У Светлагорску на рамонт будынку суду аддадуць $ 2,5 млн


У будынку суда Светлагорскага раёну пачынаецца маштабная рэканструкцыя агульным коштам у больш як Br 6 млн. Пакуль жа судовыя пасяджэнні будуць праходзіць у адным з карпусоў былога ПТВ-50, паведамляе «Ранак».

Будынак суду ў Светлагорскім раёне.
Фота: ranak.me

У выніку рамонту пабудаваны ў 1976 годзе будынак павінен будзе істотна вырасці ўверх і раздацца ўшыркі. Таксама на тэрыторыі суда з’явіцца гараж боксавага тыпу на адзін аўтамабіль.

Згодна з праектам, вакол суда дэмантуюць усю агароджу, у тым ліку дэкаратыўную. А замест цяперашняй агароджы з сеткі-рабіцы службовую зону суда агародзяць глухімі жалезабетоннымі панэлямі. Таксама з боку вуліцы Леніна зʼявіцца дэкаратыўная металічная агароджа з брамкай. Каля будынку здымуць увесь асфальт, прыбяруць пакрыццё тратуара, замяніўшы яго бетоннай пліткай.

Ад цяперашняга двухпавярховага будынку, што мае паўнавартасны падземны паверх, пакінуць толькі вонкавыя сцены, падымуць вышыню падземнага паверху і надбудуюць трэці. Таксама плануецца прыбудаваць вялізнае трохпавярховае крыло. Таксама ў будынку суду з’явіцца ліфт.

Праектам прадугледжваецца абсталяванне абʼекта сродкамі тэлевізійнай сістэмы відэаназірання з устаноўкай 13 вонкавых і 52 унутраных відэакамер з убудаваным пражэктарам, устаноўка дадатковых відэарэгістратараў. Памяшканні суда разлічаны на працу тут 32 супрацоўнікаў.

План рамонту будынку суду ў Светлагорскім раёне.
Фота: ranak.me

Цэнтральны ўваход будынку ўвянчае казырок з «фальцавым пакрыццём з ацынкаванай сталі з палімерным пакрыццём, з зашыўкай кампазітнымі алюмініевымі панэлямі па металічным каркасе» і вялікімі літарамі СУД СВЯТЛАГОРСКАГА РАЁНУ. Таксама на фасада будынку з’явіцца намаляваная Феміда і афіцыйныя сімвалы Беларусі.

Работы па рэканструкцыі павінны пачацца 23 траўня і працягнуцца па канец чэрвеня 2023 года. Кошт рамонту – Br 6 156 942,17 рублёў, або амаль $ 2,5 млн.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў