«Хто б мог падумаць, што звычайны хлопец стане легендай». Сёння – гадавіна смерці Вітольда Ашурка


Мінуў год, як у шклоўскай калоніі № 17 пры нявысветленых акалічнасцях памёр палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Афіцыйная прычына – спыненне сэрца, хоць сваякі кажуць, што да зняволення на здароўе Вітольд не скардзіўся. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і да гэтага часу не завёў крымінальнай справы.

Прысуд Вітольду 5 гадоў калоніі, які абурыў прысутных, і рэпрэсіі за воклічы ў зале лідскага суда «Ганьба! Верым, можам, пераможам!». Дзіўнае відэа падзенняў Вітольда ў ШІЗА, якое нібыта мусіла апраўдаць супрацоўнікаў калоніі, але выклікала яшчэ больш пытанняў і хутчэй выглядала як прызнанне ад СК. Схуднелае цела ў труне і самае вялікае пахаванне, якое бачыла Бярозаўка. Сілавікі, якія сачылі за Вітольдам нават пасля ягонай смерці, пільнаваўшы 10 дзён магілу, і згадкі ў інтэрнэце.

21 траўня, дзень смерці Вітольда Ашурка, беларускія праваабаронцы абвясцілі Днём палітвязня.

Аналітыка
Дзень палітвязня ў Беларусі: лічбы і факты
2022.05.21 14:32

Хто такі Вітольд Ашурак

Вітольд – вядомы актывіст з Бярозаўкі, сябра Партыі БНФ, каардынатар руху «За свабоду». Не раз балатаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парламент. Палітыкай Вітольд зацікавіўся ў 40 гадоў, пасля таго, як з’ездзіў на Плошчу-2010. Тады ён атрымаў свой першы 12-дзённы арышт. А калі вызваліўся, уступіў у Партыю БНФ. Вітольд змагаўся супраць шкоднай вытворчасці шклаваты.

Вітольд Ашурак.
Фота: Рух «За Свабоду» / Facebook

Што здарылася 21 траўня ў шклоўскай калоніі?

Крымінальную справу супраць Вітольда распачалі ў жніўні 2020-га за паслявыбарчыя падзеі. Суддзя Лідскага раёну Максім Філатаў у закрытым рэжыме асудзіў Вітольда да пяці гадоў зняволення. Адбываць тэрмін актывіста накіравалі ў шклоўскую калонію. 21 траўня 2021 года ён памёр. Яму было 50 гадоў.

Праз некалькі дзён цела Вітольда з забінтаванай да самага кончыка носу галавой перадалі родным. Ім паведамілі, што цела выранілі пры выгрузцы з халадзільніка. У гэты ж дзень Следчы камітэт апублікаваў відэа з камеры назірання (як мяркуецца, размешчанай у штрафным ізалятары). На відэа з прыкметамі мантажу бачныя два спантанныя падзенні Вітольда Ашурка. У ведамстве заявілі, што Вітольд не скардзіўся на здароўе і адмаўляўся ад дапамогі ды шпіталізацыі. У пасведчанні аб смерці, выдадзеным сваякам, прычына смерці не была пазначаная. Праверка па факце смерці Вітольда Ашурка працягваецца да гэтага часу. За год так і не былі праведзеныя і падрыхтаваныя экспертызы, не ўзбуджаная крымінальная справа.

Замест справы па факце смерці Вітольда – крымінальны пераслед за воклічы «Ганьба!»

«Справа ўсё на тым жа этапе, што і год таму, ніякіх зрухаў няма. Напачатку я кожны тыдзень тэлефанаваў падпалкоўніку Паўлу Старыкаву са Следчага камітэту Магілёва з пытаннямі наконт ходы справы. Але ён увесь час мне адказваў: экспертызы не гатовыя, няма чаго сказаць. Апошняя нашая размова адбылася 6 жніўня, я задаў некалькі нязручных пытанняў, пасля чаго сувязь з ім цалкам перарвалася. Тады я даслаў запыты ў пракуратуру і Следчы камітэт Магілёўскай вобласці. Мне прыйшла адпіска, што мой запыт быў перанакіраваны ў Генеральную пракуратуру, а са Следчага камітэту – што я не маю права атрымаць матэрыялы праверкі. Прайшоў год, праверка толькі на паперы, усе тэрміны па ўсіх экспертызах даўным-даўно ўжо выйшлі, усё спускаюць на тармазах», – кажа ў гутарцы з «Белсатам» родны брат Вітольда Ашурка Андрэй.

Андрей Ашурок, брат Витольда Ашурка, который умер в Шкловской колонии при неопределенных обстоятельствах, был вынужден срочно уехать в из Беларуси
Андрэй Ашурак, брат актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка. Варшава, Польшча. 24 снежня 2021 года.
Фота: ЯМ / Белсат

Замест справы па факце смерці Вітольда пракуратура Гарадзенскай вобласці распачала крымінальную справу супраць людзей, якія прыйшлі падтрымаць актывіста на суд у дзень абвяшчэння прысуду. Справа была заведзеная паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу («Хуліганства, здзейсненае групай асобаў»). Падазраваныя – усе, хто прысутнічаў у студзені 2021 года падчас абвяшчэння прысуду Вітольду Ашурку, быў абураны выракам і скандаваў «Ганьба!», «Верым, можам, пераможам!», у тым ліку сябры і брат Вітольда. Праз гэта яны вымушаныя былі з’ехаць з Беларусі.

Са словаў Андрэя, справу аб хуліганстве прыпынілі трэці раз, але ён не выключае, што яе могуць ізноў аднавіць.

«Я не планаваў з’язджаць. У мяне нават візы не было. Але абставіны склаліся так, што давялося. Мне паведамілі, што мяне могуць пасадзіць. Я параіўся з роднымі, маці і жонкай, і яны пераканалі з’ехаць у Польшчу», – узгадвае Андрэй Ашурак.

Маці Вітольда і Андрэя засталася ў Беларусі.

«Ёй цяпер, вядома, цяжка, улічваючы ейны ўзрост: 13 траўня ёй споўнілася 84 гады. Але мама настроеная рашуча, кажа, хоць да 102 гадоў будзе жыць, але дачакаецца нас», – кажа Андрэй.

Час збіраць сведчанні аб злачынствах рэжыму

Са словаў Андрэя, нягледзячы на ад’езд і абмежаваныя магчымасці ён і сябры Вітольда робіць усё, каб крымінальная справа па факце ягонай смерці ў калоніі была распачатая, а вінаватыя былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.

«Дамагчыся ўзбуджэння крымінальнай справы на дадзены момант немагчыма. Адзінае, што мы можам рабіць, гэта збіраць і акумуляваць усю інфармацыю, імёны асобаў, якія былі да гэтага датычныя. І не толькі аб справе Вітольда, але і аб іншых злачынствах рэжыму. Каб тады, калі прыйдзе час, гэта былі гатовыя крымінальныя справы.

Я веру ў тое, што злачынцы будуць знойдзеныя і пакараныя. Хаця б на той падставе, што ў кожнага злачынства ёсць сведкі, улічваючы карніцкую дзяржаўную сістэму, калі на кожнага заводзіцца асобная тэчка з кампраматам. Ды і ў органах ёсць яшчэ людзі, здольныя на добрыя ўчынкі, яны будуць служыць свайму народу», – адзначае Андрэй.

«Калі кожны з нас будзе даставаць маленькі каменьчык з гэтага муру, ён урэшце рухне»

Тое, што праваабаронцы абвесцілі дзень смерці Вітольда Днём палітвязня, ён лічыць сімвалічным. «Я разумею, што ўлады і раней забівалі людзей: узгадаем Тарайкоўскага, Бандарэнку, Шутава, іншых. Але тут атрымаўся нонсэнс: вы арыштавалі чалавека, далі 5 гадоў турмы і забілі яго. Няўжо нават у турме ён быў для вас такі небяспечны?

Аналітыка
Чые смерці ў 2021 годзе звязаныя з палітыкай дзяржаўнага тэрору ў Беларусі
2021.10.13 18:02

Смерць блізкага чалавека нішто не можа паправіць і палегчыць, нават знакі глыбокай салідарнасці. Але, як казаў Вітольд пасля прысуду, тое, што яму далі 5 гадоў, гэта адзнака «выдатна» ягонай дзейнасці. А тое, што Дзень палітвязня зрабілі 21 траўня, гэта адзнака «выдатна» ўсяму ягонаму жыццю», – разважае Андрэй Ашурак.

Ён адзначае, што ў гэты дзень усе неабыякавыя беларусы будуць узгадваць не толькі Вітольда і тых, хто загінуў, але ўсіх палітвязняў, якія застаюцца за кратамі.

«Тысячы людзей сядзяць у турмах за нашу свабоду. Мы павінны памятаць пра іх не толькі ў гэты дзень, але ўвесь час, бараніць і нагадваць пра іх усімі магчымымі сродкамі. Няхай у кагосьці невялікія магчымасці – проста напішы ліст, падтрымай. Калі кожны з нас будзе рабіць хоць штосьці, няхай маленькае, даставаць маленькі каменьчык з гэтага муру, ён урэшце рухне», – перакананы Андрэй Ашурак.

Крыжы ў гонар невядомых паўстанцаў 1863 года. Адным з ініцыятараў ушанавання быў Вітольд Ашурак. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат

Вайна ва Украіне адсунула на задні план тэму палітвязняў, рэпрэсіяў і злачынстваў рэжыму ў Беларусі.

«Расея знішчае ўкраінцаў як народ, таму зразумела, што гэта сёння на парадку дня ўсяго свету. Але мы павінны працягваць казаць пра злачынствы, катаванні, рэпрэсіі, якія ў нас адбываюцца. Дапамагаць украінцам усім, чым можна, даводзіць, што гэта мы – Беларусь, а не тыя, хто сядзіць у Драздах. Але пры гэтым не забывацца і пра свае праблемы, казаць пра іх паўсюль, усімі даступнымі шляхамі. Я веру ў нашую перамогу, бо ніколі зло не перамагала дабра», – перакананы Андрэй Ашурак.

Ён адзначае велізарную салідарнасць беларусаў.

«Як казаў Вітольд, беларус беларусу беларус, дзе б мы ні былі. Кожны беларус табе сябра, бо ты таксама беларус.

Хто б мог падумаць, што звычайны хлопец стане легендай, але так яно і бывае. Звычайныя людзі, у якіх ёсць мэта, у якіх ёсць унутраны стрыжань, якія ведаюць, чаго яны хочуць, аказваюцца ў трагічнай сітуацыі і робяць пэўны выбар. І пасля ён аказваецца самым правільным з усіх магчымых. Як бы цяжка ад гэтага ні было іншым. Вітольд свой выбар зрабіў: ці стаць легендай, ці здацца. Вітольд не здаўся. Малайчына, браток. Яны думалі, што яны яго забілі, а насамрэч яны зрабілі яго легендай. У будучыні яны будуць сядзець у турме, а Вітольд ужо стаў беларускім героем», – кажа Андрэй Ашурак.

Сябры Вітольда працягваюць збіраць матэрыялы і ўспаміны, звязаныя з ім. У «Фэйсбуку» ёсць адмысловая старонка, прысвечаная актывісту. Калі збярэцца крытычная маса матэрыялаў, плануецца запусціць сайт. Таксама ў планах выдаць кнігу, прысвечаную Вітольду. Магчыма, у новай Беларусі з’явіцца музей ягонай памяці. Экспанаты для яго таксама збіраюцца.

У гадавіну смерці палітвязня імша пройдзе ў родным горадзе Вітольда – Бярозаўцы. Таксама 21 траўня ў Беларускім доме ў Варшаве адбудуцца памятныя сустрэчы ў гонар Вітольда. Імша па Вітольду плануецца ў Варшаве ў нядзелю ў касцёле Святога Аляксандра – адправіць яе ксёндз Вячаслаў Барок.

Артыкулы
«Мама прасіла – хлопцы, не лезьце ў палітыку, пазабіваюць. Як у ваду глядзела». Размова з братам Вітольда Ашурка
2021.12.26 07:35

СП belsat.eu

Стужка навінаў