцы заяўлялі, што вызваляюць народы СССР ад «бальшавіцкага ярма», расейцы – ад «бандэраўцаў» і «неанацыстаў».

Аналітыка
Міфы і рэальнасць. Што трэба ведаць пра ўкраінскі полк «Азоў»
2022.05.18 18:25

Новы парадак

4 красавіка на сайце галоўнага дзяржаўнага агенцтва «РИА Новости» выйшаў праграмны артыкул «Што Расея павінна зрабіць з Украінаю» аўтарства паліттэхнолага Цімафея Сяргейцава. У артыкуле пры дапамозе эўфемізмаў выкладаецца праграма масавага тэрору ў акупаванай Украіне, этнічных чыстак і татальнай русіфікацыі ўкраінскага насельніцтва.

У тэксце сцвярджаецца, што большасць украінцаў «уцягнутыя нацысцкім рэжымам у сваю палітыку», таму іх усіх Расея мае «дэнацыфікаваць». Тыя, хто браў у рукі зброю (ад байцоў ЗСУ да чальцоў тэрытарыяльнай абароны), паводле Сяргейцава, мусяць быць «максімальна знішчаныя на полі бою». Што датычыць «памагатых нацысцкага рэжыму», то іх будуць або караць смерцю, або пазбаўляць волі, або накіроўваць на прымусовую працу. Тых, хто «падтрымліваў нацысцкую ўладу і патакаў ёй», аўтар прапануе «перавыхоўваць» метадамі «ідэалагічных рэпрэсіяў» і «жорсткай цэнзуры».

Такога роду рэпрэсіі Сяргейцаў прапануе праводзіць на працягу не менш як аднаго пакалення, «якое павінна нарадзіцца, вырасці і дасягнуць сталасці ва ўмовах дэнацыфікацыі». Тых, каго перавыхаваць немагчыма, у артыкуле на сайце дзяржаўнага агенцтва прапануюць зліквідаваць. У якасці варыянту ўсім «ненавіснікам Расеі» таксама прапануецца з’ехаць у Заходнюю Украіну, бо яна наўрад ці ўвойдзе ў лік падкантрольных Расеі тэрыторыяў. «Дэнацыфікацыя непазбежна будзе і дэўкраінізацыяй», – падкрэслівае аўтар.

Рэальныя дзеянні Расеі ва Украіне (расстрэлы і катаванні мірных жыхароў, фільтрацыйныя лагеры і дэпартацыі) паказваюць, што гэтая праграма не проста фантазія асобнага аўтара.

Hавiны
«Human Rights Watch» падрыхтавала даклад аб зверствах расейскіх войскаў ва Украіне
2022.05.18 13:37

Праграма «дэўкраінізацыі» нагадвае метады нацысцкай акупацыйнай палітыкі. Галоўная мэта ў абодвух выпадках была адна – зламіць здольнасць заваяванага народу да любога супраціву. У Польшчы нацысты праводзілі маштабную кампанію для знішчэння польскіх элітаў – палітыкаў, чыноўнікаў, інтэлігенцыі, землеўласнікаў, афіцэраў і святароў (масавыя арышты і расстрэлы немцы называлі акцыямі «замірэння»). У СССР нацысцкія айнзацгрупы таксама мелі ўказанні знішчаць найбольш актыўную частку грамадства – прадстаўнікоў партыйных і савецкіх органаў, камуністычнай інтэлігенцыі і г. д. Дэпартавалі насельніцтва, людзей накіроўвалі на прымусовыя працы.

Акупаваныя тэрыторыі на Усходзе гітлераўскі рэжым планаваў каланізаваць. У дакументах, звязаных з распрацоўваннем генеральнага плану «Ост», разглядалася вялікая праграма «перасялення» большай часткі насельніцтва і «анямечванне» тых, хто застаўся.

Габрэі, з гледзішча нацыстаў, меліся быць татальна знішчаныя:прапаганда ўскладала на іх асноўную адказнасць за развязванне сусветнай вайны. Лідары Трэцяга райху сцвярджалі, што само існаванне габрэяў ёсць пагрозаю нямецкаму народу. Масавае знішчэнне габрэйскага насельніцтва нацысты называлі «канчатковым развязаннем габрэйскага пытання».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына ідзе побач з графіці са словамі «Слава Расеі» пасля ўварвання Расеі ва Украіну ў Бялградзе, Сербія. 20 чэрвеня 2022 года.
Фота: Zorana Javtic / Reuters / Forum

Прадстаўнікі пуцінскага рэжыму часам выкарыстоўваюць вельмі падобную лексіку. Кіраўнік «Роскосмоса» Дзмітрый Рагозін 14 чэрвеня напісаў у Twitter, што Украіна ўяўляе сабой «экзістэнцыйную пагрозу расейскаму народу», таму трэба з імі «скончыць» раз і назаўжды. Намеснік сакратара Савету бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў адзначыў, што праз 2 гады Украіна можа проста знікнуць з мапы свету.

Некаторыя расейскія афіцыйныя асобы нават не хаваюцца за эўфемізмамі. У траўні дэпутат Дзяржаўнай думы Аляксей Жураўлёў у эфіры тэлеканалу «Россия 1» заклікаў масава знішчаць украінцаў. Паводле яго, прыблізна 2 мільёны ўкраінцаў (каля 5 % усяго насельніцтва) можна лічыць «невылечнымі», таму яны мусяць «або з’ехаць з Украіны, або быць дэнацыфікаваныя, то бок знішчаныя».

Аналітыка
Ад выбуху дамоў да «сірыізацыі». Як Пуцін ператварыўся ў новага Гітлера
2022.04.16 17:15

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў