ГУБАЗіК затрымаў беларускамоўнага студэнта БДУ


«Наша Ніва» паведамляе пра затрыманне 21-гадовага студэнта БДУ Аляксандра Буйліцкага. Відэа з ім зʼявілася ў тэлеграм-канале ГУБАЗіКу.

Буйліцкі навучаўся на 4-м курсе спецыяльнасці «бізнес-адміністраванне» Інстытуту бізнесу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Вядома, што хлопец вучыўся вельмі добра. На ЦТ ён набраў 353 балы, не займаючыся з рэпетытарамі (хадзіў толькі на курсы матэматыкі). Таксама свядома абраў спецыяльнасць, рыхтуючыся паступаць больш як за год.

Аляксандр вёў беларускамоўны Twitter пад нікнэймам @BuyLitSky. Усе іншыя ягоныя старонкі ў сацсетках таксама вяліся па-беларуску.

На сайце БДУ хлопец сярод актывістаў студэнцкага саюзу Інстытуту бізнесу. Паведамляюць, што ён «арганізатар клубу інтэлектуальных гульняў «Ліга бізнесу».

Згодна з інфармацыяй ад сілавікоў, хлопца вылічылі праз арышт адміністратараў аднаго з чатаў. Яму інкрымінуюць два крымінальныя артыкулы, але не паведамляюць, якіх менавіта.

  • Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. За гэты час ува ўсёй краіне следчыя органы распачалі больш за 5000 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. На дзень 21 траўня 2022 года праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі 1204 асобы.
  • З лета 2020 года тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, каля 41 000 асобаў былі затрыманыя. Згодна з рознымі ацэнкамі, у выніку палітыкі дзяржаўнага тэрору загінулі ад 4 да 20 асобаў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы іншадумцаў да адказнасці нікога не прыцягнулі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў