Настаўніцу з Іванава, якой далі «хатнюю хімію» за рэпосты, звольнілі з працы


У красавіку Алене Пуцыковіч з Іванава прысудзілі два з паловай гады «хатняй хіміі» за рэпосты «заведама ілжывых звестак» пра работнікаў унутраных спраў. Настаўніца рускай мовы і літаратуры з трыццацігадовым стажам, маці дваіх дзяцей падала апеляцыю і працягнула працу. Пра рашэнне суда другой інстанцыі, паводле самой Алены, яна даведалася 17 чэрвеня на сустрэчы з дырэктарам школы, на якой ёй паведамілі пра звальненне.

Алена Пуцыковіч. Фота з уласнага архіву

«Кіраўнік школы запрасіў мяне ў кабінет, – расказвае Алена Пуцыковіч. – Апроч яго там сядзелі завуч, кадравічка і прафсаюзны лідар – дырэктар сабраў усіх, каго змог, астатнія з адміністрацыі былі ў адпачынку. Ён зачытаў мне пісьмо ад пракурора, дзе паведамлялася пра рашэнне суда па апеляцыі, і сказаў, што мяне звальняюць. Мне і дагэтуль ніхто афіцыйна не паведаміў, што рашэнне суда ўступіла ў законную сілу – затое хутчэй паведамілі на працу, каб мяне звольнілі. Гэта выклікае неразуменне, але ўпісваецца ў карціну таго, што ў нас робіцца».

Такі працяг гісторыі Алену не здзівіў. Афіцыйна яна будзе звольненая з 2 ліпеня, цяпер жа настаўніца знаходзіцца ў адпачынку. Алена па адукацыі філолаг і не сумняецца, што са сваім досведам знойдзе працу.

Алена Пуцыковіч.
Фота: уласны архіў гераіні

«Я ўспрыняла паведамленне абсалютна спакойна, гэта было прадказальна, усе ўжо смяяліся, як гэта мяне не звальняюць, я і сама была трохі здзіўлена. На той сустрэчы я ўзяла слова і сказала, што засталася сумленным чалавекам, што адчуваю сілу, бо яна ў праўдзе – я ў гэтым шмат разоў пераканалася, што мне не сорамна глядзець людзям у вочы, што суды ў нас палітызаваныя, але рэжым доўга не ўтрымаецца, таму ўсё будзе добра. Лічу, з гэтай сітуацыі я выйшла пераможцай».

Гісторыі
«Людзі здзіўляюцца, што я хаджу і ўсміхаюся». Настаўніцы далі 2,5 года «хатняй хіміі» за рэпосты
2021.04.23 16:50

ІК, belsat.eu

Стужка навінаў