Дзень палітвязня ў Беларусі: лічбы і факты


Праваабарончы цэнтр «Вясна» абвясціў 21 траўня Днём палітвязня ў Беларусі. У гэты дзень год таму ў шклоўскай калоніі № 17 пры нявысветленых акалічнасцях памёр палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Праваабаронцы заклікаюць у гэты дзень згадаць Вітольда, выказаць салідарнасць з палітвязнямі Беларусі ды чарговы раз запатрабаваць ад уладаў іх вызвалення.

Чаму менавіта гэты дзень?

«Мы ў праваабарончай супольнасці абмяркоўвалі магчымасці ствараць дадатковыя нагоды, каб узгадваць пра палітвязняў, патрабаваць іх вызвалення. Выбіраючы дзень палітвязня, прыпыніліся менавіта на дне смерці ў калоніі Вітольда Ашурка. Мы хочам упісаць гэтую дату ў гісторыю тоўстым курсівам. Калі іншыя вязні выйдуць з турмаў і калоніяў ды згубяць статус палітычных, то Вітольд – не, ён застанецца палітвязнем назаўсёды. Ён памёр з жоўтай біркай на грудзях», – тлумачыць Дзіяна Пінчук, адна з лідарак «Вясны».

Паводле яе, беларусам трэба прамаўляць гучней, бо на фоне вайны ва Украіне галасы іх распыляюцца. Але гэта не значыць, што мы мусім маўчаць. Кожны дзень у Беларусі адбываюцца затрыманні, ператрусы, працягваюцца катаванні ў турмах і рэпрэсіі.

Лісты ад палітвязняў.
Фота: Белсат

Факты аб палітычных вязнях Беларусі

1. Лічбы. Сёння ў Беларусі рэкордная колькасць палітычных вязняў. На дзень 21 траўня іх налічваецца 1204 чалавекі. Амаль трэць зняволеных да гэтага часу не ведаюць, які вырак іх чакае – суда яшчэ не было.

Згодна інфармацыі ПЦ «Вясна», 87 % палітвязняў – мужчыны. 70 % палітвязняў атрымалі прысуд ад 9 месяцаў да 20 гадоў зняволення.

2. За кратамі – прадстаўнікі практычна ўсіх супольнасцяў беларускага грамадства: праваабаронцы, журналісты, актывісты, палітыкі, студэнты, рабочыя, былыя чыноўнікі, сілавікі, настаўнікі, філосафы, культурніцкія дзеячы, дактары, будаўнікі, навукоўцы ды іншыя. За ўдзел у акцыях пратэсту ў калоніі адпраўляюць шматдзетных маці, няпоўнагадовых, пенсіянераў і людзей з псіхічнымі хваробамі.

3. Самаму малодшаму палітвязню 18 гадоў. Гэта Мікіта Залатароў – хлопец, які хварэе на эпілепсію. Ён адбывае пакаранне ў выхаваўчай калоніі за падзеі жніўня 2020 года. Вядома, што там Мікіту рэгулярна змяшчаюць у штрафны ізалятар. Бацькі казалі, што яго збівалі ў СІЗА, выкарыстоўвалі электрашокер.

Мікіта Залатароў, Гомель. 22 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Мікіту судзілі двойчы. У лютым 2021 года яго прызналі вінаватым у парушэнні арт. 364 КК («Гвалт або пагроза выкарыстання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў») і абвесцілі вырак: пяць гадоў выхаваўчай калоніі. Але ў ліпені абвінавацілі ў збіцці супрацоўніка СІЗА. Агулам ягоны тэрмін склаў 4,5 года калоніі.

Адзначым, што са жніўня 2020 года рэжым Лукашэнкі кінуў за краты 11 падлеткаў, усе яны сустрэлі сваё 18-годдзе за кратамі.

Самы старэйшы палітвязень – Віталь Зарадзей. У чэрвені ў калоніі ён адзначыць свой 70-ы дзень нараджэння. Жыхара Берасця абвінавацілі ў абразе суддзяў і пазбавілі волі на два гады.

4. Пяць чалавек застаюцца за кратамі звыш за 600 дзён і дагэтуль чакаюць на суд.

Рэкардсмены:

Эдуард Бабарыка – сын Віктара Бабарыкі, кіраўнік ягонага выбарчага штабу. Быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам, калі ішоў у ЦВК здаваць сабраныя подпісы. Першае выстаўленае яму абвінавачванне датычыла ўхілення ад выплаты падаткаў і збораў (ч. 2 арт. 243 КК). Пасля да гэтага дадалося распальванне варожасці (ч. 3 арт. 130) і арганізацыя масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293). Эдуард застаецца за кратамі без суда амаль два гады, хоць гэта пярэчыць беларускаму заканадаўству. Праваабаронцы лічаць гэта асобнай формай катавання.

Віктар і Эдуард Бабарыкі. Фото: @viktarbabarykaofficial

Год і 9 месяцаў трымаюць за кратамі бізнесоўца ў сферы IT Іллю Шапаткоўскага. Ён браў актыўны ўдзел у працы выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і ўзначальваў аддзел верыфікацыі подпісаў. Быў адным з кіраўнікоў ініцыятывы «Сумленныя людзі». Затрымалі Іллю 4 жніўня 2020 года, спачатку яго абвінавачвалі паводле эканамічнага артыкулу, цяпер ён праходзіць паводле арт. 357 КК («Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя дзеля захопу дзяржаўнай улады»).

Марфа Рабкова – каардынатарка валанцёрскай службы «Вясны», праваабаронца. Была затрыманая 17 верасня 2020 года. Да затрымання Марфа разам з валанцёрамі «Вясны» вяла назіранне за правядзеннем мірных сходаў. Акрамя таго, Марфа дакументавала катаванні ды іншыя відаў жорсткага абыходжання з затрыманымі ўдзельнікамі акцыяў пратэсту.

25 красавіка 2022 года пачаўся суд. Дзяўчыну судзяць паводле 11 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, ёй паражае да 20 гадоў зняволення. За час перабывання пад вартай у Марфы моцна пагоршылася здароўе: яна двойчы хварэла COVID-19, у дзяўчыны сталі крышыцца зубы, пачалося запаленне. Пакуль Марфа была за кратамі, памерлі ейная бабуля і бацька. Развітацца з імі палітзняволенай не дазволілі.

Інсталяцыя з партрэтамі палітвязняў у беларускім Моладзевым хабе, дзе адкрылася выстава пратэснага мастацтва REBELarus. Варшава, Польшча. 19 лютага 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

5. Палітвязняў утрымліваюць у бесчалавечных умовах, збіваюць, катуюць і не надаюць неабходнай медычнай дапамогі.

Затрымліваюць палітвязняў паказальна жорстка, з выкарыстаннем сілы, збіваючы, а часам – і выкарыстоўваючы зброю.

Усіх палітвязняў за кратамі ставяць на прафілактычны ўлік як «схільных да экстрэмізму», а гэта азначае больш жорсткія ўмовы ўтрымання. Іх пазначаюць жоўтымі біркамі – гэтая практыка вядомая яшчэ з канцэнтрацыйных лагераў.

6. Практыка падвойных судоў.

У адносінах некаторых беларускіх палітвязняў, якія ўжо адбываюць пакаранне, заводзяць новыя крымінальныя справы. Напрыклад, за непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы ці за каментар у сацсетцы, фотаздымак з акцыі. Судзяць другі раз ды дадаюць тэрмін.

Кацярына Андрэева.
Фота: Белсат

Але ёсць і больш жорсткія абвінавачанні. Напрыклад, у экстрэмізме і нават здрадзе дзяржаве. Напрыклад, нядаўна новыя абвінавачанні выставілі былой журналістцы тэлеканалу «Белсат», палітзняволенай Кацярыне Андрэевай. У лютым 2021 года яе прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі за стрым з акцыі памяці загінулага Рамана Бандарэнкі. Андрэеву, якой да канца тэрміну заставалася пяць месяцаў, абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, за што ёй пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Яшчэ адзін суд прайшоў у справе Яўгена Маранца, якога прызналі вінаватым у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні ім». Раней за ўдзел у пратэстах яго асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму. Цяпер да папярэдняга тэрміну дадалі яшчэ год, узмацнілі жорсткасць умоваў утрымання – адбываць пакаранне Маранец будзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Артыкулы
Дар’я Лосік: У дзень вызвалення Ігара я паеду забяру яго і больш ніколі не адпушчу
2022.05.20 11:45

СП belsat.eu

Стужка навінаў