ГУБАЗіК апублікаваў відэа з былым байцом «Азова», які ўжо 6 гадоў застаецца ў няволі


Тэлеграм-канал ГУБАЗіКу запісаў відэа з беларусам Станіславам Ганчаровым, які ў 2014–2016 гадах служыў у палку «Азоў». На відэа ён выбачаецца за свае татуяванні.

Даведка
Станіслаў Ганчароў.
Фота: Carl Zenner / VK.com

У роліку Станіслаў Ганчароў з’яўляецца ў турэмнай робе. Ён спакойна тлумачыць, што з красавіка 2016 года застаецца ў зняволенні. Кажа, што ў 2014–2016 гадах праходзіў службу ў «Азове» і ў той перыяд набіў сабе татуяванні, «якія можна назваць нацысцкімі, нацыяналістычнымі». З узростам, адзначыў Ганчароў, у яго з’явілася жаданне іх прыбраць, але ён не можа гэтага пакуль зрабіць, бо ў зняволенні цяпер. Ён таксама сказаў, што хоча папрасіць прабачэння перад людзьмі, якія калісьці ваявалі супраць фашызму.

Станіслава Ганчарова ГУБАЗіК затрымаў у Віцебску ў 2016 годзе. Сілавікі тады акцэнтавалі ўвагу на тым, што мужчына ваяваў на Данбасе ў шэрагах палка «Азоў» і ў яго нацысцкія тату (Станіслаў сапраўды мае татуяванні ў выглядзе свастыкі, лічбы 88, сімволікі дывізіі СС ды інш.) Але фармальна яго судзілі не за ўдзел у баявых дзеяннях, а за «зацятае хуліганства» і «распальванне нянавісці». 3 сакавіка 2017 года Віцебскі абласны суд пакараў Ганчарова 7 гадамі зняволення.

Навошта ГУБАЗіК запісаў гэтае відэа, ніяк не тлумачыцца. Былы добраахвотнік даўно ў зняволенні, ён не прызнаны палітычным вязнем і пра ягоны лёс медыі ўжо даўно не згадвалі. Імаверна, ГУБАЗіК захацеў правесці такую прапагандысцкую акцыю на фоне падзеяў з паланеннем байцоў «Азова», якія амаль тры месяцы гераічна абаранялі Марыупаль ад расейскай агрэсіі.

Аналітыка
Міфы і рэальнасць. Што трэба ведаць пра ўкраінскі полк «Азоў»
2022.05.18 18:25

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў