Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 21 траўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 21 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Наступствы артылерыйскіх і ракетных абстрэлаў у адной з вёсак у Нікалаеўскай вобласці, Украіна. 20 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Паводле аператыўных звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 28 850 чалавек забітымі. За мінулыя содні ўкраінскія вайскоўцы адбілі 11 расейскіх атак на Данецкім і Луганскім напрамках, мэтай якіх было ўсталяванне кантролю над тэрыторыямі адпаведных вобласцяў. Пры гэтым адзначаецца, што расейцы працягваюць абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі па ўсёй лініі сутыкнення.

Разам з тым у Міністэрстве абароны РФ заявілі аб усталяванні поўнага кантролю над тэрыторыяй «Азоўсталі». Паводле расейскага боку, у палон трапілі 2439 украінскіх вайскоўцаў, якія трымалі абарону на заводзе, у тым ліку камандзір палка «Азоў». Уладзімір Зяленскі пацвердзіў інфармацыю пра вывад украінскіх байцоў з тэрыторыі «Азоўсталі».

Джо Байдэн падпісаў законапраект аб выдзяленні $ 40 мільярдаў дапамогі Украіне. Дадзеныя сродкі будуць размеркаваныя наступным чынам: 6 мільярдаў пойдуць на пастаўкі зброі Украіне, 6 – на навучанне, абсталяванне і ўзбраенне ваенных, 8,7 – для папаўнення запасаў амерыканскай зброі, 3,9 – для дапамогі Еўрапейскаму камандаванню ўзброеных сіл ЗША, 5 – для вырашэння праблемы глабальнага харчовага крызісу, выкліканага вайной ва Украіне, 9 – для эканамічнай дапамогі Кіеву, яшчэ 900 мільёнаў пойдуць на падтрымку ўкраінскіх бежанцаў.

Кіраўніца МЗС Вялікай Брытаніі Ліз Трас заявіла пра жаданне краіны ўзброіць паводле стандартаў NATO не толькі Украіну, але і іншыя дзяржавы, якім пагражае Расея, у прыватнасці Малдову. Паводле яе, анансаваны пераход Збройных сілаў Украіны на заходнія калібры адпавядае канцэпцыі «стрымлівання шляхам недапушчэння», у выніку чаго ЗСУ павінны стаць настолькі моцнымі, каб Расея не вырашылася на паўторнае ўварванне праз некалькі гадоў.

Мужчына стаіць у сховішчы пад абстрэленай школай у адной з вёсак у Мікалаеўскай вобласці, Украіна. 20 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў стварыць міжнародны механізм, што дазволіць канфіскоўваць актывы Расеі для кампенсацыі шкоды, нанесенай Украіне падчас вайны, а таксама спецыяльную міжнародную камісію, што будзе разглядаць пазовы ад фізічных і юрыдычных асобаў. Паводле Зяленскага, такім чынам Расея б магла адчуць «сапраўдную вагу кожнай ракеты, кожнай бомбы і кожнага снарада», выпушчаных па Украіне.

Разам з тым у самой Украіне ўжо арыштавалі актывы беларускіх і расейскіх уладальнікаў на суму $ 900 мільёнаў.

21 траўня беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага абвясціў пра стварэнне аднайменнага палка, які будзе складацца з двух батальёнаў – «Ліцвін» і «Волат». Прычыны такіх зменаў у першую чаргу тлумачацца колькасным павелічэннем складу «каліноўцаў», якія цяпер ваююць на баку Украіны.

Аналітыка
«Здача ў палон» ці абмен? Маці і жонкі абаронцаў «Азоўсталі» застаюцца ў няведанні і баяцца расстрэлаў
2022.05.21 11:57

ВK belsat.eu

Стужка навінаў