САЗ склікае тэрміновую нараду праз успышку новай хваробы ў Еўропе. Што вядома


Сусветная арганізацыя здароўя (САЗ) збіраецца правесці экстраную нараду для абмеркавання малпавай воспы. Ужо зарэгістравана больш як 100 хворых. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы.

Малпа.
Фота: Aaron Logan / lightmatterphotography.com

У нарадзе прыме ўдзел група STAG-IH, што кансультуе САЗ пра інфекцыйныя рызыкі, якія могуць уяўляць пагрозу для глабальнай аховы здароўя.

Малпавая воспа: што вядома

Паводле звестак на сайце САЗ, упершыню арганізацыю паінфармавалі аб новым захворванні 7 траўня – тады ў Вялікую Брытанію з Нігерыі прыехаў чалавек, заражаны воспай. З таго моманту новыя выпадкі захворвання сталі фіксаваць і ў іншых краінах. Праз тыдзень, 16 траўня, лекары выявілі яшчэ чацвярых хворых. Усе яны прадстаўнікі секс-меншасцяў.

Паводле portugal.com, ідэнтычныя выпадкі распаўсюду воспы ёсць і ў Партугаліі. Колькасць хворых сягае ад 5 да 20 чалавек. Усе інфікаваныя – мужчыны, што стаяць на ўліку ў клініках па лячэнні ЗППП.

Трэцяй краінай, якая прызнала наяўнасць заражаных малпавай воспай, стала Іспанія. Паводле іспанскіх медыкаў, вірус перадаваўся праз пацалунак.

Таксама апошнія новыя выпадкі былі зарэгістраваныя ў Францыі, Італіі, Швецыі і Аўстраліі. Пад падазрэнне таксама патрапілі Нямеччына, ЗША і Канада.

Што за малпавая воспа

Гэты від воспы перадаецца чалавеку ад жывёлін, найболей верагодна – ад грызуноў і прыматаў. Сустракаецца, у асноўным, у аддаленых раёнах Цэнтральнай і Заходняй Афрыкі. Вакцыны ці лекаў ад малпавай воспы няма, але лекары сцвярджаюць, што рэгулярная вакцынацыя ад натуральнай воспы змяншае рызыку заражэння воспай малпаў.

Тры асноўных сімптомы малпавай воспы:

  • ліхаманка;
  • характэрны сып на целе;
  • пухіры.

У большасці выпадкаў захворванне праходзіць у лёгкай форме і знікае самастойна за некалькі тыдняў. Часам назіраецца і цяжкае працягу хваробы, дзе працэнт смерці вар’іруецца ад 1 да 15%. Найбольш складана пераносяць гэта захворванне дзеці.

Малпы воспа перадаецца кантактным і паветрана-кропельным шляхам, але для заражэння неабходны цесны кантакт з хворым чалавекам.

Каб знізіць рызыку захворвання, САЗ рэкамендуе:

  • пазбягаць кантактаў з хворымі прыматамі;
  • устрымлівацца ад ужывання ў ежу мяса дзікіх жывёлін;
  • рэгулярна праводзіць санітарную апрацоўку рук;
  • выконваць асабістую гігіену;
  • засцерагацца падчас палавога акта;
  • цесна не кантактаваць з незнаёмымі людзьмі ці вандроўцамі.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў