«Сябе ў лік Бога ўзвысілі». Мэр Бучы патлумачыў забойствы гараджанаў беспакаранасцю РФ за ранейшыя злачынствы


Амаль усе забітыя расейскімі акупантамі ў Бучы былі мірнымі жыхарамі. Пра гэта ў эфіры «Студыі «Белсат» заявіў мэр прадмесця ўкраінскай сталіцы Анатолій Фэдарук.

«Гэта мірныя жыхары, якіх мы ведалі. Горад невялікі. І мы практычна кожнага, хто быў па-зверску забіты расейскімі акупантамі, ведалі, сустракалі, размаўлялі», – заявіў ён.

Паводле Анатолія Фэдарука, 97 % целаў забітых – жыхары Бучы, рэшта – жыхары суседніх паселішчаў. Пры гэтым у 93 % забітых зафіксаваныя кулявыя раны.

«Расейскія акупанты свядома расстрэльвалі мірных грамадзянаў. Гэта не аскепкавыя, гэта не ўдушша ад завалаў. Гэта забойства, гэта генацыд», – падкрэсліў мэр гораду.

Анатолій Фэдарук дадаў, што ў Бучы не было вайсковых сілаў. І з 419 забітых толькі трое, прычым значна раней, служылі ў Збройных сілах Украіны.

Прычыны вайсковых злачынстваў расейскіх войскаў мэр Бучы патлумачыў тым, што «ім сыходзілі з рук мінулыя злачынствы, якія яны раней чынілі на ўсходзе нашай дзяржавы, на Паўночным Каўказе».

«Яны праз сваю прапаганду сябе ўжо ў лік Госпада Бога, маючы аўтамат і зброю, узвысілі», – падкрэсліў Анатолій Фэдарук.

Пры гэтым ён дадаў, што кожны эпізод расследуецца дакладна, і ўсе матэрыялы будуць абавязкова пададзеныя ў Вайсковы трыбунал.

ВІДЭА
«New York Times» апублікавала новае расследаванне аб ваенных злачынствах у Бучы
2022.05.20 15:23

Газета «The New York Times» апублікавала падрабязнае расследаванне аб забойствах расейскімі вайскоўцамі жыхароў гораду Буча. Журналісты выдання здабылі запісы мясцовых відэакамераў і падзяліліся расказамі непасрэдных сведак падзеяў.

Аўтары публікацыі пішуць, што ім удалося даказаць расстрэл васьмі мужчынаў, большасць з якіх служылі ў мясцовай тэрытарыяльнай абароне, але былі захопленыя войскам РФ без зброі і забітыя. Газета здабыла кадры з камераў вонкавага назірання, на якіх бачна, як расейскія вайскоўцы 4 сакавіка вядуць дзевяць чалавек ланцужком. Пасля гэтага відэа абрываецца.

Пра расстрэл мясцовых жыхароў «New York Times» распавялі восем сведак, у тым ліку адзін з мужчынаў, якіх павялі і расстралялі расейцы. Яму ўдалося выжыць, бо куля не закранула жыццёва важных органаў. Ён прыкінуўся мёртвым і ўцёк пасля таго, як вайскоўцы сышлі.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў