Смерць дзяўчыны ў фантане ў Докшыцах. Што вядома пра гэта?


21 чэрвеня ў фантане ў цэнтры Докшыцаў, каля мясцовага райвыканкаму, загінула дзяўчына, якая села туды, каб сфатаграфавацца. Сабралі ўсё, што на гэты час вядома пра здарэнне.

Нагадаем, што дзяўчына апусціла ногі ў фантан каля райвыканкаму, каб зрабіць прыгожае фота. Яе ўдарыла токам, і неўзабаве яна памерла.

Hавiны
У Докшыцах забіла токам дзяўчыну, якая апусціла ногі ў фантан
2021.06.21 12:50

Што кажуць сведкі

Паколькі здарэнне адбылося вельмі рана, то і сведак у здарэння няшмат.

«Я ведаю роўна тое ж, што і вы: дзяўчына загінула ад удару токам, – распавяла «Белсату» работніца крамы «Міла», размешчанай недалёка ад Докшыцкага выканкаму. – Фантан заўсёды працаваў, не памятаю я, каб яго надоўга закрывалі. Адкрылі яго даўно, але не памятаю, у якім годзе».

Сайт расейскай фірмы «Vodalux», якая ўсталёўвала фантан у Докшыцах, паведамляе, што адбылося гэта ў 2007 годзе да 600-годдзя гораду. Фантан мае падводную падсветку. У ягонай канструкцыі ўжытае абсталяванне фірмы «Fontana».

Фантан у Докшыцах.
Фота: radzima.org

У «Fontana» карэспандэнтам belsat.eu паведамілі, што не ў курсе здарэння. Паводле суразмоўцы, напружанне падсветкі, якую пастаўляе фірма, складае 12 В.

«12 В – гэта бяспечная напружанне. Яно не прадугледжвае, што чалавека можа забіць. У помпы напружанне 220 В, але звычайна яны ўсталяваныя на сухую. Тут трэба разбірацца», – паведамілі ў фірме.

Са Следчага камітэту ў фірму пакуль не тэлефанавалі.

Афіцыйная версія

Паводле Следчага камітэту, уначы 21 чэрвеня 22-гадовая дзяўчына гуляла са сваім знаёмым у Докшыцах. Яна вырашыла сфатаграфавацца ў фантане.

«Са словаў відавочцы, зайшоўшы ў ваду, яна атрымала ўдар токам. Да прыезду медыкаў яна памерла на месцы здарэння», – паведамілі ў СК Onliner.by.

У ведамстве адзначаюць, што пакуль «казаць пра прычыну гібелі дзяўчыны заўчасна, як і сцвярджаць тое, што гэта было смяротнае электратраўмаванне». Прызначаная судова-медычная экспертыза, ладзіцца праверка.

Падсветку з фантана СК забраў на экспертызу.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў