«Людзей можна запужаць, пасадзіць у турму, але ідэі не знішчыць». Беларускі мастак у Японіі – пра творчасць і пратэст


За падзеямі ў Беларусі актыўна сочаць беларусы з розных краінаў. Сочаць і, наколькі магчыма, рэагуюць. Малады мастак, беларус Ілля Ерашэвіч днямі зладзіў у Японіі, дзе жыве і вучыцца, перформанс. У цэнтры Токіа, стоячы на каленях з мяшком на галаве, абвязваў вакол шыі вяроўку і зачытваў імёны беларускіх палітычных вязняў, на той момант 476 асобаў.

У гутарцы з «Белсатам» Ілля распавядае, што хацеў сказаць сваёй акцыяй і як у Японіі падтрымліваюць беларусаў, якія прагнуць пераменаў.

Ілля Ерашэвіч зладзіў у Японіі мастацкі перформанс.
Фота: асабісты архіў

Шлях са Шчучына ў Японію

Ілля паходзіць са Шчучына. Вучыўся ў школе мастацтваў, займаўся музыкай і наагул быў вельмі актыўным хлопцам. Нягледзячы на захапленне маляваннем, пасля школы паступіў на праграміста ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Аднак хутка зразумеў, што тэхнічная спецыяльнасць – гэта не ягонае. Не давучыўшыся, паехаў на стыпендыю ў Чэхію, вучыцца ва ўніверсітэт у Брно і Остраве, дзе атрымаў сваю першую мастацкую адукацыю. Тут жа скончыў магістратуру.

«Чэхію мне шмат хто рэкамендаваў як краіну, дзе вельмі моцныя творчыя ВНУ. Акрамя гэтага, гэта лёгкая для адаптацыі краіна – культурай і менталітэтам. Таксама там вельмі прыгожа, вялікі прастор для натхнення праз архітэктуру, прыроду», – кажа Ілля.

Першыя ягоныя аўтарскія выставы ў Чэхіі звязаныя з усходняю культураю. Захапленне Усходам пачалося з Кітаю:

«Я паехаў у гэтую краіну аўтаспынам, калі яшчэ жыў у Беларусі. Да гэтага асабліва не цікавіўся ўсходняю культураю, былі толькі нейкія агульныя ўяўленні. Зладзіў сабе чэлендж. Падчас гэтага падарожжа ўсходняя культура вельмі мяне ўразіла і ў выніку паўплывала на мяне ды маю творчасць. Я паехаў па абмене ў Тайвань, Паўднёвую Карэю, рабіў працы і выставы, прысвечаныя Усходу. Пасля пачаў паглыблена вывучаць гісторыю ўсходняга мастацтва, цікавіцца карэйскім і японскім мастацтвам. Японскае мастацтва моцна паўплывала на сучаснае мастацтва – усіх мадэрністаў, ад імпрэсіяністаў і далей. Яно паўплывала на маіх любімых аўтараў – еўрапейскіх мастакоў. Я пастанавіў на сабе выпрабаваць японскі ўплыў, і калі з’явілася магчымасць паехаць у Японію, я, натуральна, яе не ўпусціў».

Ілля Ерашэвіч.
Фота: асабісты архіў

Апошнія два гады мастак жыве і вучыцца ў Японіі. Адзначае, што раней там кепска ведалі, што такое Беларусь:

«Ува ўсіх усходніх краінах, куды я прыязджаў вучыцца, калі казаў, што з Беларусі, 90 % маіх суразмоўцаў адказвалі, маўляў, о, ты мой першы беларускі знаёмы. Мала хто ведаў, што гэта за краіна і дзе яна».

Але ўсё пачало змяняцца пасля падзеяў мінулага лета ў Беларусі: пра нашую краіну пачалі ўсё больш распавядаць у японскіх медыях. Пік інфармацыйнай хвалі прыйшоўся на мінулы месяц, калі ўлады Беларусі пасадзілі ў Менску самалёт «Ryanair».

«У нацыянальных навінах, арыентаваных на ўнутранага спажыўца, пачала рэгулярна з’яўляцца інфармацыя пра Беларусь, журналісты рабілі вялікія рэпартажы. Японскае МЗС пастаянна выпускае звароты да беларускага ўраду пра тое, што трэба выконваць правы чалавека. Паўсюль выказваецца падтрымка беларусам і абурэнне дзеяннямі ўладаў», – адзначае мастак.

Пратэст нікуды не дзеўся

У Японіі на ўліку стаіць каля 300 беларусаў, 100 з якіх жывуць у Токіа. У дыяспары – 30 асобаў.

«Момант згуртавання ў дыяспары адбыўся пасля падзеяў жніўня мінулага года. Мы пазнаёміліся, пачалі абмяркоўваць навіны і падзеі ў Беларусі, што можам зрабіць са свайго боку», – кажа Ілля.

Летась усё пачалося яшчэ да выбараў. У Токіа пастанавілі не адкрываць для беларусаў участку для галасавання.

Выстава ў Токіа.
Фота: асабісты архіў

«Нашае выбарчае права проста праігнаравалі, хоць мы збіралі подпісы, звярталіся ў пасольства Беларусі ў Японіі. Спачатку намагаліся кантактаваць з беларускай амбасадай у Японіі. Калі ніякай рэакцыі не з’явілася, мы пачалі арганізоўваць пікеты насупраць пасольства, пісалі лісты японскім дыпламатам і міністрам. Не без дапамогі нашай дыяспары Алімпійскі камітэт прыняў санкцыі супраць Беларусі. Збіралі сродкі пацярпелым спартоўцам – правялі гучную акцыю, пра якую актыўна пісалі японскія СМІ», – згадвае Ілля.

Варта адзначыць выставу беларускага пратэставага мастацтва, якую Ілля зарганізаваў з сяброўкаю, натхніўшыся такімі выставамі ў іншых краінах. Гэтая экспазіцыя атрымала шырокую агалоску ў мясцовых медыях.

«Мы вырашылі паказаць свой погляд на падзеі ў Беларусі. Візуальнае мастацтва дае вельмі моцны эмацыйны пасыл, яно часта мацнейшае за словы. У першую чаргу яно падтрымлівае і натхняе людзей, якія ікнуцца да пераменаў, бо дае пачуццё згуртаванасці, еднасці. Мы рабілі выставу з мэтаю распаўсюдзіць інфармацыю пра падзеі ў Беларусі. Разам з тым выстава згуртавала нас самых, мела для нас тэрапеўтычны эфект. Гэта выплеск, які дае сілы верыць і спадзявацца на перамены, працягваць далей штосьці рабіць, лепш разумець, навошта мы гэта робім», – кажа мастак.

Падчас выставы беларуская дыяспара пісала лісты японскім дыпламатам і амбасадарам еўрапейскіх краінаў у Японіі. Яе наведаў амбасадар Літвы, прадстаўніца Чэхіі, Эстоніі, беларусы атрымалі ліст падтрымкі ад канадскага пасольства.

Акцыя ў Токіа.
Фота: асабісты архіў

Падчас выставы Ілля зладзіў перформанс.

«Гэта была сцяна, якая рэфлексавала падзеі, што адбываліся ў Беларусі, да і падчас выставы. Там былі адсылкі да сцяны на плошчы Пераменаў з графіці дыджэяў пераменаў, была адсылка да беларускага мастака Захара Кудзіна, які рабіў праект ЖКГ-арт – маляваў карціны, натхнёны замазанымі графіці ў Менску. Я такім жа чынам узнавіў у такійскай галерэі гэты працэс «намаляваў – замазаў – намаляваў паверх замазанага»: ствараў пратэставы арт праз наслаенні пратэставага графіці ды яго замазванне як сімвал барацьбы паміж пратэстам і ўладамі. Ідэя была ў тым, што слаі наслойваліся, але думкі, пратэст заставаліся на сцяне, нікуды не дзеліся, пратэст застаецца пад слаямі гэтай фарбы і заўсёды будзе жыць у людзях. Людзей можна запужаць, можна саджаць у турмы, забраць у іх голас, каб іх не было чутна, але ўнутры яны будуць несці свае ідэі, якія проста так не знішчыць, і рана ці позна гэтая фарба аблупіцца, гэтыя думкі выйдуць на свабоду», – распавядае Ілля.

Беларусы як ахвяра тэрарыста

Перформанс «з пятлёю на шыі» ён зладзіў у чэрвені, на цэнтральнай вуліцы Сібуі. Гэтае месца – у дзясятцы найвядомейшых у Токіа, побач самы шматлюдны ў свеце пешаходны пераход і помнік Хаціко.

«Мая акцыя сталася рэакцыяй на шэраг падзеяў у Беларусі: у калоніі памёр Вітольд Ашурак, скончыў жыццё самагубствам 18-гадовы Дзмітрый Стахоўскі, быў затрыманы Раман Пратасевіч, Сцяпан Латыпаў парэзаў сабе горла ў судзе. Усё адбылося адно за адным, я не ведаў, што мне з гэтым усім рабіць, нібыта трапіў у нейкі вакуум. У нашай дыяспары тады пастанавілі зрабіць перформанс на падтрыманне палітычных вязняў. Шмат хто кажа, што пасля прымусовай пасадкі самалёта Беларусь становіцца дзяржаваю-тэрарыстам. Тады ў мяне ўзнік вобраз для перформансу на аснове відэа з пакараннем смерцю, якія адпраўляюць тэрарысты. У маім уяўленні гэта вельмі дакладна адлюстроўвае сутнасць таго, што адбываецца ў Беларусі», – адзначае Ілля.

Малады мастак Ілля Ерашэвіч.
Фота: асабісты архіў

Акцыя для мастака пачалася за дзень да перформансу: удома ён услых зачытаў імёны 476 палітычных вязнаў.

«Пасля прачытання гэтых імёнаў я крыху па-іншаму на гэта паглядзеў, пераасэнсаваў. Я спачатку хацеў проста замотваць сабе горла, а пасля зразумеў, што іх трэба вызваляць. Таму ў канцы перформансу я перарэзаў вяроўку як сімвал таго, што гэтыя путы можна разрэзаць. На відэа бачна: так, гэта нялёгкая справа, займае час, часам удаецца зрэзаць па адной толькі пятлі, патроху, што гэта небяспечна, горла блізка і можна пашкодзіць сабе, могуць быць ахвяры, але разам з тым мы можам гэта рабіць, і гэта трэба рабіць. Гэты перформанс быў важны для мяне як тэрапія, бо я не мог нічога сказаць, на галаве быў мяшок, у вушах гучалі імёны вязняў, і ўся канцэнтрацыя сышла ўнутр. Пасля мне казалі, што людзі побач прыпыняліся, былі шакаваныя, ніхто не чакаў пабачыць на цэнтральнай вуліцы падобнае. Гэтую акцыю асвятлялі японскія журналісты, і нам удалося зноўку нагадаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі», – кажа мастак.

У Японіі ёсць разуменне таго, што кожны чалавек мае права выказваць сваю пазіцыю, мае права на пратэст, маніфестацыю. Калі ты падаешся, каб зрабіць акцыю, табе мусяць дазволіць і даць нейкае месца для гэтага. Тут усё нашмат прасцей, чым у Беларусі.

«У нашай дыяспары ніколі не ўзнікала праблемаў з гэтым, заўсёды давалі месца для нашых акцыяў. Калі гэта было не тое месца, якое мы хацелі, то альтэрнатыва заўсёды была ніколькі не горшая. У выпадку з маім перформансам мы спачатку падаваліся, каб зрабіць акцыю ў парку. Там не ўдалося, нам прапанавалі месцы ў Сібуі, якое аказалася яшчэ лепшым», – адзначае Ілля.

Акцыя беларусаў у Токіа.
Фота: асабісты архіў

Надзея і вера ў вяртанне

Раней палітыка не прасочвалася ў творчасць мастака, хоць ён і не можа сказаць, што наагул ёю не цікавіўся:

«Палітыка – гэта тая рэч, якая прысутнічае ў кожным пункце нашага жыцця. Таму яна была ў маім жыцці, але не адлюстроўвалася ў творчасці. Падзеі мінулага года былі настолькі інтэнсіўныя і моцныя, што як плаціну прарвала, гэтая плынь уварвалася ў маю штодзённасць. Большую частку маіх думак займалі менавіта падзеі ў Беларусі. Таму я вырашыў гэта ўсё перажываць і выказваць праз творчасць, ілюстрацыю. Калі я стварыў працу «Голы кароль» і яна пайшла жыць самастойна па сацсетках і вуліцах Менску, тады адчуў вельмі моцныя перажыванні. Гэтая праца стала маёй візітоўкаю».

На думку Іллі, мастацтва часткова эгаістычнае. Людзі, якія ствараюць мастацтва, шмат у чым ствараюць яго для сябе, бо яны не могуць гэтага не рабіць. Гэта іхны спосаб самавыражэння. Але творчыя людзі таксама могуць стамляцца ад пэўных тэмаў.

«Я, напрыклад, не адчуваю ў сабе больш сілы ствараць працы на пратэставую тэму. Але знайшоў выражэнне ў перформансах ды інсталяцыях, цяпер мне гэта бліжэй. Мастацтва робіцца асабістаю тэрапіяй для мастака, і калі гэтыя перажыванні ды эмоцыі, якія ён выражае, супадаюць з перажываннямі гледача, гэта мае найбольшы эфект», – перакананы Ілля.

Раней мастак прыязджаў у Беларусь раз ці два за год. Праз пандэмію з самога свайго прыезду ў Японію ён яшчэ не быў удома, і калі апынецца – невядома.

«Вельмі хочацца ў Беларусь. У мяне была туга па доме, вельмі парываўся, асабліва пасля жнівеньскіх падзеяў, прыляцець у Беларусь. Вельмі хочацца вярнуцца. Калі я толькі пераехаў за мяжу, я, пэўна, як і шмат хто, думаў пра тое, што вось цяпер буду жыць свабодна ў вольнай краіне. Было мала веры, што ў Беларусі могуць хутка адбыцца перамены. Чым даўжэй я жыў за мяжою, тым больш разумеў, што Беларусь – гэта тое, да чаго ляжыць маё сэрца. І я не сустрэў тут яшчэ ніводнага беларуса, які не сказаў бы, што ў выпадку перамогі – так, абавязкова вяртаемся ў Беларусь. Ёсць вялікая надзея і вера ў вяртанне», – адзначае Ілля.

Саша Праўдзіна, belsat.eu

Стужка навінаў